Менавіта такое вызначэнне далі свайму сямейнаму саюзу Галіна Іосіфаўна і Аляксандр Уладзіміравіч Качаны з вёскі Гарадзец. Разам пара ўжо 37 гадоў. І хоць лёс прыгатаваў абаім нямала выпрабаванняў, яны лічаць сябе цалкам шчаслівымі людзьмі. Увесь сакрэт, як бы банальна гэта не гучала, – у наяўнасці побач надзейнага тылу, чалавека, гатовага ахвяраваць сабой дзеля сям’і.
Галіна Іосіфаўна і Аляксандр Уладзіміравіч разам са школьных гадоў. Дзяцінства абаіх прайшло ў Вялікіх Дольцах, адкуль мужчына родам, а сям’я жанчыны пераехала сюды з Карэліі. Усё нібыта падказвала, што ім наканавана быць разам: агульныя сябры, падобныя погляды на жыццё і асаблівае адчуванне спакою ў кампаніі адзін аднаго.
Шмат гадоў героі нашага аповеду пражылі ў Наваполацку. Аляксандр Уладзіміравіч працаваў на заводзе “Палімір”, а Галіна Іосіфаўна – на “Вымяральніку”. Калі ж у сям’ю пастукалася бяда – сур’ёзна захварэў муж – жанчына звольнілася і ўзяла на сябе клопат аб ім.
– Я рана стала сіратой, – ледзь стрымліваючы слёзы, успамінае жанчына. – Маці памерла, калі мне было ўсяго 12 гадоў. Зведала нямала бед, спадзявацца на падтрымку кагосьці не прыходзілася. Таму добра разумею, наколькі важна мець сем’ю, і гатова аддаць усё, каб захаваць тое, што мне падарыў лёс. Удзячна яму за цудоўнага мужа, дваіх дзетак і трох унучак.
Дом у Гарадцы дастаўся Качанам у спадчыну ад бабулі Аляксандра Уладзіміравіча. Прыязджалі сюды толькі летам, але пазней вырашылі канчаткова перабрацца ў гэтае маляўнічае месца. Так, побач з невялікім старым будынкам хутка вырас новы двухпавярховы “церам”. Зрэшты, будавалі яго агульнымі сіламі – бацькі і іх ужо дарослыя дзеці. Побач з’явілася шыкоўная лазня з пакоем для адпачынку, дзе любяць збірацца не толькі гаспадары, але і іх шматлікія сябры. Не прэч пасядзець з вудай на тутэйшай саджалцы прадстаўнікі моцнай паловы, а жанчыны мусяць абмеркаваць нюансы вырошчвання агародніны на прысядзібным участку.
І ўсё ж такая амаль ідэлічная абстаноўка не ўтрымала ў вёсцы малодшае пакаленне. Сын з дачкой перабраліся ў горад, стварылі свае сем’і. Аднак пры любой магчымасці спяшаюцца ў Гарадзец да бацькоў.
Аднавяскоўцы ведаюць Качаноў як працалюбівых, старанных людзей. Ды і не толькі аднавяскоўцы: расаду таматаў, перцаў, іншых культур, вырашчаную гаспадыняй, ахвотна набываюць на рынку ў гарпасёлку многія жыхары Ушацкага раёна. Якасны тавар разлятаецца за лічаныя гадзіны і нават хвіліны.
– Гэта для мяне і спосаб падзарабіць, і занятак для душы, – прызнаецца жанчына. – Лічу сябе вопытным агароднікам, ведаю ўсе вартасці і недахопы саджанцаў, раю сваім пакупнікам, сярод якіх многа пастаянных, аптымальныя гатункі.
На ўчастку Галіны Іосіфаўны і Аляксандра Уладзіміравіча некалькі цяпліц – і ва ўсіх, як і на адкрытых градках, заўсёды зайздросная чысціня, парадак. Напэўна за гэта зямля штогод дзякуе дбайным гаспадарам добрым ураджаем. Частка вырашчанага ідзе на рэалізацыю, астатняе спажываюць самі. Штогод жанчына закрывае да 500 слоікаў з нарыхтоўкамі на зіму – і сабе, і блізкім хапае!
Зрэшты, да ліку апошніх Галіна Іосіфаўна і Аляксандр Уладзіміравіч адносяць не толькі сваякоў. Цёплыя, практычна сямейныя адносіны наладжаны ў іх з многімі аднавяскоўцамі. Так, напрыклад, з суседзямі з Літвы ўлетку разам бавяць вольны час, адзначаюць святы. А ў іх адсутнасць у вёсцы прыглядаюць за домам, апрацоўваюць участак, каб не зарос.
– Атмасфера ў нас асаблівая! – расказвае пра Гарадзец А.У.Качан. – Гэта вялікае шчасце прагуляцца па квітнеючых садах (а яны навокал: “дзікія” і пасаджаныя людзьмі), схадзіць у лес па грыбы, падыхаць чыстым паветрам. У такім райскім куточку ніякія беды не страшныя. Ну а калі побач блізкія – жыццё ўвогуле набывае асаблівы сэнс.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.