На какие льготы могут рассчитывать ликвидаторы Чернобыльской АЭС

Актуально Правовая консультация

У 2012 годзе ў Беларусі праведзены абмен пасведчанняў удзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, а таксама пацярпелых ад яе. Аднак не ўсе, як высветлілася, своечасова паклапаціліся пра гэта. А з павышэннем у краіне пенсійнага ўзросту наяўнасць новага “чарнобыльскага” статусу мае важнейшае значэнне. Пра гэта наша сённяшняя гутарка з начальнікам аддзела назначэння пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ушацкага райвыканкама Кацярынай Аляксандраўнай ГАБЛАЯ.

– Варта адзначыць, што “чарнобыльцы” маюць права на шэраг ільгот. Так, напрыклад, занятым на работах у межах 10-кіламетровай зоны ад ЧАЭС у 1986 годзе або не менш 10 сутак у 1987-м, пенсія назначаецца з паніжэннем агульнапрынятага пенсійнага ўзросту ажно на 10 гадоў.

Ліквідатары, занятыя на работах у межах 30-кіламетровай зоны эвакуацыі (адчужэння), пры ўмове наступлення інваліднасці любой групы могуць разлічваць на паніжэнне агульнапрынятага пенсійнага ўзросту на 5 гадоў. Але толькі ў тым выпадку, калі калецтва наступіла не ў выніку здзяйснення імі супрацьпраўных дзеянняў.

– Якія падставы на такое права?

– Адна з іх – дакументальнае пацвярджэнне факта і перыяду работы ў названай зоне. У даведках, атрыманых ад наймальнікаў ці з архіўных устаноў, павінны быць указаны перыяды работы, назвы населеных пунктаў, дзе яна праходзіла, зона радыеактыўнага забруджвання, а таксама пярвічныя дакументы, на падставе якіх даведка выдавалася: камандзіровачнае пасведчанне з адзнакай аб знаходжанні ў зоне, ваенны білет і інш.

– Хто яшчэ можа разлічваць на такую “раннюю” пенсію па ўзросце?

– Такое права ёсць у грамадзян, якія перанеслі прамянёвую хваробу, інвалідаў з прычыны катастрофы на ЧАЭС, іншых радыяцыйных аварый.

– Для назначэння датэрміновых пенсій патрэбна наяўнасць пэўнага працоўнага і страхавога стажу?

– Канечне. Нагадаю, што працоўны складае зараз не менш 20 гадоў для жанчын і не менш 25 – для мужчын.

– Наколькі нам вядома, ва ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС ёсць надбаўкі да пенсіі.

– Сапраўды. Занятым у 1986-1987 гадах у зоне эвакуацыі, на работах на станцыі, удзельнікам ліквідацыі іншых радыяцыйных аварый назначаецца надбаўка ў памеры 50 працэнтаў ад разліковай мінімальнай пенсіі па ўзросце (на сённяшні дзень гэта 24,915 рубля). Для ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС у 1988-1989 гадах яна складае 25 працэнтаў. Грамадзяне ж, у якіх інваліднасць звязана з катастрофай на ЧАЭС, атрымліваюць грашовыя выплаты ў наступных памерах: інваліды I групы, дзеці-інваліды ва ўзросце да 18 гадоў – 100 працэнтаў ад мінімальнага памеру разліковай пенсіі па ўзросце, інваліды II групы – 75 працэнтаў; III групы – 50.

– Ці могуць разлічваць на дзяржаўную падтрымку блізкія памерлага ліквідатара?

– Так. Калі прычынай смерці карміцеля стала калецтва ці захворванне, выкліканыя катастрофай на ЧАЭС, пенсія па яго страце назначаецца непаўналетнім дзецям, а таксама мужу (жонцы), бацькам непрацаздольнага ўзросту, якія засталіся без сродкаў на існаванне.

– Аварыя на ЧАЭС адбылася ў бытнасць СССР. Сённяшнім прэтэндэнтам на афармленне датэрміновай пенсіі, напэўна, няпроста сабраць неабходныя дакументы?

– Так, нярэдка даводзіцца рабіць запыты ў арганізацыі і архівы Расійскай Федэрацыі, а пры адсутнасці неабходных даведак даказваць сваё дачыненне да ліквідацыі наступстваў катастрофы праз суд, шукаць сведак з ліку ліквідатараў, якія маюць такія дакументы. І ўсё ж рабіць гэта варта! Тым больш, што дзяржструктуры аказваюць у гэтым істотную дапамогу.

Па ўсіх пытаннях устанаўлення статусу ўдзельніка ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС можна звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ушацкага райвыканкама.

Гутарыла Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *