У Людмилы Тарасевич на участке уже спеют помидоры

Личное подсобное хозяйство

Ці ласаваліся вы ў маі ўласнымі духмянымі памідорамі і хрумсткімі агурочкамі? Калі не, тады вам варта будзе пераняць вопыт Людмілы Міхайлаўны Тарасевіч, тым больш што ветлівая гаспадыня не ўтойвае сваіх сакрэтаў.

– За майскі ўраджай найперш ўдзячна сорту. Я заўсёды набываю нейкія раннія, вось і сёлета купіла “Палярны”. Мяркуючы па назве, ён можа радзіць і пры дастаткова нізкіх тэмпературах, ну а ў цяпліцы бакі таматаў зачырванелі ў маі. Не на ўсіх калівах, але і на астатніх гронкі сфарміраваныя поўнасцю з пладамі сярэдніх памераў.

Высявала семкі не рана – як заўсёды, у сакавіку, папярэдне патрымаўшы іх у растворы соку алоэ: дастаткова некалькі кропель. У цяпліцу высаджвала ў канцы красавіка – яе пазнавата набылі, але лічыць, што варта намнога раней, тады лепей укараняцца і пачнуць плоданосіць. Пакідае некалькі ствалоў. Сёлета вырашыла праэксперыментаваць, асабліва не пасынкаваць: стаяць пушыстыя, з крэпкімі зялёнымі лістамі і дружна цвітуць. А каб лепш завязваліся, яна кожны ранак імкнецца дакрануцца да кожнай расліны.

– А яшчэ мне дапамагаюць Мальвіна і Анфіска – кароўкі, якіх трымаю ўдваіх з сяброўкай. Я нават не апырскваю калівы для завязі і ўстойлівасці да фітафтарозу, а проста лію сыроватку пад куст.

У цяпліцы дошкамі адбіты тры градкі – з бакоў і цэнтральная, што не дае сцякаць вадзе і пускацца пустазеллю. Зямля ўслана сенам. Гэты прыём таксама выкарыстоўваецца супраць фітафторы: суха, а грыбок любіць вільгаць. Да таго ж літаральна ўвесь агарод у Л.Тарасевіч на сонечным месцы ля рэчкі.

Гэта бацькоўскі дом, куды Людміла Міхайлаўна пераехала дзесяць гадоў таму, калі не стала таты, былога галоўнага бухгалтара саўгаса “Ушацкі” Міхаіла Арцёмавіча Бурака. Людміла ж пасля замужжа асела ў Казімірове, працавала поварам у калгасе “Новае жыццё”, заўсёды трымала і вялікі агарод, і немалую гаспадарку. Не для раскошы – калі ўжо было трое дачок, цяжка захварэў былы муж. Ён і зараз знаходзіцца ў спецыялізаваным інтэрнаце. А мнагадзетная маці не атрымлівала і дапамог на дзяцей, якія ёсць у іншых сем’ях, страціўшых кармільца. І каб у прамым сэнсе слова пракарміць, падняць дзяцей, многа, не шкадуючы сябе працавала, пагаджалася на работу, ад якой іншыя адмаўляліся. “Вельмі нагружала і старэйшых дачок. Летам раніцай утрох у лес збегаем, потым яны мне ў сталовай дапамогуць, а адвячоркам зноў за чарніцамі. Так яны сабе за лета на магнітафон і назбіралі. Усяго ж хацелася, а што можна даць на пенсію па доглядзе за інвалідам – у малодшай Ксюшы з нараджэння вельмі рэдкае захворванне. Я калі ў інстытуце генетыкі пабывала, больш моцнай стала, наглядзелася, якое гора ў людзей. У мяне ж дачка сама сябе абслугоўвае, нават дапамагае памалу”.

Зараз ужо няма патрэбы ў гаспадарцы, старэйшыя дочкі даўно на сваім хлебе, унучкі выраслі. “Аднак сябе не пераробіш, каб я магла сядзець без справы,” – сціпла ўсміхаецца Людміла Міхайлаўна, знаёмячы з гаспадаркай. Кароўкі пасвяцца паблізу, бо дом па вуліцы Кастрычніцкай – апошні, пашы дастаткова. Будуюць з новым спадарожнікам жыцця хлявок, паколькі двор папоўніўся авечкай з трыма баранчыкамі. Яны не такія нахабныя, як парсюкі, што першымі нясуцца да карыта, абганяючы нават цыбатага бычка. Зразумела, ёсць куры. А на агародзе – літаральна ўсё. Са старых аконных рам ці з плёнкі зроблены міні-парнікі, у якіх набіраюцца моцы кавуны і ўжо плоданосяць агуркі. Яны сядзяць лічы што на мінулагодніх гноевых кучах, куды пад расліны насыпана зямля. Зноў жа дапамагаюць Мальвіна і Анфіска.

Цікаўлюся, як атрымліваецца мець гаспадарку на дваіх і не пасварыцца. Не лепш па адной кароўцы?

– Так, ведала я сем’і, якіх ненадоўга хапіла на сумесную гадоўлю. Мы ж даўно давяраем адна адной, былі суседзямі ў замужжы на Маладалеччыне. А трымаць кароў так нават лягчэй. Розніца ж невялікая, адну ці дзве навязваць, пасвіць і даіць – падымацца ранню ўсё роўна трэба. Затое наступны дзень вольны. Ды і падстрахоўка ёсць, калі паехаць куды трэба ці прыхварэеш. Бычка выгадуем – мяса папалам, цёлку прададзім – грошы.

Паколькі на стале заўсёды свае і малочныя, і мясныя стравы, сродкі вызваляюцца, каб нешта набыць па добраўпарадкаванні. І бацькоўскі дом не пазнаць: унутры практычна ва ўсіх пакоях еўрарамонт, падведзены газ, многа кветак, прасторна і ўтульна. Вымашчаны пад брусчатку двор, малыя архітэктурныя формы прывабліваюць яшчэ з шашы. “Бог аддзячыў гаспадаром на ўсе рукі, – падкрэслівае Людміла Міхайлаўна, – адна я б нічога не зрабіла”.

Хаця і сама да нядаўняга працавала на базе адпачынку ў С.Фаміна: гатавала адпачываючым, прыбірала. І работа добрая, і гаспадары, толькі хадзіць далёка, таму цяпер – дома. З’явіўся час дачку суправаджаць калі-нікалі ў дзённае аддзяленне для інвалідаў, дзе ёй вельмі падабаецца. Жыццё наладзілася. Не, яна зрабіла яго сама, наперакор хваробам і няўдачам – насуперак абставінам.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *