Зінаіда Іванаўна Шаманская адна з нямногіх швачак-старажылаў ААТ “Прамкамбінат”, якая дагэтуль яшчэ не ўдастойвалася права прадстаўляць свой калектыў на раённай Дошцы гонару. І нават цяпер, калі яе праца высока адзначана, сціплая і сумленная працаўніца раз-пораз у размове скажа, што практычна любая яе калега была б такой жа дастойнай кандыдаткай на пашану.
Зараз “Прамкамбінат” шые камуфляжныя штаны. І Зінаіда Іванаўна дзеліцца, што пачынаць у красавіку гэты заказ ад віцебскай фабрыкі “Сцяг індустрыялізацыі” было досыць складана. Хаця за свае 30 гадоў практыкі налаўчылася працаваць з цяжкай, шчыльнай тканінай і больш магутнымі машынамі. Гэта і не дзіўна, бо ў студэнцкі час на вучобе ў Оршы З.Шаманская спецыялізавалася на шыцці паліто. “А раней мы забяспечвалі спецадзеннем практычна ўсе ўстановы раёна. Так прыемна бачыць на кім-небудзь нашы брызентавыя ці спілкавыя касцюмы”, – адзначае швачка.
“Сёння ж у нас не ўсё бясхмарна”, – не ўтойвае дырэктар “Прамкамбіната” Міхаіл Мікалаевіч Лёля. Па яго словах, прадпрыемства зараз у стадыі рэарганізацыі. Па рашэнні аблвыканкама ад 29 мая гэтага года яно далучыцца да “Сцяга індустрыялізацыі”. Праўда, яшчэ да канца невядома, у якім статусе. Абнадзейвае наяўнасць уласнай сталярнай лініі, што, верагодна, не дасць ім стаць проста цэхам віцебскай фабрыкі, але абсталяванне патрабуе мадэрнізацыі. Тым не менш, у дачыненні да лёгкай прамысловасці, па плане да новага года прадпрыемства працягне шыць штаны з давальніцкай сыравіны. Зараз над гэтым працуюць 18 швачак і 2 закройшчыкі.
Аднак магчыма пашырэнне штату. Для стабільнага працэсу было б добра мець 25 работнікаў у цэху, а то і больш. Тэрытарыяльны цэнтр занятасці па заяўцы “Прамкамбіната” гатовы навучаць швачак за свой кошт, а ў жніўні на прадпрыемства прыедзе малады спецыяліст пасля заканчэння лепельскага каледжа. Пакуль жа вытворчасць трымаецца на такіх працаўніцах, як З.Шаманская і яе сяброўкі-калегі. Цяпер ёй даводзіцца з ювелірнай дакладнасцю апрацоўваць петлі, маланкі, гузікі ў адзенні прынцыпова іншага назначэння і якасці. Аднак і яно ўжо выходзіць “на ўра”.
Але не гэта, а дзяцей – дачку Алену і сына Мікалая – Зінаіда Іванаўна лічыць галоўным сваім поспехам. Іх яна выгадавала разам з мужам Леанідам, з якім пазнаёмілася, калі ўжо кваліфікаваным спецыялістам вярнулася працаваць у родны раён. Здаецца, не так даўно гэта і было, а пара ўжо дачакалася ўнукаў. Сын, дарэчы, нядаўна падарыў маці сучасную швейную машыну. Як жартуе гераіня – аб такой не магла і марыць, калі яе прымала на працу ў 1988 годзе тагачасны майстар прадпрыемства Галіна Вікенцьеўна Жаваранак. Хоць і адзначае ўраджэнка Двор Пліна каторы год прафесійнае свята Дзень лёгкай прамысловасці, яна паспела пазнаць і цяжкую – пачынала працоўны шлях слесарам на машынарамонтным заводзе ў Полацку. Вось толькі “лёгкага хлеба” не было ніколі. Яна да яго і не імкнулася, тры дзясяткі гадоў захоўвае вернасць прадпрыемству, дзе яе цэняць і паважаюць у тым ліку і за выдатныя чалавечыя якасці.
Вольга СЕВЕРЫНА.