Здоровые зубы — красивая улыбка

Здравоохранение

Захворванні поласці роту, вядомыя ў народзе як парадантоз, – распаўсюджаная з’ява. У пачатковай стадыі назіраецца запаленне дзясны (гінгівіт): мяняецца яе колер, губляецца пругкасць, паверхня згладжваецца, блішчыць. І калі напачатку крывацечнасць узнікае пры непасрэдным дакрананні, то пазней – і спантанна. Непрыемны пах з роту – яшчэ адна прыкмета гэтага захворвання.

Гінгівіт пераходзіць у перыядантыт – разбураюцца звязка, якая ўтрымлівае зуб у лунцы, і касцяная тканка, з’яўляюцца кішэні паміж зубам і дзясной, можа ўзнікнуць нагнаенне, зубы становяцца рухомымі.

Асноўнай прычынай запалення дзяснаў з’яўляецца “дзейнасць” мікраарганізмаў зубнога налёту. Цалкам іх знішчыць немагчыма, а вось зменшыць негатыўны ўплыў – рэальна. Зубы варта чысціць 2 разы ў дзень: пасля вячэры (перад сном) і раніцай (пасля сняданку). Мяняць шчотку трэба мінімум раз у 3 месяцы.

Пры захворваннях поласці роту перавагу варта аддаць лячэбна-прафілактычным зубным пастам, якія змяшчаюць антымікробныя, супрацьзапаленчыя і дэзадаруючыя рэчывы, фтор.

Лічыцца, што з дапамогай зубной шчоткі можна якасна ачысціць толькі даступныя паверхні зубоў (каля 60 працэнтаў). Для кантактных жа паверхняў спатрэбяцца зубныя ніткі-флосы. Не лішнім будзе выкарыстоўваць спецыяльныя ёршыкі для ачысткі міжзубных прамежкаў, ірыгатары, а таксама вадкія сродкі. Важным момантам гігіены з’яўляецца выдаленне стаматолагам зубнога налёту і каменя, паліроўку зубоў пастамі, якія змяшчаюць абразівы. Такія працэдуры рэкамендуюцца ўсім пацыентам не радзей 1 раза ў 6 месяцаў, а ў некаторых выпадках і часцей.

Не пускайце здароўе поласці роту на самацёк. Прафілактыка – аснова ў стаматалогіі.

Ж.РЫБЧЫНСКАЯ, зубны ўрач Ушацкай ЦРБ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *