Областной туристический слёт для школьников прошёл на озере Вечелье в Ушачском районе

Cпорт

Штогод моладзь з абласнога цэнтра і практычна ўсіх раёнаў вобласці збіраецца на традыцыйны абласны турзлёт. На гэты раз ён адбыўся ва Ушачах на возеры Вечалле і быў прымеркаваны да Года роднай зямлі. На працягу трох дзён юнакі і дзяўчаты двух узроставых груп – 2004-2006 і 2000-2003 гадоў нараджэння – з 18 каманд змагаліся за кубак пераможцы. А ўчора, 25 мая, эстафету перанялі педагогі.

Пачалося мерапрыемства, якое праводзіцца ў тым ліку з мэтай патрыятычнага выхавання, у знакавым месцы – на мемарыяльным комплексе “Прарыў”. Падчас урачыстага мітынгу школьнікі даведаліся пра гісторыю стварэння і нядаўнюю рэканструкцыю манумента, аб падзеях, якія адбываліся на ўшацкай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З вялікай цікавасцю юнакі і дзяўчаты паўдзельнічалі ў экскурсіі па “Прарыве”, а пазней вызначылі самых уважлівых і дасведчаных падчас тэматычнай віктарыны.

І вось урэшце дадзены старт турзлёту. А першае выпрабаванне – прыкладное мнагабор’е ў тэхніцы веласіпеднага турызму. Школьнікам неабходна было пераадолець дыстанцыю, прадэманстраваць майстэрства фігурнага кіравання. І з гэтым каманды справіліся на вышэйшым узроўні, а пацвярджэнне гэтаму – толькі 15 месца ўшачан, якія летась ва ўзгаданым відзе былі ўладальнікамі “бронзы”.

Вельмі насычанымі і ў той жа час больш плённымі для нашай каманды сталі другі і трэці дні турзлёту. Юнакі і дзяўчаты выпрабоўвалі сябе ў тэхніцы горна-пешаходнага турызму, эстафеце з арыентаваннем, дэманстравалі свае творчыя здольнасці ў конкурсах газет і мастацкай самадзейнасці, спаборнічалі ў праходжанні маршруту на байдарках.

Той, хто скажа, што ўсё гэта – задача не з цяжкіх, глыбока памыляецца! Каб адчуць на сабе хоць частачку той нагрузкі, якую вытрымліваюць юныя турысты, на адну з дыстанцый разам з арганізатарамі выйшлі і мы. Вядома, у адрозненне ад удзельнікаў каманд мы мелі схему маршруту і пераадольвалі шлях улегцы. Школьнікам жа трэба было хутка зарыентавацца ў лясным масіве і прабегчы практычна тры кіламетры з цяжкім абсталяваннем на плячах. “Такая ноша не цягне! – з усмешкай зазначыла самая “дробная” з удзельніц нашай каманды Сняжана Залатая. – Гэтыя тросы, карабіны, страхоўкі дапамаглі нам без асаблівых цяжкасцей узняцца на гару і спусціцца з яе, прайсці навясную пераправу. Шкада толькі, што падчас этапу “насілкі” мне дасталася роля пацярпелага – да вырабу названага атрыбуту мяне не дапусцілі”. Зрэшты, такую апантанасць дзяўчына не разгубіла на працягу ўсяго турзлёту: удзельнічала ў краязнаўчай віктарыне, выступала з візітоўкай каманды, не пабаялася і ўпершыню сесці на байдарку, прадэманстраваўшы на воднай трасе дастаткова высокі вынік. “Няпростым стала выпрабаванне “купіны”, – далучылася да размовы Вікторыя Сцяпанава. – Для пераадолення балота трэба было перацягваць дастаткова важкае бервяно і дэманстраваць практычна акрабатычныя навыкі, прабягаючы па ім”. Хапіла цяжкасцей на трасе і прадстаўнікам моцнай паловы. Так, напрыклад, Уладзіслаў Анецька найбольш хваляваўся падчас праходжання вузкага бервяна над дастаткова глыбокім ярам. І калі сам літаральна “праляцеў” на другі бок ручая, сваім таварышам па камандзе аказваў пасільную дапамогу.

Трэба сказаць, што юныя ўшацкія турысты да кожнага з этапаў аднесліся з адказнасцю, усе заданні былі размеркаваны, што называецца, па сілах і здольнасцях. Тым больш, што многія са школьнікаў – дастаткова напрактыкаваныя турысты, выхаванцы вопытнага педагога В.У.Кораня і адпаведнага гуртка ў раённым цэнтры дзяцей і моладзі.

У выніку ўшачане практычна ва ўсіх дысцыплінах трымаліся ў сярэдзіне. Улічваючы ж тое, што ў агульны залік браліся вынікі каманд адразу дзвюх узроставых груп (у нас выстаўлена толькі старэйшая), мы аказаліся толькі на 17 месцы. “Сапернікі былі вельмі моцныя, таму канкурэнцыя на кожным этапе спаборніцтваў была жорсткая: барацьба ішла за кожны бал, – расказала прадстаўніца нашай каманды Ілона Буйневіч. – А калі ўлічыць, што ў некаторых конкурсах за буйныя гарады выступалі спартсмены-прафесіяналы, то “сярэдні” вынік можна лічыць удачай. Тым больш што многіх сваіх суседзяў, такія ж сельскія раёны, мы ў асобных відах апярэдзілі”. Трыумфатарам жа сёлетняга турыстычнага злёту школьнікаў была каманда Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, на другім месцы – каманда Віцебскага раёна, на трэцім – Першамайскага.

Напрыканцы турыстычнага злёту юнакі і дзяўчаты з абласнога цэнтра не хавалі свайго захаплення: “Вельмі спадабалася ваша возера Вечалле – ніякіх мораў не патрэбна! Не ўстрымаліся, каб не адкрыць тут сёлета купальны сезон”.  “Прагуляцца па лясных сцяжынах, палюбавацца “плантацыямі” ландышаў, паслухаць спеў салаўя – што можа быць больш рамантычна?!” – дзялілася эмоцыямі лёзненская каманда. “Спартыўныя выпрабаванні прынеслі шмат задору, энергіі, адрэналіну! Супакойвацца, праўда, не выпадае: трэба рыхтавацца да наступных турыстычных злётаў”, – зазначылі сенненцы. Зрэшты, і гаспадары абласнога турзлёту – каманда Ушацкага раёна – ставяць перад сабой дастаткова амбіцыйныя планы: у наступны раз аказацца ў ліку лідараў!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *