Когда растут возле могил деревья. Читатель поднимает проблему

Читатель поднимает проблему

“На могілках у Кублічах пахаваны ўсе нашы родныя. Побач з магіламі растуць тры бярозы, адна з іх вельмі вялікая, і калі заваліцца, то пашкодзіць помнікі і агароджу. Неаднойчы звярталіся ў мясцовы сельсавет з просьбай выдаліць іх, нам адказвалі, што патрэбны кран з пад’ёмнікам і гэта дорага. Самім не справіцца, ужо па 70 год, ды і могілкі – месца грамадскае. Спадзяёмся на дапамогу рэдакцыі, паколькі не ведаем, што будзем рабіць, калі бяроза паб’е абеліскі. Мяркуем, што праблему можна вырашыць на мясцовым узроўні.”

Гэты ліст у рэдакцыю даслалі нашы чытачы І.Жаваранак, Л.Ушкурава, В.Быкава і К.Кандрацкая. Можна адзначыць, што гэта адно з самых распаўсюджаных пытанняў, з якім звяртаюцца жыхары многіх населеных пунктаў. Практычна ўсе могілкі раёна старажытныя, пахаванні, як правіла, рабіліся ў сасонніках ці ўзлесках, ды і самі людзі садзілі ля магіл дрэвы, якія з часам сталі пагрозай для помнікаў і агароджаў.

Зразумела, ліст мы пераадрасавалі старшыні Кубліцкага сельвыканкама М.В.Ярмош, у чыёй кампетэнцыі і знаходзіцца пытанне.

Марыя Васільеўна хоць зусім нядаўна і абследавала літаральна ўсе могілкі, што знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета і вызначала першачарговыя па навядзенні парадку і выдаленні аварыйных дрэў, аднак наведала кубліцкія ў чарговы раз і дала нам наступны адказ.

“Бярозы, пра якія ідзе гаворка ў лісце, не з’яўляюцца аварыйнымі, аб чым спецыялістам па ахове лесу Ушацкага лясгаса І.Шугалеем складзены адпаведны акт. Таму і выдаляцца пакуль не будуць. Больш таго, рабіць гэтага нельга і самім грамадзянам, калі б яны знайшлі сродкі і арганізацыю, якая б пагадзілася выканаць гэтыя спецыялізаваныя і вельмі дарагія работы. Сельвыканкам выдаляе аварыйныя дрэвы, нядаўна гэта зроблена на месцы пахавання продкаў у Мажуйках, будзем працягваць і далей, у тым ліку і за сродкі самаабкладання, як у прыведзеным вышэй выпадку. Аднак паўтару, што спілоўваюцца сухія дрэвы, што афіцыйна прызнаны аварыйнымі. Жанчынам жа, што пісалі ліст, каб не хвалявацца наконт помнікаў, можна параіць застрахаваць іх. Тады ў выпадку буры ці іншых наступстваў, калі на агароджу ці абеліск паваліцца дрэва, яны атрымаюць кампенсацыю. Таксама хачу нагадаць, што зараз наогул забаронена пасадка дрэў ля магіл”.

Падрыхтавала Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *