Паветраныя i кабельныя лiнii электраперадачы, падстанцыі, размеркавальныя пункты тояць у сабе рэальную небяспеку для жыцця. Большасць цяжкіх няшчасных выпадкаў, звязаных з паражэннем электрычным токам, адбываецца ў выніку дакранання да правіслых правадоў ці тых, што ляжаць на зямлі.
Нават пасля абрыву провад электрычнай сеткі можа знаходзіцца пад напружаннем і пры яго трапленні на зямлю пад электрычным патэнцыялам аказваецца ўчастак ля яго. Таму нельга падыходзіць да абарванага проваду бліжэй 8 метраў – ногі падчас хадзьбы апынуцца на рознай адлегласці ад пункту замыкання, а значыць пад розным электрычным патэнцыялам, што стварае так званае “напружанне крокаў”. Пад дзеяннем току ў нагах узнікаюць сутаргі, чалавек валіцца і ланцуг току замыкаецца яго целам. Калі вы ўсё ж трапілі ў “крокавае напружанне”, нельга адрываць падэшвы ад паверхні зямлі. Аддаляйцеся ад проваду “гусіным крокам”: не адрываючы ногі ад зямлі.
Правадніком току з’яўляецца не толькі зямля, але і бетонная ці цагляная падлога. 6-гадовы хлопчык памёр ад электратраўмы, якую атрымаў, крануўшы правады на даху дома, дзе гуляў з сябрамі. 18-гадовы юнак загінуў пад паветранай лініяй пры пераходзе з паднятай уверх вудай, якой закрануў правады. Гэтыя прыклады не адзінкавыя.
Выявіўшы паваленыя апоры, абарваныя ці правіслыя правады, неадкладна арганізуйце ахову месца пашкоджання, каб іншыя людзі і жывёлы не закранулі іх. Ахову кідаць нельга! Паспрабуйце крыкам прыцягнуць увагу людзей, паведаміце аб тым, што здарылася, каму-небудзь з дарослых або патэлефануйце па нумары 2-10-51 дыспетчару РЭСа. Калі вакол працяглы час няма людзей і ў вас няма з сабой тэлефона, зрабіце агароджу месца пашкоджання з наяўнага пад рукой матэрыялу: палак, галін, дрэў. Пасля гэтага можна пайсці да бліжэйшага тэлефона для паведамлення пра аварыю. Катэгарычна забараняйце дзецям гуляць паблізу паветраных ліній электраперадачы і падстанцый, запускаць “паветранага змея”, накідваць што-небудзь на правады, залазіць на апоры, прыстаўляць да іх лесвіцы і іншыя прадметы.
Найбольшую небяспеку ўяўляюць правады паветраных ліній, размешчаныя ў кроне дрэў ці кустоў або паблізу да іх. Не дакранайцеся да такіх дрэў і не разгойдвайце іх, асабліва ў сырое надвор’е – гэта праваднік электрычнага току.
У паветры паміж электраўстаноўкай і целам чалавека ўзнікае электрычная дуга і наносіць несумяшчальныя з жыццём апёкі. Так, падлетак узабраўся на металічную апору паветранай лініі напружаннем 110 кілавольт, каб палкай спудзіць голуба. Наблізіўшыся да провада, атрымаў смяротную траўму.
С.ЯРМОШ, начальнік ушацкай раённай інспекцыі энерганагляду.