Завершился наш фотоконкурс «Мой папа — самый лучший!» Поздравляем победителей!

Общество

Вось і падышоў да завяршэння наш конкурс, які стаў рэкордным па сваёй працягласці і колькасці дасланых здымкаў. Такім чынам, сёння мы падводзім вынікі больш чым трохмесячнага “фотамарафону”, галоўнай мэтай якога было падкрэсліць важную ролю мужчын у выхаванні дзяцей, даць магчымасць як мага большай колькасці ўшачан убачыць партрэты сваіх блізкіх на старонках газеты. Думаецца, гэтага мы дасягнулі.

Але конкурс прымушае назваць пераможцаў. Нагадаем, што фіналістаў праекта вызначыла рэдакцыя, пасля чаго за лепшыя здымкі галасавалі чытачы на сайце газеты і па тэлефоне. Агульны вынік складаецца па суме месцаў у двух фарматах: чым лічба менш, тым вышэй канчатковая пазіцыя.

Такім чынам, у галасаванні на сайце першая дзясятка выглядае так (прыводзім толькі прозвішчы): 1. Шустроў. 2. Мядзведскі. 3. Сакалоў. 4. Азевіч. 5. Шчэрбік. 6. Станкевіч. 7. Пятніца. 8. Плікат. 9. Павукоў. 10. Бакан.

У тэлефонным галасаванні месцы ў верхняй палове размеркаваліся наступным чынам: 1. Шустроў. 2. Сакалоў. 3. Пятніца. 4. Бабенка. 5. Бакан. 6 і 7 падзялілі Шчэрбік і Падасінавік. 8. Мядзведскі. 9. Кашэвераў. 10. Азевіч.

Канчатковыя вынікі конкурсу наступныя. Першае месца, выйграўшы абодва віды галасавання, занялі Мікалай Шустроў з дачкой Ксюшай (2 балы). На другім – мнагадзетны тата Вячаслаў Сакалоў з Янай, Аняй і Назарам (5 балаў). Ну а трэцяе, набраўшы па 10 заліковых балаў, падзялілі Андрэй Пятніца з сынамі Іванам і Цімафеем і Ігар Мядзведскі з дачкой Валерыяй. Усім прызёрам будуць уручаны памятныя прызы (ім варта патэлефанаваць на нумар 2-73-61).

Вельмі спадзяёмся, што астатнія ўдзельнікі, якім не хапіла месца на “п’едэстале”, не засмуцяцца і паспрабуюць “узяць рэванш” у наступных конкурсах – дарэчы, прапановы па іх тэматыцы нам паступаюць ад многіх чытачоў. Мы ж хочам выказаць удзячнасць усім за незвычайную актыўнасць, гарачае абмеркаванне ходу галасавання. Адметным стала тое, што да яго падключыліся не толькі ўшачане, а і жыхары розных куточкаў Беларусі: тэлефанавалі да нас з Навагрудка і Краснаполля, Мінска і Сянно, Гродна і Наваполацка. Конкурс стаў добрай нагодай для таго, каб успомніць сяброўскія і сваяцкія сувязі: некаторыя людзі не толькі аддавалі свае галасы за ўдзельнікаў, а і з цеплынёй расказвалі пра іх, прыгадвалі, як вучыліся ці працавалі разам. Так, напрыклад, літаральна ўся глыбачанская бальніца выказалася ў падтрымку А.Пятніцы, якога лічаць цудоўным татам, а мінчанка Кацярына паведаміла, што была сведкай з’яўлення на свет аднаго з дзяцей сям’і Сакаловых, бо ў гэты час таксама ляжала ў Наваполацкім радзільным аддзяленні: “Вельмі рада, што ў іх ужо трое дзетак. У нас пакуль толькі двое, але ж пастараемся не адставаць!”

Разам з тым, было і шмат “незацікаўленых” людзей, якія персанальна не ведалі ўдзельнікаў, а галасавалі менавіта за здымкі. “Спадабалася фота Віталя Бакана: на ім яскрава бачна, што для хлопчыкаў ён насамрэч лепшы!”, “Аддаю голас за Вадзіма Кашэверава, бо здымак выдатна перадае пяшчоту таты”, – так тлумачылі свой выбар чытачы.

Ну а мы за гэты час абсалютна ўпэўніліся ў тым, што ўшацкія таты – самыя лепшыя. Плануем, што некаторыя ўдзельнікі конкурсу стануць героямі нашых асобных матэрыялаў.

Вялікі дзякуй усім і да новых сустрэч!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *