Внимания много не бывает!Праздник детства в Ушачах

Наши дети

Словы, вынесеныя ў загаловак, неаднаразова гучалі падчас нядаўняй сустрэчы кіраўніка раёна, прадстаўнікоў аддзела па адукацыі райвыканкама з выхаванцамі адзінага ва Ушацкім раёне дома сямейнага тыпу.

І ў пацвярджэнне гэтаму ў Міжнародны дзень абароны дзяцей госці ўстановы шчодра дарылі хлопчыкам і дзяўчынкам цёплыя словы і, канечне, падарункі. Прычым, кожнаму – па ўзросце і інтарэсах: старэйшым – спартыўны інвентар, наборы для стварэння прычосак, малышам – цацкі.

Старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка і начальнік аддзела па адукацыі Наталля Васільеўна Стрыжонак выказалі словы ўдзячнасці гаспадарам дома, якія ўсклалі на сябе няпростую ношу – выхаванне сваіх дзетак і тых, што засталіся без апекі родных бацькоў. Малым жа госці пажадалі весела і з карысцю правесці канікулы.

Наведваць напачатку лета выхаванцаў дома сямейнага тыпу стала добрай традыцыяй і для работнікаў райаддзела па надзвычайных сітуацыях, райкама БРСМ. Вось і сёлета яны стварылі для хлопчыкаў і дзяўчынак сапраўднае свята – з гульнямі, конкурсамі, карыснымі прэзентацыямі.

На сённяшні дзень у сям’і Залатых выхоўваюцца васьмёра хлопчыкаў і дзяўчынак.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

***

Першага чэрвеня вуліцы гарпасёлка поўніліся звонкімі дзіцячымі галасамі – менавіта ў гэты дзень адзначаецца цудоўнае свята дзяцінства, якое супадае з першым днём лета і пачаткам канікул. Надвор’е яшчэ з раніцы адарыла ўсіх ласкавым сонейкам, быццам далучала такім чынам і свае віншаванні.

У раённым цэнтры культуры і народнай творчасці сабраліся маленькія жыхары Ушаччыны. Добры настрой усім удзельнікам свята стварыў канцэрт, які быў насычаны яркімі нумарамі. Выхаванцы дзіцячых садоў гарпасёлка, раённага цэнтра дзяцей і моладзі, школы мастацтваў у прыгожых сукенках і касцюмах смела выходзілі на сцэну і вельмі стараліся ў час выступленняў. Здавалася, што бацькі, бабулі, дзядулі, выхавацелі і настаўнікі, якія займалі глядацкія месцы, хваляваліся больш за іх саміх. А паказаць сапраўды было што: адны пакарылі гледачоў мілагучнымі спевамі, другія – дынамічнымі рухамі. А яшчэ яны актыўна ўдзельнічалі ў розных конкурсах, атрымліваючы за гэта салодкія падарункі – называлі мультфільмы па героях на экране, адгадвалі загадкі ад Бабы-Ягі, дапамагалі паштальёну Печкіну знайсці патрэбны адрас. Актывісты райкама БРСМ частавалі дзяцей цукеркамі, а таксама пакідалі на іх целе вясёлыя і пазітыўныя малюнкі.

Дзве гадзіны дзіцячага канцэрта праляцелі як адно імгненне. А затым тэатралізаванае шоу пераўтварылася ў паказальнае і перамясцілася на пляцоўку каля РДК. Тут справу ў свае рукі ўзялі выратавальнікі. У рамках завяршальнага этапу акцыі “Не пакідайце дзяцей адных!”, якая прысвячалася Міжнароднаму дню абароны дзяцей, яны дэманстравалі магчымасці сваёй новай тэхнікі і выратавальнага інструмента. Нямала жадаючых знайшлося пасядзець у кабіне пажарнай машыны і ўявіць сябе вадзіцелем. Яшчэ больш – затушыць умоўны пажар сапраўдным пажарным рукавом!

Ажыўлена было і ў скверы, дзе атмасферу свята дапаўнялі атракцыёны і гандлёвыя кропкі з цацкамі, салодкай ватай і іншымі прысмакамі, якія так падабаюцца дзецям.

Вольга КАМАРКОВА.

***

Вялікая забаўляльная праграма да Міжнароднага дня абароны дзяцей прайшла ў аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСАН Ушацкага раёна. Яе ўдзельнікамі сталі хлопчыкі і дзяўчынкі, што выхоўваюцца ў мнагадзетных, няпоўных сем’ях, маюць інваліднасць.

У рамках спецыяльнай праграмы “Бацькоўскі ўніверсітэт”, накіраванай на павышэнне педагагічнай адукаванасці маладых мам і тат, спецыялісты сацыяльнай службы запрасілі малышоў, іх бацькоў у цікавае падарожжа па краіне дзяцінства. А дапамаглі ім у гэтым прадстаўнікі райкама БРСМ.

Больш гадзіны доўжылася па-сапраўднаму святочнае дзейства. На тэматычных пляцоўках дзяцей чакаў шэраг цікавых выпрабаванняў – ім давялося і загадкі адгадваць, і рукадзеллем займацца, і найбольш хуткага ў эстафеце выяўляць, і нават тэатральныя здольнасці дэманстраваць. Дарослыя ж, якія былі задзейнічаны ў гульні, мелі магчымасць успомніць, што важна для кожнага малога, чым яно цікавіцца. Па словах псіхолага ТЦСАН Алесі Дукмасавай, апошняе павінна палепшыць узаемаадносіны ў сям’і, адкрыць новыя грані ў выхаванні дзяцей.

– Вельмі ўдзячна арганізатарам за цудоўную магчымасць у сяброўскай атмасферы правесці час, павесяліць малых, – зазначыла ўшачанка Марыя Маскаленка, якая прыйшла на мерапрыемства адразу з трыма дзеткамі. – Такія сустрэчы дазваляюць хлопчыкам і дзяўчынкам паверыць у цуды, знайсці новых сяброў, а нам – бацькам – падзяліцца вопытам, атрымаць параду спецыялістаў.

У такім жа пашыраным складзе – з трыма малышамі – завіталі на мерапрыемства Любоў Карэйша і Таццяна Заруба. А да маленькіх Антона і Арцёма Качынскіх на гэты раз далучыўся іх сябар Захар.

Завяршылася сустрэча салодкім сталом, арганізацыю якога цалкам узяла на сябе індывідуальны прадпрымальнік Аліна Казіміраўна Крацёнак. Падарункі дзецям набыла таксама раённая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Усім ім, а таксама маладзёжнай суполцы раёна  арганізатары выказваюць шчырую ўдзячнасць.

Застаецца спадзявацца, што ў такім жа станоўчым запале, як у адзначаны дзень, у маленькіх ушачан пройдзе ўсё лета!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *