На Ушаччине немало объектов, к которым приложили руку мелиораторы

К профессиональному празднику

Цяжка пераацаніць уклад меліяратараў у павышэнне ўрадлівасці зямель, атрыманне ўраджаяў сельскагаспадарчых культур. Яны ўносяць свой, хоць і нябачны, але важкі ўклад у агульны каравай. А колькі іншых значных аб’ектаў, да якіх прыклалі рукі работнікі Ушацкага ПМС! Мемарыяльны комплекс “Прарыў” і фізкультурна-аздараўленчы комплекс, цэнтральная плошча і вуліца Лабанка ў гарпасёлку – спіс можна прадаўжаць яшчэ і яшчэ, нават не ўлічваючы аб’ём работ, выкананых за межамі раёна.

На гэтым тыдні, якраз напярэдадні свайго прафесійнага свята, меліяратары завяршалі чарговы аб’ект. Літаральна ўся тэхніка прадпрыемства –  бульдозеры, экскаватары, трактары – працавала ў Замошшы, каб у вызначаны тэрмін завяршыць рэканструкцыю меліярацыйнай сістэмы “Вялікія Дольцы” ў КУСГП “Вялікадолецкае”. Яшчэ здалёк было бачна, як у розных кропках поля кіпела работа. Спяшаліся не толькі з-за тэрмінаў, а і каб аграрыі маглі пусціць гэтыя землі ў севазварот як мага хутчэй. На гатовай частцы вялікадальчане ўжо паспелі пасеяць рапс.

– Аб’ём не надта вялікі – 67 гектараў, і працавалі тут на працягу трох месяцаў. Для параўнання магу сказаць, што самая вялікая меліярацыйная сістэма “Муравец”, што на глыбачанскіх землях, ахоплівае плошчу больш чым тысяча гектараў! Да пачатку работ на гэтых ворыўных землях з­-за непрацуючай дрэнажнай сістэмы былі шматлікія вымачкі, а то і балотцы, засмеціліся каналы, а частку плошчаў “захапіла” кустоўе. Зараз яно выкарчавана, пачышчаны меліярацыйныя каналы, пракладзена 6,4 кіламетра дрэнажу, – расказвае галоўны інжынер прадпрыемства Мікалай Леанідавіч Фядосенка.

Рэканструкцыя праводзілася пад кіраўніцтвам вытворцы работ У.В.Напрыенкі. Ужо не першы год застаём за работай экскаватаршчыкаў
С.Л.Гарбаценку і А.А.Кірышчанку, трубаўкладчыка У.А.Лявонцьева, машыніста бульдозера А.В.Чэвідаева. Менавіта на такіх як яны і трымаецца калектыў. А вось стаж работы на прадпрыемстве А.В.Ціханава невялікі, аднак спраўляецца са сваёй задачай экскаватаршчык даволі паспяхова. На гэтым аб’екце рабіў адстойнік, каб не забруджвалася рака Ушача.

“Асобна адзначце нашу сямейную дынастыю Сарокіных! Як бацька сыну прыйшоў дапамагаць”, – падказвалі працаўнікі. Васіль Мікалаевіч Сарокін аддаў прадпрыемству каля 40 гадоў. Гледзячы на бацьку, гэтую прафесію абралі і двое яго сыноў – Сяргей і Дзмітрый. За гады работы за шматкаўшовым экскаватарам В.М.Сарокіна ў зямлю ляглі тысячы дрэнажных труб. Нядаўна ветэран прадпрыемства пайшоў на заслужаны адпачынак, але гэтым летам адгукнуўся на просьбу дапамагчы роднаму калектыву.

– Вырашыў папрацаваць яшчэ крыху на карысць сваёй арганізацыі, дапамагчы якой лічу доўгам. Тым больш што менавіта наваколле гэтага аб’екта –  мая малая радзіма, – зазначае Васіль Мікалаевіч.

Замершчыкам  у брыгадзе працуе яго сын Сяргей, які сваім настаўнікам лічыць не толькі бацьку, а і Івана Іванавіча Шамшуру, які таксама нядаўна пайшоў на пенсію.

Цікава, што рады аб’екту не толькі работнікі, а і ветэраны прадпрыемства. Выходзячы на ўскраек поля, здалёк назірае за працай былы меліяратар, жыхарка Замошша Надзея Дзям’янаўна Лапушкіна. У будаўніцтве гэтай меліярацыйнай сістэмы ў 70-х гадах яна прымала ўдзел, а пазней, будучы брыгадзірам, адказвала за стан каналаў. “Уручную касіла іх, часам нават дзеці мае мне дапамагалі. Убачыўшы тэхніку каля вёскі, успомніла свае працоўныя гады, неяк узрадавалася, што прадаўжаецца карысная справа меліярацыі”, – гаворыць жанчына.

Вучонымі даказана, што меліярацыя не толькі стварае неабходныя ўмовы для вядзення земляробства – прадукцыйнасць сельгасугоддзяў пасля рэканструкцыі павялічваецца практычна ўдвая! На нядаўна завершаным рамонце сістэмы “Чырвоны прамень”, якім займалася брыгада старшага майстра Я.А.Бурылава каля вёскі Жары, ужо дружна зазелянелі ўсходы зерневых.

Вельмі хутка і каля Замошша будуць працаваць аграрыі, збіраючы чарговы ўраджай, а меліяратары зоймуцца іншымі аб’ектамі. Рыхтуюцца праекты па рэканструкцыі меліярацыйнай сістэмы “Судзілавічы”, у планах рамонт сістэмы “Гамылёва”. Хоць прадпрыемства зараз перажывае не самыя лепшыя часы і пакуль няма магчымасці прыступіць да буйных аб’ектаў, работнікі заняты іншымі справамі. Меліярацыя ўключае ў сябе не толькі будаўніцтва і рэканструкцыю, а і тэхнічны догляд за існуючымі сістэмамі: на тэрыторыі раёна іх 51, а гэта 13216 тысяч гектараў асушаных зямель. Работнікі прадпрыемства ажыццяўляюць таксама догляд каналаў агульнай працягласцю 655 кіламетраў, улетку іх абавязкова трэба абкасіць. Зараз заняты і на работах па знішчэнні баршчэўніку. Ну а брыгада Юрыя Анатольевіча Сазанкова працуе на добраўпарадкаванні ў Наваполацку – плённае супрацоўніцтва Ушацкага ПМС і ААТ “Нафтан” доўжыцца ўжо больш дзесяці гадоў.

Усе вытворчыя паказчыкі, безумоўна, залежаць ад работнікаў, а яны тут сапраўды працавітыя і адказныя. Сёння на прадпрыемстве заняты 71 чалавек. Да прафесійнага свята па традыцыі адзначаюць самых лепшых, а дзейнасць ушацкіх меліяратараў заўважана не толькі на раённым узроўні. Так, сёлета Ганаровай граматай “Віцебскмеліявадгас” узнагароджаны замершчык Сяргей Васільевіч Сарокін, граматы абласнога і раённага камітэтаў прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ўручаны вытворцам работ Юрыю Анатольевічу Сазанкову і Уладзіміру Віктаравічу Напрыенку. Зрэшты, удзячнасці і добрых слоў заслужылі большасць работнікаў, ветэраны, пра якіх не забыліся і таксама павіншавалі ўчора на ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды свята.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *