Про будущий отопительный сезон шла речь на заседании райисполкома

Общество

Аб’екты ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ушацкага раёна на працягу апошніх трох гадоў першымі ў вобласці атрымлівалі пашпарты гатоўнасці да асенне-зімовага ацяпляльнага сезона, што сведчыць аб сістэмнай і зладжанай рабоце па іх падрыхтоўцы, адказных адносінах і эфектыўнай эксплуатацыі абсталявання. Аб гэтым у кантэксце разгляду вынікаў мінулага і абмеркавання планаў і задач на надыходзячы ацяпляльны сезон на апошнім пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта паведаміў намеснік яго старшыні Андрэй Вітальевіч Галяковіч.

УП ЖКГ уносіць асноўны ўклад у цеплазабеспячэнне. І ў мінулы асенне-зімовы перыяд справілася з гэтай задачай на належным узроўні. Пачаўся ж ацяпляльны сезон больш чым на тыдзень раней запланаванага – 4 кастрычніка 2017 года. Але гэта не выклікала форс-мажору ў рабоце камунальнікаў, бо аб’екты прадпрыемства былі падрыхтаваны загадзя. Усе дзевяць кацельняў, 8 з якіх працуюць выключна на мясцовых відах паліва, эксплуатаваліся без значных аварый. Дробныя, якія непазбежныя з прычыны значнага зносу абсталявання, ліквідаваліся ў сціслыя тэрміны, і насельніцтва не паспявала адчуць дыскамфорт.

Доля выкарыстання мясцовых відаў паліва ў агульным балансе склала 91 працэнт, пры заданні 98. Невыкананне паказчыка абумоўлена аб’ектыўнымі прычынамі. На 323 тысячы кубічных метраў газу зрасходавана звыш мінулагодняга з-за недастатковай магутнасці катлоў на шчапе, якія пры значных адмоўных тэмпературах не могуць забяспечыць неабходны камфортны градус у домаўладаннях грамадзян. Да таго ж на баланс УП ЖКГ была прынята кацельная фізкультурна-аздараўленчага комплексу, якая працуе на прыродным газе. Негатыўна адбіўся на выкананні задання і пазапланавы рамонт транспарцёраў падачы паліва на цэнтральнай кацельнай. Яшчэ адным непрыемным фактарам стала парушэнне графіка паставак дроў і шчапы арганізацыямі лясной гаспадаркі. Даходзіла да таго, што заставаўся сутачны запас паліва. І гэта пры ўмовах, калі па даручэнні кіраўніка дзяржавы перад лясгасамі вобласці да 1 студзеня 2018 года была ліквідавана пратэрмінаваная запазычанасць за пастаўленую драўніну. Каб пазбегнуць такіх эксцэсаў, у наступаючым ацяпляльным сезоне 30 працэнтаў дроў і 20 шчапы УП ЖКГ плануе нарыхтаваць уласнымі сіламі. Усяго ж прадпрыемству неабходна мець 7 тысяч кубічных метраў дроў і 18 – шчапы.

Важнымі этапамі падрыхтоўкі да зімы з’яўляюцца і мерапрыемствы па скарачэнні страт цяпла. З 2006 года ўжо заменена 26 кіламетраў трую цепласетак з 28,33, якія маюцца на балансе прадпрыемства. Дзякуючы гэтаму страты ў цепласетках у першым квартале бягучага года склалі 9,1 працэнта пры планавых 11,2.

Удзяляецца ўвага і рамонту жыллёвага фонду. Пабудаваныя ў сямідзесятыя-васьмідзясятыя гады дамы не адпавядаюць сучасным патрабаванням па цеплаправоднасці – цеплавая рэабілітацыя праведзена толькі на шасці з шасцідзесяці. Яна патрабуе значных фінансавых затрат і па гэтай прычыне ў апошнія гады выконваць яе няма магчымасці. А вось бягучы і капітальны рамонт штогод праводзяцца па плане – УП ЖКГ, напрыклад, у мінулым годзе за сродкі жыльцоў адрамантавала 10 пад’ездаў, сёлета будзе прыведзена ў парадак яшчэ 5. У графік капрамонту на 2018 год уключаны два аб’екты: будынак дома №16 па вуліцы Ленінскай, а таксама дах дома №6 па вуліцы Цэнтральнай у Градзянцы, дзе работы ўжо вядуцца.

