Уроки кемеровской трагедии. МЧС проверяет места с массовым пребыванием людей

Cлужба-101 Профилактика и безопасность

Пра страшную трагедыю ў расійскім Кемерава чуў кожны: 25 сакавіка загарэўся буйны гандлёвы цэнтр “Зімовая вішня”. У выхадны дзень людзі там адпачывалі сем’ямі, школьнікі глядзелі мульт­фільмы ў кінатэатры… З вогненнага палону не змаглі выбрацца і загінулі 64 чалавекі, у тым ліку 41 дзіця. Па колькасці ахвяр гэты пажар стаў адным з самых буйных у Расіі за апошнія сто гадоў.

Да сэрца кемераўскую трагедыю прынялі многія беларусы. “У нас такога не павінна паўтарыцца!” – адзначыў Прэзідэнт краіны А.Лукашэнка і даручыў Міністэрству па надзвычайных сітуацыях праверыць месцы масавага знаходжання людзей, вывучыць работу сістэм сігналізацыі і пажаратушэння, а таксама эвакуацыйныя шляхі падобных аб’ектаў. Асаблівую ўвагу даручана звярнуць на прыватнікаў: з прыняццем Дэкрэта №7 “Аб развіцці прадпрымальніцтва” скарацілася колькасць праверак і спрасціліся ўмовы адкрыцця сваёй справы. Аднак Прэзідэнт засяроджваў увагу на жорсткім выкананні патрабаванняў бяспекі.

Зараз па ўсёй краіне праходзяць праверкі ў гандлёвых цэнтрах, на спартыўных арэнах, у санаторыях і бальніцах, там, дзе заўсёды мнагалюдна.

Ушацкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях зараз таксама правярае самыя наведваемыя аб’екты. Да такіх можна аднесці, напрыклад, магазін “Дабраном”. І калі з асартыментам тавараў тут праблем няма, то пра бяспеку гэтага сказаць нельга. Запасны эвакуацыйны выхад з гандлёвай залы застаўлены халадзільнай устаноўкай, а са складскога памяшкання – загрувашчаны прадукцыяй. Атрымліваецца, што ў выпадку пажару шляхоў выратавання будзе нямнога. Будынак забяспечаны аўтаматычнай пажарнай сігналізацыяй, аднак дакументацыя па правядзенні тэхабслугоўвання адсутнічае. У “Мясной лаўцы” такой сігналізацыі няма, толькі два вогнетушыцелі. Прыёмка ў эксплуатацыю гэтых дзвюх новых гандлёвых кропак ажыццяўлялася  без работнікаў МНС.

Маштабная праверка з адпрацоўкай плана эвакуацыі на мінулым тыдні была праведзена ў “Родным куце” і ўнівермагу. Сур’ёзных парушэнняў правіл пажарнай бяспекі тут не выяўлена, за выключэннем таго, што немалы гандлёвы аб’ект райспажыўтаварыства не забяспечаны аўтаматычнай пажарнай сігналізацыяй з вывадам сігналу на пульт дыспетчарызацыі МНС “Маланка”. А вось персанал аб’екта валодае недастатковымі навыкамі на выпадак надзвычайнага здарэння, хоць менавіта яны ў выпадку пажару павінны дапамагчы ўсім зарыентавацца, паказаць шляхі эвакуацыі і вывесці людзей. Практыка паказвае, не ўсе ўмеюць карыстацца і вогнетушыцелямі.

Заклапочанасць выклікала праверка будынка РКБА, дзе зараз  размяшчаецца нямала магазінаў і розных кропак па аказанні паслуг. Сітуацыя з бяспекай тут далёкая ад ідэальнай. Пажарныя краны не толькі знаходзяцца ў няспраўным стане – у іх наогул адсутнічае вада! Электраправодка эксплуатуецца з парушэннямі. Запасныя эвакуацыйныя выхады зачынены, іншыя шляхі эвакуацыі загрувашчаны ці на іх устаноўлены металічныя рашоткі з навяснымі замкамі.

Канечне, выратавальнікі не маглі пакінуць без увагі галоўную спартыўную пляцоўку раёна – “Юнацтва-Ушачы”, дзе штодня бывае нямала дарослых і дзяцей. Парушэнняў тут выяўлена не было – новы аб’ект здаваўся ў эксплуатацыю па ўсіх неабходных патрабаваннях і нарматывах. Як дзейнічаць у выпадку пажару, работнікі ведаюць – гэта пацвердзілася падчас адпрацоўкі плана эвакуацыі.

Па ўсіх выяўленых парушэннях праінфармаваны ўласнікі, дадзены час на іх выпраўленне. А планавыя праверкі працягваюцца: у бліжэйшы час экзамен будуць трымаць гасцініца, райбальніца, установы адукацыі і іншыя аб’екты. У пытаннях бяспекі дробязей не бывае.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *