Геннадий Качан — один из лучших механизаторов Ушаччины

Ими гордятся Сельское хозяйство Экономика и малый бизнес

Генадзь Віктаравіч Качан адзін з тых, на кім трымаюцца сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. У прыватнасці, КУСГП “Вялікадолецкае”, дзе ён працуе амаль тры дзясяткі гадоў. Выключнасць такіх вось работнікаў у іх надзейнасці і адказнасці. Сказаў – значыць зрабіў, папрасілі выйсці звыш вызначанага часу – абавязкова будзе. І што самае галоўнае – за імі не трэба сачыць ці пераправяраць.

У красавіку з культыватарам рыхтуе глебу, у маі падкормкай робіць больш дружнымі пасевы, у чэрвені варушыць граблямі зялёныя валкі… І прасцей пералічыць віды работ, на якіх Генадзь Віктаравіч не задзейнічаны. Зразумела, што пры наяўнасці ў “Вялікадолецкім” энерганасычаных трактароў і сучасных пасяўных агрэгатаў сеяць яму не даводзілася, а вось на ўнясенні ўгнаенняў, хімпраполцы, нарыхтоўцы травяных кармоў, адвозцы ад камбайнаў зерня і кукурузы яго МТЗ-82 і сам механізатар незаменныя. У цяперашні час, пакуль не пачаліся масавыя работы ў полі, Генадзь Віктаравіч падвозіць кармы на жывёлагадоўчыя аб’екты, і для гэтага ўстаць у 5 гадзін раніцы для яго зусім не праблема.

Правы трактарыста ён атрымаў яшчэ юнаком, адразу пасля школы, а за баранкай “жалезных каней” пачаў працаваць з 1989 года на роднай зямлі ў калгасе “Новае Жыццё” імя П.У.Броўкі, бо нарадзіўся і вырас у Казімірове. У “Вялікадолецкае” Генадзь Віктаравіч трапіў крыху пазней, калі стварыў сям’ю. “Хіба што месца жыхарства змяніў, а так зараз маладолецкія землі нашы, іх зноў апрацоўваю”, – адзначае механізатар.

Выдатна памятае, як пачынаў працаваць на трактары Т-25, праз некаторы час перасеў на навейшы. А калі ў гаспадарцы з’явіўся першы кормараздатчык, то даверылі яго менавіта Генадзю Віктаравічу. Да тэхнікі ён заўсёды адносіўся беражліва. Адным з першых атрымаў запаветны штамп у талон падчас нядаўняга тэхагляду ў гаспадарцы: механізатар на працягу ўсяго года агрэгат трымае ў належным стане, ведае ўсе патрабаванні, а таму і ніякіх нараканняў да яго не ўзнікае.

Аб іншай працы, не звязанай з сельскай гаспадаркай, ён ніколі ўсур’ёз і не думаў. Кажа, уцягнуўся, ды і наўрад ці дзе лепей атрымаецца. Вынікі ж раённых спаборніцтваў сведчаць – атрымліваецца вельмі добра. Неаднойчы ён займаў першыя месцы на выпрацоўцы эталонных гектараў сярод механізатараў на трактарах магутнасцю да 82 конскіх сіл. Свой прафесіяналізм у чарговы раз пацвердзіў Генадзь Віктаравіч і падчас жніва-2017. У ліку першых перавёз 700 тон зерня, стаўшы пераможцам раённага спаборніцтва. Гэта прытым, што не параўнаць яго МТЗ з больш хуткімі МАЗамі, якія да таго ж могуць перавозіць збожжа з прычэпамі.

“Надзвычай спакойны, ураўнаважаны і сціплы чалавек. Заўсёды гатовы прыйсці на выручку, падае прыклад астатнім, нават калі і не на самых першых пазіцыях!” – так адгукаюцца пра Г.Качана калегі.

Пра свой сямейны тыл мнагадзетны бацька расказвае з асаблівай пяшчотай. Яго жонка Святлана Міхайлаўна працуе медсястрой у Вялікадолецкай бальніцы, старэйшая дачка па прыкладзе маці таксама стала медыкам, адзін сын ужо студэнт, а яшчэ адзін вучыцца ў 8 класе. Хоць і нямнога выдаецца ў працаўніка сельскай гаспадаркі вольнага часу, правесці яго ён імкнецца зноў жа за работай, толькі на ўласнай сядзібе. У 2010-м стараннаму працаўніку сельгаспрадпрыемства выдзеліла прасторнае жыллё на адной з новых вуліц аграгарадка.

Стараннасць, надзейнасць і працавітасць не застаюцца незаўважанымі: неаднойчы Генадзь Віктаравіч быў у складзе дэлегацыі аграрыяў, якая прадстаўляла Ушацкі раён на абласных “Дажынках”, пастаянна ён уздымаецца на раённую сцэну падчас свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК, таксама яго прозвішча занесена на раённую Дошку гонару.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *