В Ушачах закрывается городская баня. Куда отправится любителям лёгкого пара?

Общество

Аматары лёгкай пары даўно бьюць трывогу наконт закрыцця лазні ў гарадскім пасёлку. І маюць рацыю. Гэта не чуткі, а сур’ёзны намер камунальнікаў. Чым ён выкліканы і што чакае ўзамен тых, хто аддае перавагу ні душу, ні саўне, а менавіта рускай лазні, наша гутарка з дырэктарам УП ЖКГ Станіславам Браніслававічам ЗАВАДСКІМ.

– Лазню наведвае не вельмі шмат людзей, яна не акупляецца, прымаліся захады па зніжэнні страт, аднак аб закрыцці размовы не было.

– Закрыццё звязана не з эканамічнымі паказчыкамі, хоць аб’ект і сапраўды стратны, а з аварыйнасцю пабудовы. Другі паверх такім быў прызнаны ўжо больш дзесяцігоддзя таму, зараз працэс закрануў і першы. Камісіяй па надзвычайных сітуацыях пры Ушацкім райвыканкаме 20 лютага падпісаны пратакол аб тым, што аказваць там паслугі проста небяспечна. Таму райвыканкам 19 сакавіка 2018 года прыняў рашэнне ад закрыцці лазні і з мая яна будзе зачынена.

– Аднак лазня – не раскоша. Што рабіць тым, у каго дома няма душа ці хто прывык па суботах даставаць чарговы бярозавы венік?

– Мы хочам прапанаваць ім наведваць нашы лазні ў аграгарадках Арэхаўна і Ільюшына. У абедзвюх выдатныя ўмовы: утульна, добрае абслугоўванне, танна. Больш таго, у Арэхаўна мы будзем дастаўляць ушачан бясплатна. Мяркуем у першыя і трэція выхадныя месяца суботу рабіць мужчынскім днём, нядзелю – жаночым. У другія і чацвёртыя выхадныя лазня будзе працаваць па раскладзе аграгарадка Арэхаўна: да 14 гадзін мыюцца мужчыны, з 14 да 20 – жанчыны, ну і з 20 да 22 тыя, хто любіць пару пагарачэй. У аграгарадок Ільюшына раім наведвацца ўладальнікам уласнага транспарту. Працуе лазня па суботах з 10 да 22 гадзін, зараз там наведвальнікаў нямнога, чэргаў няма.

– Аднак пры закрыцці лазні ў райцэнтры сітуацыя можа змяніцца. І магчыма, што людзей будзе многа ў адзін і той жа час.

– Па-першае, мы мяркуем ажыццяўляць падвоз па папярэднім запісе. Такім чынам на 10, 12 ці 20 гадзін паедзе толькі шэсць чалавек. А па-другое, гатовы разгледзець прапановы людзей на гэты конт і таму зараз па нумары 2-70-76 (дыспетчарская служба) будзем прымаць заўвагі і парады. Усе слушныя пастараемся ўлічыць і выбраць аптымальны для ўсіх варыянт. Мяркую, што ў невялікіх, амаль што дамашніх лазнях, што працуюць у нашых аграгарадках, ушачанам спадабаецца.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *