Образцовый детский хор школы искусств вернулся с победой с международного праздника традиционных культур «Браславские зарницы»

Наши дети Образование и молодежь

Узорны дзіцячы хор школы мастацтваў вярнуўся з чарговай перамогай з міжнароднага свята традыцыйных культур “Браслаўскія зарніцы”. Фестываль, які пачынаўся яшчэ 51 год таму як рэгіянальны, сёння сустракае выканаўцаў з Польшчы, Латвіі, больш дзесяці іншых краін свету. У яго рамках праводзіцца і конкурс харавых калектываў. І вось ужо другі год запар дыплом І ступені адданы ўшачанам.

– Калегі па-добраму зайздросцяць. Аркестр лепшы – наш, хор – зноў Ушачы. На прэстыжных конкурсах, з сур’ёзнай канкурэнцыяй. І з больш сціплым адборам дзяцей, чым у гарадах. Ганаруся, – не стрымліваў радасці дырэктар Ушацкай школы мастацтваў Сяргей Васільевіч Парашкін.

– Не спадзявалася. – Яшчэ не патухлі эмоцыі ў мастацкага кіраўніка і дырыжора Жанны Віктараўны Савіцкай. – Ведала, што будзе вельмі моцны калектыў з Брэста, два з Віцебска… Ды і шчыра скажам, заўсёды падсвядома ўплывае на журы і тое, што перамогу нам ужо аддавалі. Ва ўсялякім выпадку, калі выступленні роўныя, перавага за навічкамі. Значыць сапраўды ўразілі, раз першае месца падзялілі з Брэстам.

– Дзеці былі яшчэ пад уплывам удалага выступлення на выніковым канцэрце  аддзялення, вельмі шчымлівага, кранальнага. Гэта атмасфера перадалася, і ў Браславе зноў паказалі максімум, – далучаецца да размовы акампаніятар Вольга Аляксандраўна Цітова, якая вось ужо дзесяць год разам і на рэпетыцыях, і на конкурсах. Адчуваюць адзін аднаго нават спіной. Што вельмі спатрэбілася ў Браславе: дырыжор наогул не бачыла раяль і здзіўляецца, як атрымалася ўдала стартаваць. – Я акампанавала розным добрым харам, выкладала ў спецыялізаванай школе Наваполацка, аднак ім бы павучыцца, на якія хітрасці ідзе Жанна Віктараўна, каб галасы загучалі.

Адна з іх – расстаноўка. Трэба, каб ні адзін з харыстаў не перацягнуў коўдру на сябе, менш упэўненыя чулі “трывалага суседа”, а самыя моцныя маглі пры патрэбе перайсці з сапрана на другі голас. Ж.Савіцкая практыкуе і такое, як  перамену танальнасці за дзень да выступлення. А яшчэ, каб пашырыць магчымасці вучняў, узмацніць рэпертуар, можа перапісаць апрацоўку абранага твору, “падагнаць” пад дыяпазон галасоў толькі яе дзяцей. Яны ж – паўправаднікі энергетыкі хармайстра, таму і абавязковае патрабаванне падчас выступлення – быць артыстамі, рухацца, танцаваць. “Пажартавала, што не павітаюся больш, калі будуць стаяць як муміі. Мы выконвалі два вельмі розныя творы, і трэба было падкрэсліць гэты кантраст. Справіліся. Наогул дысцыпліна, адказнасць, уменне чуць іншых – якасці, уласцівыя кожнаму майму выхаванцу і, упэўнена, самыя патрэбныя ў жыцці, пры рабоце ў камандзе. Мы ўмеем сябраваць і дапамагаць. Вось выраслі мае хлопцы Павел Калясінскі і Віця Малаток, скончылі летась школу мастацтваў, аднак цэлы год хадзілі на рэпетыцыі і вельмі нам дапамаглі, па сутнасці дабавіўшы чацвёрты голас. Я вельмі ўдзячна таксама нашым выкладчыкам Алесі Іўліевай, Вользе Косых, Ірыне Коршун, Алене Сазонавай, Таццяне Жалязновай, якія на працягу года былі з намі, у свой вольны час дапамагалі дзецям дасягнуць прафесійнага гука. І, канечне, кіраўніцтву раёна, што знайшлася магчымасць адправіць нас на конкурс”, дзеліцца сакрэтамі поспеху педагог.

Скончыўся чарговы год. Трыццаты ў кар’еры Жанны Савіцкай, як і ўсяго харавога аддзялення. Складаны, але мажорны. І перамога ў конкурсе – толькі чарговае пацвярджэнне высокага звання. Трыумфам можна лічыць выступленне на Калядным канцэрце на сцэне тэатра Якуба Коласа, куды запрашаюць лепшых з лепшых. Тады на ўсё жыццё запомніла мастацкі кіраўнік, як гучыць паўза – вышэйшае прызнанне, калі «Брава» крычаць не адразу, а праз некалькі секунд пасля выступлення. Такіх момантаў у кар’еры Жанны Віктараўны было толькі два, адзін з іх – падчас выступлення яе сёлетняга Узорнага хору.

Вольга КАРАЛЕНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *