В Ушачах прошла районная ярмарка вакансий

Общество

У аўторак, 29 мая, ва Ушачах прайшоў раённы “Кірмаш вакансій”. У актавай зале Дома Саветаў сабраліся прадстаўнікі мясцовай улады, прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, якія адказваюць за кадравую работу, суіскальнікі працоўных месцаў.

Адкрываючы мерапрыемства, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Пятроў­на Васілеўская адзначыла, што гэта выдатная магчымасць атрымаць актуальную інфармацыю, што называецца, з першых вуснаў. А прадстаўлены на “Кірмашы вакансій” былі практычна ўсе сферы: сельская гаспадарка, прамысловасць, будаўніцтва, медыцына, гандаль, сацыяльная і культурная – усяго 14 службаў.

У мінулым годзе ў якасці беспрацоўных на Ушаччыне зарэгістравана 249 чалавек, 170 з іх атрымалі дапамогу ў працаўладкаванні. Зараз у раёне налічваецца больш 70 вакансій, з іх чвэрць – па рабочых прафесіях, якія патрабуюць спецыяльных навыкаў (трактарыст, вадзіцель, швачка). Устойлівы характар носіць попыт наймальнікаў на ветэрынарных урачоў, заатэхнікаў, аграномаў.

На перыяд пошуку беспрацоўнымі пастаяннага месца працы служба занятасці арганізоўвае аплачваемыя грамадскія работы. Так, нядаўна завяршыўся збор камянёў на сельгасугоддзях Ушаччыны, на іх было задзейнічана каля 30 чалавек. Да сезонных работ у бліжэйшы час прыцягваць людзей будуць аддзелы адукацыі і культуры, сельвыканкамы, ТЦСАН.

Пастаянна праводзіцца перанавучанне беспрацоўных па прафесіях, запатрабаваных на рынку працы. Так, у чэрвені можна будзе “перакваліфікавацца” ў кладаўшчыка, швачку, прайсці курсы аператара ЭВМ ці падрыхтоўку па спецыяльнасці повар – усё гэта бясплатна. Больш таго, яму аплачваецца праезд да месца навучання і назад, прапануецца жыллё ў інтэрнаце, выдаецца стыпендыя.

С.П.Васілеўская звярнула ўвагу суіскальнікаў на тое, што яны могуць паспрабаваць свае сілы і ў прадпрымальніцкай дзейнасці, атрымаўшы дапамогу ад службы занятасці. Гэта і навучанне, і фінансавая падтрымка ў суме 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму для сельскай мясцовасці і 11 – для горада. Святлана Пятроўна таксама нагадала пра рамесную дзейнасць і аграэкатурызм.

Напрыканцы сустрэчы беспрацоўныя, а іх за вызначаную гадзіну прыйшло 49, мелі магчымасць распытаць прадстаўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў пра вакансіі, якія існуюць зараз або з’явяцца ў бліжэйшы час, пазнаёміцца з патрабаваннямі да кандыдатаў і спецыфікай прадпрыемстваў, а таксама пакінуць свае каардынаты для магчымага супрацоўніцтва ў перспектыве. Пяцёра грамадзян па выніку “Кірмашу вакансій” займелі працоўныя месцы ў сельгаспрадпрыемствах раёна, столькі ж запісаліся на ўдзел у аплачваемых грамадскіх работах, яшчэ адзін пройдзе перанавучанне на повара з наступным працаўладкаваннем у райспажыўтаварыстве.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *