Экологический ракурс субботника

Экология

Невялічкая вёсачка Казьяне некалькі дзесяцігоддзяў таму была зусім іншай. У 70-80-я мінулага стагоддзя ў гэтым населеным пункце, які расцягнуўся на сотні метраў уздоўж берага маляўнічага возера Оталава, “нічыйных” зямель не існавала, а былі нават спрэчкі паміж суседзямі за метры сенажацей і межы агародаў – усё выкошвалася, аралася. А яшчэ ў вёсцы, як і ў дзясятках падобных у розных сельсаветах, дзейнічала невялічкая ферма. Зараз яе рэшткі пахаваны, а непрыемным “помнікам” на месцы жывёлагадоўчага аб’екта стаіць сцяна баршчэўніку.

Адсюль шкодная культура, якая калісьці выкарыстоўвалася як корм, хутка распаўсюдзілася па ўсёй вёсцы і захапіла наваколле, асобнымі палосамі спусціўшыся аж да возера. Лічаныя жыхары Казьяняў сцвярджаюць, што “захоп” адбываўся прапарцыянальна змяншэнню колькасці насельніцтва. І калі раней у вёсцы былі аазісы баршчэўніку, то зараз карціна адваротная – астраўкі нешматлікіх дагледжаных сядзіб у моры шкоднага пустазелля. Такой яна паўстала для ўдзельнікаў раённага суботніка – дапамагчы ў вызваленні вёскі прыехалі работнікі райвыканкама, раёна газазабеспячэння, вузла электрасувязі, рэдакцыі, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Узначаліў “дэсант” намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Вітальевіч Галяковіч.

Шчыра прызнацца, спачатку не ведалі, адкуль пачынаць, але паступова размеркаваліся абапал вуліцы – у ход ішлі косы, секачы і лапаты. Месцамі не перашкодзілі б і сякеры, бо сёлета баршчэўнік развіваецца гіперактыўна – асобныя расліны ўжо зацвітаюць, таму так важна знішчыць іх да ўтварэння насення. Адразу скажу, што за паўдня работы атраду ў складзе звыш дзясятка мужчын пераламаць сітуацыю карэнным чынам не ўдалося. Так, вёска папрыгажэла, месцамі нават стала відаць з дарогі возера, але ўручную справіцца з такімі плошчамі немагчыма.

Разумее гэта і старшыня Сарочынскага сельвыканкама. Людміла Яўгенаўна Птушка агучыла сваё бачанне па ачыстцы вёскі:

– Работы ўручную трэба сканцэнтраваць у месцах, дзе не пройдзе касілка. Ёсць дамоўленасць з кіраўніцтвам УП ЖКГ аб выдзяленні тэхнікі, вы ж бачыце, што па-іншаму нічога не атрымаецца. Праедзе трактар – потым трэба будзе дапрацоўваць косамі. Толькі так можна знішчыць увесь ачаг.

Дарэчы, менавіта пра такі, комплексны падыход да барацьбы з баршчэўнікам ішла гаворка на апошнім пазачарговым пасяджэнні райвыканкама, якое было праведзена па ініцыятыве намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама В.В.Аскеркі. І хаця сёлета ў раёне па знішчэнні і абмежаванні распаўсюджання шкоднай расліны зроблена ўжо больш, чым за ўвесь мінулы год, Віктар Вітальевіч падверг крытыцы арганізацыю работ. У першую чаргу – з-за адсутнасці скаардынаванага падыходу да праблемы ўсіх землекарыстальнікаў. Напрыклад, раён электрасетак рэгулярна выкошвае баршчэўнік пад сваімі лініямі электраперадач, якія праходзяць праз дарогі, палі і лясы. І рабіць гэта будзе да бясконцасці, бо на прылеглых да ліній угоддзях дзейсных мер па знішчэнні пустазелля не прымаюць дарожныя службы, сельгаспрадпрыемствы, работнікі лясной гаспадаркі. Таму і прыйшлося атраду пад кіраўніцтвам А.В.Галяковіча на зваротным шляху з Казьяняў спыніцца на трасе Р-29, каб ліквідаваць ачаг баршчэўніку. Дарожнікі да яго не дабраліся, не палічыў патрэбным праехаць лішні круг і трактарыст гаспадаркі, які касіў поле побач, а магчымасць для гэтага была. Між тым, як адзначыла начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Людміла Іванаўна Андрэйчык, няма нічыйнай зямлі. І прыкра было назіраць у тых жа Казьянях, як баршчэўнік вольна адчувае сябе ўсяго ў метры ад градак з цыбуляй ды агуркамі – людзі таксама павінны разумець, што і ім варта актыўна далучацца да барацьбы з зялёным захопнікам, хаця б у межах населеных пунктаў. Па словах аднаго з дачнікаў, ён “змагаўся” з былым старшынёй райвыканкама, будзе працягваць “нялёгкую барацьбу” і з цяперашнім. Яе сутнасць – у пастаянных тэлефанаваннях і патрабаваннях прыняцця мер па знішчэнні баршчэўніку. А вось накіраваць кіпучую энергію ў практычнае рэчышча і абкасіць тэрыторыю вакол дачы метраў на дзесяць мужчына не лічыць неабходным – “я яго тут не сеяў!”. Між тым, не рабілі гэтага і старшыні райвыканкама, сельвыканкамаў, іншыя адказныя асобы, якім зараз прыходзіцца змагацца з наступствамі няўдалага эксперыменту, і тыя дбайныя гаспадары, якія родным кутом лічаць не толькі ўласныя соткі, а і ўсю вёску…

Яшчэ адзін зводны атрад у час суботніка ваяваў з баршчэўнікам на вялікадолецкіх землях. У яго склад увайшлі прадстаўнікі сельвыканкама, ЖКГ і мясцовых лясніцтваў, рабочыя ад цэнтра занятасці. Дзякуючы іх намаганням ачышчаны тэрыторыі ў Вялікіх Дольцах і Касарах. Культработнікі і жанчыны з сельвыканкама прыводзілі ў парадак кветнікі аграгарадка.

У Ільюшыне, Вацлавове, Петухах знішчалі баршчэўнік работнікі мясцовага ўчастка УП ЖКГ, цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў райсельгасхарча, Ільюшынскага дзіцячага сада. Прычым, суботнік тут праводзіўся ў некалькі дзён: так, у панядзелак старшыню Жарскага сельвыканкама Святлану Цімафееўну Міхейку, у якой з гэтага тыдня пачаўся водпуск, давялося застаць у Вацлавове, дзе яна арганізоўвала работы па знішчэнні расліны.

Гербіцыдам апрацаваны ўчасткі ля трасы ад Двор Пліна да райцэнтра – гэта ўнёсак у агульную справу Ушацкага сельвыканкама. Асабліва хочацца адзначыць яго старшыню Міхаіла Пятровіча Хоміча, які выкарыстоўвае для грамадскіх работ набыты за ўласныя сродкі інвентар.

У Вяркудах работнікі сельвыканкама і старэйшыны ваявалі з зялёным агрэсарам механічным спосабам, а ў Дубраўцы абкошвалі цэнтральны парк і саджалку. Глыбачанскі працоўны дэсант наводзіў парадак на ўездзе ў аграгарадок, сарочынскі – у цэнтры вёскі, а кублічане накіравалі свае сілы ў Бычкі, дзе працавалі на сядзібе Васіля Быкава і мясцовых могілках.

У плане мерапрыемстваў суботніка значыўся і яшчэ адзін важны напрамак дзеянняў. Мы ўжо расказвалі, што з 1 чэрвеня ў раёне праходзіць месячнік па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў, які павінен паспрыяць выкананню даведзеных раёну планаў. 20 работнікаў розных службаў УП ЖКГ накіраваліся ў суботу на палігон цвёрдых бытавых адходаў ля Лутава, дзе вымалі са смецця каштоўныя рэсурсы. У выніку было нарыхтавана каля 200 кілаграмаў макулатуры, паўтоны шклабою, 150 кілаграмаў ПЭТ-бутэлек.

– Збор і выкарыстанне другасных матэрыяльных рэсурсаў – стратэгічная для нашай краіны задача. Ушацкаму камунальнаму прадпрыемству даведзены вялікі дзяржзаказ па здачы адходаў шкла, паперы і кардону, заданні па іншых відах сыравіны, і нашы работнікі пастараліся плённа папрацаваць на палігоне падчас суботніка, пастаянна задзейнічана на гэтым працэсе брыгада камунальнікаў і ў звычайныя дні, – расказвае майстар участка цвёрдых бытавых адходаў Дзмітрый Паўлавіч Станкевіч. – Але, канечне, без дапамогі насельніцтва нам адным справіцца з заданнямі немагчыма, а таму хачу ў чарговы траз нагадаць ушачанам пра неабходнасць сартаваць смецце, здаваць другасныя рэсурсы на прыёмныя пункты. Гэта ў нашых з вамі інтарэсах! Так, сабраная макулатура накіруецца на перапрацоўку на папяровую фабрыку ў Чашніках, шклабой стане сыравінай для мінскага завода, магутнасці якога дазваляюць перапрацоўваць 25 тон у гадзіну і эканоміць значныя матэрыяльныя і прыродныя рэсурсы. Рэальную карысць прынясе і ПЭТ-тара, якую мы адправім на Наваполацкі біямеханічны завод: пасля перапрацоўкі яна стане кампанентам тратуарнай пліткі. І немалаважна, што нарыхтоўка другасных рэсурсаў змяншае колькасць смецця на палігонах, а значыць, робіць наш раён больш чыстым!

Д.Раманоўскі, Н.Багдановіч.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *