Кляшчы зараз надзвычай актыўныя. А ўлічваючы тое, што яны з’яўляюцца пераносчыкамі шэрагу інфекцыйных захворванняў (клешчавы энцэфаліт, Лайм-барэліёз), кантакт з імі лепш мінімізаваць.
Любімыя месцы пасялення кляшчоў – зацененыя і вільготныя лясы з густым травастоем і падлескам. Найбольшая колькасць насякомых канцэнтруецца на траве па абочынах сцяжынак (на дрэвах яны не сядзяць!).
Клешч “чуе” чалавека нават за 10 метраў, а нападае з аднаго. Найбольшая яго актыўнасць назіраецца ў 9 і 20 гадзін. Прысмоктваецца, як правіла, да галавы, шыі, грудной клеткі без болю і непрыкметна.
Пры выяўленні на целе кляшча для яго выдалення і прызначэння экстраннай хіміяпрафілактыкі варта звярнуцца ва ўстанову аховы здароўя па месцы жыхарства ці траўмапункт. Максімальны эфект дасягаецца ў тым выпадку, калі апошняя распачата на працягу 72 гадзін пасля ўкусу. Калі ў чалавека маюцца супрацьпаказанні да прыёму лекавых сродкаў, медработнік выдае накіраванне на лабараторнае даследаванне кляшча, якога сам пацярпелы ці яго сваякі дастаўляюць у лабараторыю. У такім выпадку даследаванне праводзіцца на бюджэтнай аснове (бясплатна). Калі ж супрацьпаказанняў да прыёму лекаў няма, прызначаецца курс хіміяпрафілактыкі, а накіраванне не выдаецца. У такім разе чалавек па жаданні можа звярнуцца ў лабараторыю і здаць кляшча на даследаванне на платнай аснове. Робіцца гэта ў Віцебскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя па адрасе: г.Віцебск, вул. Жэсткова, 25, каб.102. Установа працуе з панядзелка па пятніцу з 8.00 да 16.00, тэлефоны: (8-0212) 47-21-19, 47-96-74. Кошт даследавання складае на сённяшні дзень 8 рублёў 41 капейку.
А.НІКІЦЕНКА, інструктар-валеолаг Ушацкага РЦГЭ.