У цудоўнай беларускай казцы «Смачны хлеб», як вядома, размова iдзе аб тым, што араты ваўку, якi хацеў яго з’есцi, узамен прапанаваў лусту хлеба. Той драпежніку надта спадабаўся і ён стаў распытваць мужыка, што трэба рабiць, каб кожны дзень мець кавалак такога смачнага бохана. Але, даведаўшыся аб даўжыні «тэхналагiчнага ланцужка», на другім канцы якога атрымлiваецца хлеб, воўк прыйшоў да простай думкi: хлеб смачны, але ж надта цяжкі… Мы ж жывём не ў казцы – вельмі няпроста працаўнікам вёскі, якія гэтым часам заходзяцца на самым пачатку таго ланцужка. Аб тым, як аграрыі рыхтуюцца да старту земляробчага цыкла, аб планах правядзення сяўбы наша інтэрв’ю з першым намеснікам начальніка райсельгасхарча С.А.БЕЛАГРЫЎЦАВЫМ:
– Сяргей Аляксандравіч, якімі справамі заняты зараз земляробы?
– У час, які застаўся да пачатку сяўбы, кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў трэба прыкласці максімум намаганняў для завяршэння рамонту тэхнікі. Але па вялікім рахунку, палявыя работы распачаліся ўжо даўно. Падсеў траў выкананы ў ААТ “Агра-Селішча” на 200 гектарах, КУСГП “Вялікадолецкае” – на 297, ААТ “Ільюшынскі” – 270. ДП “Маяк-Ушацкі” плануе гэтыя работы з пачаткам вегетацыйнага перыяду, будуць займацца падсевам траў КУСГП “Арэхаўна”, дзе ёсць 2,5 тоны насення, і КУСГП “Кублічы”. Вывозілася арганіка, якую будзем уносіць пад сяўбу кукурузы.
– Якая сёлета будзе структура пасяўных плошчаў?
– Ва ўмовах дэфіцыту мінеральных угнаенняў яе неабходна якасна палепшыць, падбіраць пад зерневыя найлепшыя папярэднікі. У структуры ворыўных зямель – а гэта 22426 гектараў – зерневыя і зернебабовыя па плане зоймуць 50 працэнтаў: 11300 гектараў, з іх вясной трэба пасеяць 8258. Лічба сур’ёзная, бо гэта больш чым у мінулым годзе амаль на 2 тысячы гектараў. Астатнія 50 працэнтаў плануецца заняць рапсам (15 працэнтаў), кармавымі адналетнікамі пад сянаж (5), кукурузай (10). Дваццаць працэнтаў адведзена пад шматгадовыя травы з перавагай бабовых – канюшыны, люцэрны, баркуну. Іх, напрыклад, можна ўбраць у жніўні і пасеяць потым азімыя зерневыя. Плануецца 3390 гектараў зернебабовых – зерневы гарох, лубін, віка.
– Праблема мінулых гадоў – недахоп падрыхтаванага ворыва…
– Графік працы будзе вельмі напружаны. Самыя вялікія аб’ёмы – у “Вялікадолецкім”, “Ільюшынскім” і “Глыбачанах”. А вось у ААТ “Дземенец” аб’ём веснавога ворыва толькі 50 гектараў – амаль усе плошчы, 1400 гектараў, мясцовыя земляробы запрацавалі восенню, што з’яўляецца добрым прыкладам гаспадарчага падыходу, бо вясной вельмі шмат работ, а тэрміны сціслыя. Усяго ж у гаспадарках з восені ўзнята зябліва на плошчы 7617 гектараў, да якіх неабходна дадаць вясной 7075. Сельгаспрадпрыемствам таксама неабходна тэрмінова завяршыць падрыхтоўку глебаапрацоўчых агрэгатаў: дыскатараў, чызеляў, барон. З улікам нормы дзённай выпрацоўкі і гатоўнасці наяўнай тэхнікі “Вялікадолецкае”, напрыклад, павінна справіцца з падрыхтоўкай глебы за 8 дзён, “Агра-Селішча” – за 8, “Ільюшынскі” і “Дземенец” – за 11. А вось “Глыбачанам” і “Кублічам” пры самых аптымістычных прагнозах на гэта патрабуецца адпаведна 23 і 25. Зразумела, што без дапамогі тут не абысціся.
– Што з трактарамі, іх гатоўнасцю?
– Іх у гаспадарках маецца 157 адзінак усіх мадыфікацый. Асаблівая ўвага, канечне, энерганасычаным – такіх у пасяўной будзе задзейнічана 31, з іх 17 ужо падрыхтаваны. Самая складаная сітуацыя ў гэтым плане ў “Глыбачанах” і “Арэхаўне”. Плануецца аказаць ім фінансавую дапамогу з бюджэту, бо самастойна з гэтай задачай ім не справіцца.
– Але ж ад падрыхтоўкі тэхнікі напрамую залежаць і тэрміны сяўбы.
– З улікам наяўнасці пасяўных агрэгатаў АПП-6, АПП-3, СЗ-4,2, СЗ-3,6 у гаспадарках раёна зараз пралічваюцца такія інтэрвалы часу сяўбы зерневых і зернебабовых: “Агра-Селішча” і “Дземенец” павінны ўкласціся ў два тыдні, нягледзячы на значныя плошчы не намнога большыя тэрміны ў “Вялікадолецкім” і “Ільюшынскім” – 17 і 18 дзён адпаведна. А вось, напрыклад, у “Арэхаўне”, дзе неабходна пасеяць звыш тысячы гектараў яравых зерневых і зернебабовых культур, маецца ўсяго адзін пасяўны агрэгат. Таму нават калі не будзе паломак і паспрыяе надвор’е, сяўба зойме не менш 36 дзён. Такіх тэрмінаў мы, канечне, не маем.
– Якое выйсце?
– Будзем перакідваць тэхніку, гаспадаркі будуць супрацоўнічаць. “Маяк- Ушацкі”, “Агра-Селішча”, “Ільюшынскі”, “Вялікадолецкае” і “Кублічы” зараз перажываюць перыяд уваходжання ў склад інтэграцыйнай структуры на базе Полацкага КХП, што дазволіць палепшыць іх забяспечанасць угнаеннямі, тэхнікай, узняцца на новы ўзровень вытворчасці. У бліжэйшыя дні на пляцоўку “Маяка-Ушацкага” павінны паступіць чатыры энерганасычаныя трактары К-744, ёсць сучасныя глебаапрацоўчыя агрэгаты. Будзе сфарміраваны мехатрад, які акажа дапамогу гаспадаркам у правядзенні пасяўных работ. Наогул, трэба адзначыць, што сельскагаспадарчая галіна знаходзіцца ў стадыі глыбокай рэформы. Працэдуру ліквідацыі праходзіць ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, у складзе якога знаходзіліся землі 6 былых гаспадарак – чвэрць сельгасугоддзяў раёна, якія неабходна будзе ўвесці ў абарот.
– Ці хопіць насеннага фонду?
– Для сяўбы яравых зерневых і зернебабовых культур неабходна 1730 тон насення, маецца 1701. У фізічнай вазе не хапае ўсяго 29 тон. Але з улікам кандыцыйнасці насення – усходжасці, засмечанасці – патрабуецца замена 381 тоны. Гаспадаркі, якія маюць некандыцыйны насенны фонд, заключылі дагаворы з іншымі сельгаспрадпрыемствамі на набыццё эліты і насення годных рэпрадукцый. Усяго плануецца закупіць эліты зерневых і зернебабовых культур не менш чым 140 тон. 55 ужо набыта.
– Ці ёсць праблемныя моманты ў арганізацыі работ?
– Патрабаванні губернатара на ўсіх нарадах – якасць работ. Нягледзячы на вопыт кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак, механізатараў, маюць месца выпадкі няякаснай працы. “Перарабляць” – гэта значыць павялічыць расход дарагіх рэсурсаў, траціць рабочы час. Механізатараў не хапае, таму з арганізацый і прадпрыемстваў раёна будзе прыцягнута каля двух дзясяткаў чалавек – патрабаванні па якасці высокія да ўсіх. Ажыццяўленне кантролю за ходам работ ускладзена на адказных асоб райвыканкама і райсельгасхарча, а належная іх арганізацыя – на кіраўнікоў гаспадарак.
– Якія яшчэ асаблівасці хуткай пасяўной кампаніі?
– 255 тон паліва выдзелена і размеркавана па гаспадарках. Асобная ўвага – спраўнасці сельгасмашын, трактароў, іх тэхнічнаму стану – яго агляд павінен праводзіцца перад кожным выездам. Норму высеву культур трэба ўстанаўліваць на пляцоўцы, а ў полі толькі праводзіць даводку, наладку. Каб не буксаваць, павысіць прадукцыйнасць працы і зэканоміць паліва, энерганасычаныя трактары павінны быць аснашчаны спаранымі коламі.
Вялікая ўвага надаецца глыбокай культывацыі, збору камянёў, з-за якіх выходзіць са строю дарагая тэхніка ў час нарыхтоўкі кармоў. Пры падсеве траў неабходна выкарыстоўваць толькі сеялкі СПУ і СЗТ, фосфарныя ўгнаенні пры сяўбе зерневых уносіць лакальна, не эканоміць на сродках аховы раслін. Напрыклад, пад рапс абавязкова трэба добра выраўнаваць глебу, каб павялічыць гушчыню парасткаў і хуткасць іх прарастання. У нашай справе шмат акалічнасцей і ўсе яны важныя, бо кожная ўплывае на канчатковы вынік.
Гутарыў Дзмітрый Раманоўскі.