Па наваколлі разносіцца рокат тэхнікі і непаўторны пах свежаскошанай травы, а буслы паважна расхаджваюць па палетках, быццам кантралююць якасць работы корманарыхтоўшчыкаў. Менавіта такую карціну можна ўбачыць гэтай чэрвеньскай парой у гаспадарках, дзе ідзе зялёнае жніво.
Але аграрыям няма калі назіраць за летнімі эцюдамі, бо на парадку дня адна з самых важных сельскагаспадарчых кампаній – касавіца. Поўным ходам яна зараз разгарнулася і ў ААТ “Дземенец”. Хоць і зусім невялікае пагалоўе ў сельгаспрадпрыемстве, аднак да справы тут падыходзяць з усёй адказнасцю, бо ад гэтага залежыць паспяховая работа жывёлагадоўлі і, адпаведна, прыбытак гаспадаркі.
– Нарыхтоўка кармоў – аснова асноў, наша малако. Разумеем, што марудзіць у гэтай справе нельга. Як кажуць: касі, каса, пакуль раса, а дакладней – пакуль трава не перарасла, не страціла максімальную колькасць пажыўных рэчываў. Робім для сябе, а таму імкнёмся, каб усё было па тэхналогіі, каб атрымаўся якасны і пажыўны корм. У дзве змены працуе тэхніка на трамбоўцы. Ёсць ужо ў нас у запасе сена, а сенажу плануем сёлета закласці больш за 1300 тон, – адзначае галоўны аграном гаспадаркі Ігар Уладзіміравіч Іванюта.
На гэтым тыдні інтэнсіўныя работы разгарнуліся непадалёк ад вёскі Станулева, а каля жывёлагадоўчай фермы ў Глыбачцы закладвалі першую сянажную траншэю.
– Дзень таму тут адпрацавалі касілкі, а літаральна толькі што прайшліся калегі з граблямі. Вось і фронт работы для мяне гатовы! – зазначае вопытны механізатар Леанід Грыневіч, спыняючы давераны КВК-800 і паказваючы на духмяны валок. – Паспяваюць і адвозчыкі – Іван Долгі, Анатоль Грачоў, Андрэй Бародзіч (на здымку) і Іван Цароў. Так што прастойваць не прыходзіцца – зялёны канвеер добра адладжаны. Гэты кормаўборачны камбайн спраўна служыць ужо восьмы сезон, два з іх – у “Дземенцы”.
Укласціся ў аптымальны тэрмін механізатары павінны паспець, бо працуюць вялікім механізаваным атрадам. Ужо не першы год “Дземенец” і “Арэхаўна” на час корманарыхтоўкі аб’ядноўваюць намаганні і зладжана выязджаюць спачатку на палеткі адной гаспадаркі, а потым дружна адпраўляюцца ў другую. “У нас братэрска-суседскі правераны атрад! Пагадзіцеся, што разам працаваць весялей і работа ў разы хутчэй спорыцца. Нездарма ж яшчэ здаўна людзі на сяле ўсе важныя справы рабілі дружнай талакой”, – зазначаюць механізатары.
Дарэчы, да дземянецкай і арэхаўскай далучылася і тэхніка СФГ “Райнбов-агра” – каля Станулева ў пары з Аляксандрам Цецеравым шчыраваў і Іван Дзенісёнак з граблямі. З гэтай гаспадаркай у “Дземенца” таксама даўно наладжана плённае супрацоўніцтва.
Кожны з механізатараў выдатна ведае, як і што трэба рабіць. А старанні абавязкова адаб’юцца на іх заробках. Таму працуюць з раніцы да позняга вечара, робячы толькі невялікія перапынкі для абедаў і падвячоркаў, якія са сталовай гаспадаркі дастаўляюцца прама ў поле.
Для нарыхтоўкі неабходнай колькасці якасных кармоў ёсць усе перадумовы – падрыхтаваная тэхніка, адказныя работнікі і іх жаданне працаваць.
Вольга КАМАРКОВА.