І калі з заменай труб цеплатрасы становішча неблагое, то з падтрыманнем у належным стане сістэм водазабеспячэння, адводу і ачысткі сцёкаў справа куды складаней з-за іх зносу і аварыйнасці. У цяперашні час яны перададзены на баланс “Наваполацкводаканала”, абслугоўваннем сістэм і 54 артэзіянскіх свідравін займаецца Ушацкі ўчастак прадпрыемства.

Мінулы ацяпляльны сезон, як і камунальнікі, могуць занесці сабе ў плюс аддзелы ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, а таксама адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, шматлікія аб’екты якіх функцыянавалі ў штатным рэжыме. Іх падрыхтоўка да новага асенне-зімовага перыяду ўжо пачалася. Пададзены заяўкі на паліва – у сувязі з закрыццём школы ў Кублічах аб’ём яго нарыхтоўкі для ўстаноў адукацыі значна скарачаецца. У выніку праведзенага аўкцыёну па закупе і пастаўцы дроў для аддзела адукацыі пераможцам вызначаны райпаліўзбыт. Гэтая спецыялізаваная арганізацыя, а таксама ААТ “Ушачы”, будуць супрацоўнічаць і з установамі культуры. Наогул, у забеспячэнні палівам арганізацый і грамадзян райпаліўзбыт займае асобае месца – за мінулы ацяпляльны сезон прадпрыемства паставіла дровы і торфабрыкет у 924 домаўладанні ўшачан, у тым ліку 94 – ільготнай катэгорыі.

Усе льготнікі перад пачаткам асенне-зімовага перыяду былі абследаваны работнікамі ТЦСАН Ушацкага раёна, іх запыты па рамонце печаў і замене электраправодкі задаволены. Некаторым грамадзянам на гэтыя мэты аказвалася дапамога з бюджэту і сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Усе 194 заяўкі па забеспячэнні палівам ад адзінокіх пажылых грамадзян і інвалідаў, а таксама ад грамадзян, якія знаходзяцца на сацыяльным абслугоўванні, выкананы ў поўным аб’ёме.

Не хочацца казаць банальнае “рыхтуй сані летам”, але ў дачыненні да пытання, якое разглядалася, народнае выслоўе падыходзіць стапрацэнтна. Таму на аснове аналізу вынікаў мінулага ацяпляльнага сезона старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка накіраваў увагу кіраўнікоў арганізацый і ўстаноў на тое, што ўжо да 10 чэрвеня павінны быць распрацаваны арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы да асенне-зімовага перыяду 2018-2019 гадоў, якія неабходна выканаць да 1 кастрычніка. Рашэннем райвыканкама таксама зацверджаны графік пастаўкі паліва арганізацыям раёна, акрэслены тэрміны падрыхтоўкі УП ЖКГ жыллёвага фонду і абсталявання кацельных, выканання іншых неабходных работ. Іх у пэўнай ступені стрымліваюць неплацяжы за паслугі: вялікую запазычанасць маюць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы – звыш 164,5 тысячы рублёў, даўжнікі-грамадзяне не даплацілі амаль 29,5 тысячы. Канкрэтныя задачы па падрыхтоўцы да новага ацяпляльнага сезона даведзены гаспадаркам, раёну газазабеспячэння, райпаліўзбыту, лясгасу, ТЦСАН, сельвыканкамам, райбальніцы, ДРБУ-105 і іншым зацікаўленым арганізацыям. Фінансаваму аддзелу райвыканкама даручана забяспечыць своечасовае фінансаванне мерапрыемстваў па падрыхтоўцы аб’ектаў сацыяльнай сферы. Кіраўнікі пазабюджэтных устаноў таксама павінны выдзеліць неабходныя сродкі для арганізацыі надзейнай работы ўласных крыніц цепла- і энергазабеспячэння.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *