Кіраўнікі прафсаюзных аб’яднанняў працягваюць практыку выязных прыёмаў грамадзян. Месцам правядзення апошняга было абрана ААТ “Прамкамбінат”, бо Ларыса Вікенцьеўна Волкава ўзначальвае Віцебскую абласную арганізацыю Беларускага прафесійнага саюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў.
Але, як патлумачыў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў У.М.Круглік, да прававога інспектара можа звярнуцца грамадзянін ці работнік любога працоўнага калектыву, незалежна ад сферы дзейнасці. У гэтых мэтах прадстаўнікі Федэрацыі прафсаюзаў падключаюць да правядзення прыёмаў і мясцовых кампетэнтных спецыялістаў. Ва Ушачах, у прыватнасці, намесніка пракурора Ушацкага раёна Віталя Эдуардавіча Банеўскага. Магчымасцю задаць пытанне і атрымаць кансультацыю на гэты раз скарысталіся два чалавекі. Першае датычылася працаўладкавання: грамадзянін стаіць на ўліку ў цэнтры занятасці, у раёне ёсць вакансіі, блізкія да яго спецыяльнасці, аднак іх мужчына лічыць для сябе непрымальнымі. Яму параілі ўсё ж выбраць з таго, што ёсць ці аформіць ІП, бо адкрываць вакансію на незапатрабаваную спецыяльнасць пад канкрэтнага чалавека немэтазгодна. Другі зварот быў па тэме падаўжэння кантракта з пенсіянерам. Жанчыне патлумачылі, што гэта залежыць як ад кіраўніка прадпрыемства, так і ад кваліфікацыі працуючага, бо часта бывае, што замяніць работніка няма кім.
Таксама Л.В.Волкава і В.Э.Банеўскі правялі з прафсаюзным актывам раёна і семінар-нараду па пытаннях карупцыі. На гэтыя злачынствы людзі ідуць наўмысна, думаючы, што аб іх дзеяннях ніхто не даведаецца і ўсё сыдзе з рук. Часта з-за спакусы атрымаць нязначную суму чалавек губляе многае, у тым ліку работу і аўтарытэт. У нашым раёне таксама ёсць прыклады карупцыйных злачынстваў, летась яны мелі месца ў калектывах аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Ушацкага сельвыканкама і некаторых іншых. Л.Волкава адзначыла, што прафсаюзы таксама прыраўноўваюцца да пасадных асоб, а таму дадзеная тэма не губляе актуальнасці. Ларыса Вікенцьеўна абмеркавала з прафсаюзнымі лідарамі некаторыя важныя пытанні. Напрыклад, старшыня прафкама павінен абавязкова выбірацца на канферэнцыі, таксама ён не можа самастойна прымаць тыя ці іншыя рашэнні – толькі на пасяджэнні прафкама. Падчас семінару былі абмеркаваны і іншыя рабочыя моманты.
Вольга КАМАРКОВА.