Даволі прадстаўнічая каманда знатакоў замежнай мовы накіравалася сёлета ў Віцебск на VII абласны фестываль міжкультурных камунікацый навучэнцаў устаноў адукацыі. Пераможцы раённага этапу выступілі ў чатырох з пяці намінацый і ўсе вярнуліся дамоў з дыпломамі лаўрэатаў.
“Адкуль ты, маленькае дзіва?” – пыталіся члены журы намінацыі “Фабрыка зорак” у чацвёртакласніцы Ушацкай школы Паліны Салаўёвай. Артыстызм, з якім самая юная ўдзельніца фінальнага этапу выканала песню на англійскай мове з мюзікла “Нашчадкі”, уразіў суддзяў і быў ацэнены дыпломам І ступені. Пры гэтым Паліна, разам з квартэтам хлопчыкаў з Браслаўшчыны, атрымала самыя высокія ацэнкі ў гэтай намінацыі. Дзяўчынка прызнаецца, што ўрокі англійскай мовы, якую вядзе Людміла Сямёнаўна Варанько, для яе адны з самых любімых, аб чым сведчаць і стабільныя “дзясяткі” па гэтым прадмеце. Ну а вакальныя здольнасці яна развівае на адпаведным аддзяленні дзіцячай школы мастацтваў.
Як рыба ў вадзе адчувае сябе на сцэне васьмікласнік Ушацкай школы Марат Клачок, які прадстаўляў раён у намінацыі “Я – гід”. Харызматычнасць і добрае валоданне размоўнай нямецкай мовай дапамаглі вучню Галіны Сяргееўны Данілёнак захапляльна распавесці кранальную гісторыю стварэння Бетховенам знакамітай “Месяцавай санаты”. Выступленне суправаджалася відэаролікам выканання твору навучэнцамі дзіцячай школы мастацтваў, якую наведвае хлопец. Марат стаў уладальнікам дыплома ІІ ступені.
Ужо некалькі год прадстаўляе раён на фестывалі дзевяцікласніца Ільюшынскай СШ Кацярына Халімоненка. Спасцігаць нямецкую мову дзяўчыне дапамагае настаўнік Ларыса Уладзіміраўна Шарыпа, а прамова на тэму: “Сябар: віртуальны або рэальны?”, у якой Каця прыводзіла доказы перавагі звычайных стасункаў над зносінамі ў інтэрнэт-прасторы, прынесла нашай канкурсантцы дыплом ІІІ ступені ў намінацыі “Я – аратар”.
Як звычайна відовішчным дзействам стала выступленне ўдзельнікаў намінацыі “Міні-тэатр”. Сёлета гонар раёна абараняў творчы калектыў Ушацкай школы пад кіраўніцтвам настаўніка англійскай мовы Вольгі Уладзіміраўны Хамянок. Юныя артысты расказалі на сцэне гісторыю па матывах знакамітага твора “Аліса ў краіне цудаў” Л.Кэрала.
– У нашай пастаноўцы абыгрывалася тэма англійскіх забабонаў, якую мы якраз праходзілі з васьмікласнікамі: такім чынам я намагалася павялічыць карыснасць ад удзелу ў фестывалі, – расказвае Вольга Уладзіміраўна. – Дарэчы, аснову нашай акцёрскай трупы склалі вучні 8 “Б”, пры гэтым яны пастараліся праявіць свае лепшыя таленты: Улада Маісеева раскрылася не толькі як актрыса і спявачка, а і як рэжысёр, а Аня Карабань – як мастак, добра справіліся са сваімі ролямі Святаслаў Марковіч, Дзяніс Гайковіч і Валерыя Стуканава, а вось іх аднакласніцу Паліну Шакута, якая не змагла паехаць у Віцебск, тэрмінова падмяніла вучаніца 6 “В” Паліна Сазонава. Лічу, што выглядалі нашы дзеці на фестывалі вельмі годна: пастаноўка была ацэнена дыпломам ІІІ ступені. Галоўнае ж, што яны атрымалі задавальненне ад удзелу, узнялі самаацэнку і прасякнуліся жаданнем глыбей вывучаць замежную мову.
Вялікую лепту ў добры вынік выступлення ўшачан унеслі таксама праграміст Максім Кашко, педагог па вакале Алена Анатольеўна Сазонава, настаўнік абслугоўваючай працы Алена Уладзіміраўна Жарнасек, якая выступіла ў ролі касцюмера для міні-тэатра.
У сучасным свеце без ведання замежных моў не абысціся ў большасці сфер. І фестываль міжкультурных камунікацый дае вучням магчымасць ацаніць свой узровень, стымулюе да самаўдасканалення, ну а мы атрымліваем прыемную падставу ганарыцца нашымі дзецьмі.
Наталля БАГДАНОВІЧ.