У барацьбе з авітамінозам
Мабыць, захацелася вітамінчыкаў беспрацоўнаму, раней судзімаму жыхару вёскі Лутава Сяльцо 1980 года нараджэння, бо падчас пранікнення ў дачны дом палачанкі ў Лутаве ён звярнуў увагу выключна на варэнне. Здабычай зламысніка сталі шэсць слоікаў ласунку на агульную суму 30 рублёў. Вось толькі абышоўся ён мужчыну значна даражэй: у адносінах яго ўзбуджана крымінальная справа.
Не па-суседску
Гэты ж грамадзянін “засвяціўся” і на іншых справах. Прычым, далёка не хадзіў – краў у суседзяў. Так, у дачным доме жыхара Наваполацка ў Лутава Сяльцы прыхапіў дзве каністры з адпрацаваным маслам. Непадалёк разбагацеў на кампрэсар ад халадзільніка, алюмініевы посуд і медную абмотку ад тэлевізара – урон, які пацярпеў гаспадар маёмасці, склаў 120 рублёў. Не пагрэбаваў мужчына і дзіцячым веласіпедам, які знайшоў у двары чарговага дачнага дома ў населеным пункце. Праўда, на гэты раз дзейнічаў не адзін, а з таварышам. Аб’ектам увагі злодзеяў сталі таксама некалькі адрасоў ва Угрынках, дзе яны пажывіліся маразільнай камерай, рухавіком ад халадзільніка, курткай, посудам і іншымі рэчамі. Па ўсіх гэтых і некаторых іншых фактах абаім давядзецца па ўсёй жорсткасці адказаць перад законам.
Крымінальны ўлоў
Вырваўшы дзвярны прабой з замком, зламыснік залез у дачны дом жыхара Ушач у вёсцы Дудчына, дзе пажывіўся рэчамі на суму 750 рублёў. Яго “ўловам” сталі газавая пліта, халадзільнік, металічныя каркасы ад ложка і іншая маёмасць. Асоба выкрадальніка ўстанаўліваецца.
“Залатая рыбка”
Менавіта гэтую народную казку, па ўсім відаць, будзе яшчэ доўга ўспамінаць беспрацоўны жыхар вёскі Чарапоўшчына 1987 года нараджэння. У забаронены для рыбалкі час і забароненымі прынадамі – сеткамі – на возеры Вітава ён здабыў 2 шчупакі, 1 ліна, 2 галаўні, 9 акунёў, 6 плотак, 2 краснапёркі і 1 ляшча. Незаконны ўлоў, які выявілі і канфіскавалі прыродаахоўнікі, абыдзецца мужчыну ў 3 тысячы 675 рублёў. І гэта толькі ўрон, нанесены навакольнаму асяроддзю, не кажучы пра магчымы штраф за здзейсненае правапарушэнне.
Гэта яму не задавалі
Жыхар райцэнтра пазбавіўся маёмасці на суму 106 рублёў. З яго “Пежо”, прыпаркаванага ў двары дома, злодзей “прыбраў” набор аўтамабільных ключоў і флэш-карту. Устаноўлена, што крадзеж ажыццявіў жыхар вёскі Ліпавец 2000 года нараджэння. Невядома, ці атрымаецца зараз студэнту аграпрамысловага каледжа скончыць вучобу: яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Зайшоў у госці
Ну хто б падумаў, што адна з кватэр у доме па вуліцы Віцебскай у гарпасёлку практычна на вачах у гаспадара і суседзяў стане аб’ектам павышанай цікавасці з боку зламыснікаў?! Аднак палезлі. Знайшоўшы ў “надзейным” месцы ключ, невядомы злодзей пранік у памяшканне, дзе правёў дасканалую “рэвізію”. Падчас яе і знайшоў заначку гаспадароў на чорны дзень – тысячу долараў і 500 беларускіх рублёў. Па факце крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа.
“Эканамістка”
Па-ранейшаму ў міліцэйскія зводкі трапляюць неплацельшчыкі аліментаў. На гэты раз крымінальная справа ўзбуджана ў адносінах жыхаркі вёскі Старое Сяло Ушацкага сельсавета 1995 года нараджэння. Жанчына не лічыла патрэбным выдзяляць сродкі на ўтрыманне свайго дзіця, да таго ж дапускала прагулы на працоўным месцы без уважлівых прычын. За такую “эканомію” і гультайства гора-маці давядзецца адказаць перад законам.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.