Адправіцца ўсёй сям’ёй на рыбалку, на прагулку ў лес незалежна ад пары года ці на ўлонні прыроды зрабіць шашлыкі. Такі сумесны адпачынак – адна з традыцый мнагадзетнай сям’і Курбака з гарпасёлка. Наогул тут усё робяць разам, не дзеляць абавязкі на мужчынскія і жаночыя, не адпачываюць паасобку, давяраюць, падтрымліваюць і паважаюць адзін аднаго, бо лічаць, што менавіта ў гэтым просты сакрэт сямейнага шчасця.
Пачыналася ж іх гісторыя больш 13 гадоў таму. Дагэтуль шляхі Алесі і Сяргея не перасякаліся. Яна, атрымаўшы прафесію прадаўца, працавала ў Полацку, а ён у родных Ушачах будаўніком у ПМК-66. Праз некаторы час Алеся, ураджэнка Ільюшына, вярнулася на Ушаччыну і ўладкавалася ў райспажыўтаварыства. Маладому прадаўцу тады, у 2004-м, даверылі новы магазін “Гарачы хлеб”.
– Прыкмеціла Сяргея, як аднаго з пастаянных пакупнікоў гандлёвай кропкі, потым ён пачаў аказваць знакі ўвагі, а рашаючай стала сустрэча на навагоднім агеньчыку, які святкавалі нашы калектывы ў рэстаране. А літаральна праз пару месяцаў ён прапанаваў мне руку і сэрца, – прыгадвае гісторыю знаёмства Алеся, прызнаючыся, што доўга сваім адказам хлопца не марнавала, бо адчувала, што гэта яе лёс.
Сямейнае жыццё, як і ў многіх маладых, пачыналася няпроста: не было ўласнага кутка, капіталу. Жылі ў інтэрнаце, месца ў якім Сяргею выдзеліла прадпрыемства, дапамагалі, чым маглі, бацькі. У хуткім часе ў пары на свет з’явіўся чаканы першынец – дачушка Ксюша. Многія сем’і пасля нараджэння першага дзіцяці доўга не рашаюцца на другое, хочуць пажыць для сябе, абзавесціся жыллём. Алеся і Сяргей вельмі хацелі сыночка, і праз некалькі гадоў сям’я папоўнілася Глебам, а крыху пазней рашыліся і на трэцяе дзіця. Дарэчы, Назар з’явіўся на свет, калі сям’я ўжо абзавялася ўласным жыллём. Якраз у той час актыўна будаваліся новыя дамы на Віцебскай, і ў адным з іх яны атрымалі чаканую трохпакаёвую кватэру.
– Сказаць, што ўзрадаваліся новаму жыллю – нічога не сказаць. Той, хто спраўляў наваселле ў новым доме, разумее, якое гэта шчасце. Хоць, канечне, было нямала клопатаў і праблем – дом здаваўся без аддзелкі. Работы хапала. Удваіх, напрыклад, рабілі падлогу, – расказваюць Алеся і Сяргей.
Зрэшты, гэты дом будавала якраз ПМК-66. Хоць Сяргей у той час быў заняты на будаўніцтве завячэльскага комплексу, але ўсё ж прыклаў руку да свайго жылля – рабіў з калегамі дах шматпавярхоўкі.
Аднак у клопатах, звязаных з абсталяваннем свайго кутка, маладыя людзі не забываліся ўдзяляць дастаткова ўвагі дзеткам.
Пасля выхаду з дэкрэтнага водпуску Алеся працуе ў магазіне “Вікторыя”, работа па два дні з 7 да 22 гадзін часам не дазваляе паспець зрабіць усе хатнія справы. Але яе заўсёды падстрахоўвае муж – ён і малодшага Назара з дзіцячага садка забярэ, і вячэру прыгатуе, і дапаможа дзецям з урокамі ці сабрацца ў школу. У сваю чаргу Сяргей сцвярджае, што яго другая палавінка – надзейны тыл, ва ўсім падтрымлівае і словам, і справай.
Хоць і жывуць у кватэры, але маюць участак, на якім садзяць агародніну: вырашчанае сваімі рукамі – выдатная падмога для вялікай сям’і. Свой уклад у гэту справу ўносяць ужо і старэйшыя дзеці.
– Канечне, не заўсёды лёгка вялікай сям’і ў фінансавым плане, бывае, што хварэем самі ці дзеці, але ўсё роўна няма большага шчасця, чым чуць у доме звонкія дзіцячыя галасы і бачыць з раніцы іх усмешкі, – упэўнены бацькі.
Радуюць дзеці і сваімі поспехамі. Ксенія вучыцца на вакальным аддзяленні школы мастацтваў і гэтымі днямі якраз старанна рыхтавалася да ўдзелу ў канцэрце, прысвечанаму Дню сям’і. Глеб спявае ў хоры і грае на фартэпіяна. Каб хлопчык мог займацца і дома, бацькі набылі інструмент. “Суседзі не скардзяцца на нашы дамашнія рэпетыцыі, наогул наш пад’езд музыкальны – фартэпіяна ёсць яшчэ ў некалькіх кватэрах!” – з усмешкай адзначае тата. Як і мае быць дружнай сям’і, яны стараюцца не прапускаць канцэртаў, на якіх выступаюць дзеці: падтрымка здымае ўсе хваляванні! Наогул Курбакаў вылучае асаблівая цеплыня адносін, непадробныя шчырасць і адкрытасць. Вось і пакуль рыхтаваліся да сямейнага фотаздымка, Глеб знаёміў са сваёй “падсобнай гаспадаркай” – хамякамі, Ксюша ахвотна расказвала пра поспехі ў школе, а малодшы Назар зараджаў абаяльнай усмешкай. А калі яны сваёй сямейнай камандай выпраўляюцца з дому – многія па-добраму ім зайздросцяць. І верыцца, што ў гэтай сям’і з’явіцца яшчэ не адна добрая традыцыя.
Вольга КАМАРКОВА.