Активисты БРСМ Ушаччины приняли участие в марафоне «Поезд Победы»

Общество

Брэсцкая крэпасць-герой… Бадай, няма ў нашай краіне чалавека, які б не ведаў аб трагічных старонках тых чэрвеньскіх дзён, калі мужныя воіны ўтрымлівалі крэпасць, пакідаючы прыклад самаадданасці нашчадкам. “Перад памяццю мужнасці, крэпасці Брэсцкай сыноў, крылы схіляюць і птушкі цераз смугу мінулых гадоў”, – гучаць словы страявой салдацкай песні. І каб абу­дзіць у  сэрцах сённяшняй моладзі патрыятычныя пачуцці, ушанаваць памяць аб загінуўшых, ужо стала добрай традыцыяй праводзіць на Віцебшчыне марафон пад сімвалічнай назвай “Цягнік Перамогі”. Сёлета ўдзел у ім прынялі і ўшачане, актывісты БРСМ.

Правядзенне гэтай акцыі пачалося ў абласным цэнтры з урачыстага мітынгу. А пасля моладзь заняла свае месцы ў цягніку “Віцебск-Брэст” і накіравалася ў надзвычай цікавае падарожжа.

Першай нас сустрэла Орша. Словы прывітання выказалі прадстаўнікі адміністрацыі горада, кіраўнікі грамадскіх аб’яднанняў. Не прымусіў сумаваць і далейшы шлях – прама ў вагонах ладзілася насычаная конкурсная праграма. Дэлегацыі павінны былі прадставіць агітацыйную брыгаду, нумары мастацкай самадзейнасці, лістоўку, аформіць на ваенны лад купэ. З гэтым ушачане справіліся на выдатна: прадставілі свой варыянт знакамітай “Кацюшы”, арыгінальна перадалі атмасферу далёкіх ваенных часоў праз “жывы фотаздымак”. Дыплом І ступені накіраваўся менавіта ў наш раён.

А раніцай гасцей сардэчна вітаў Брэст, цікавая экскурсія па крэпасці і горадзе.

Час праляцеў непрыкметна, пакінуўшы незабыўны след у сэрцах удзельнікаў акцыі, значнасць якой цяжка пераацаніць. “Сёлета нашым грамадскім аб’яднаннем запланаваны шэраг падобных мерапрыемстваў, – адзначыла першы сакратар райкама БРСМ Рыта Півульская. – Мы пастараемся дайсці да кожнага ветэрана Ушаччыны, каб пакланіцца за Перамогу. А за ўдзел у акцыі – выдзеленыя сродкі і транспарт – мы ўдзячны райвыканкаму, раённым арганізацыям Фонду міру, Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, дзяржаўных органаў і іншых устаноў, кіраўніцтву ТАА “Лес”.

У.ХАМЁНАК, удзельнік марафону.



1 комментарий по теме “Активисты БРСМ Ушаччины приняли участие в марафоне «Поезд Победы»

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *