Уладзіміра Фёдаравіча Шнітко можна лічыць пачынаючым “заатэхнікам”, падсобную гаспадарку ён, жывучы ў горадзе, не трымаў, а вось набыўшы домік ва Угрынках, купіў курэй пароды брама і на пазамінулым тыдні святкаваў пачатак яйканоскасці свайго маладняку.
Не аддзячыць за выдатны догляд куры проста не маглі. Гаспадар не толькі дасканала выконвае ўсе парады па развядзенні, аднак і песціць сваіх гадаванцаў. Увесь дробны ўлоў, які здабываў штодня, ён дарыў ім, прычым у запараным выглядзе. Такім чынам яго куркі мелі не толькі зерне, камбікорм, але і вітамінны далікатэс.
Уладзімір Фёдаравіч так жа адказна ставіцца да ўтрымання. Птушка заўсёды мае сухі подсціл з саломы ці сена, штучнае асвятленне (энергазберагальныя лямпы) не выключаецца і ноччу, а таксама куры па жаданні выходзяць на выгул у агароджаны загон ля хляўка. Для гэтага ўнізе памяшкання выразана адтуліна, якая прыкрываецца лёгкай гумавай завесай: куры здольныя самастойна выйсці і вярнуцца, а хлявок не стаіць адчынены. Звычайна гаспадар корміць курэй у загоне. Паколькі яны маларухомыя – зерне можна сыпаць непасрэдна на подсціл, такім чынам стымулюючы іх да мацыёну.
Брама – парода, якая мае шэраг пераваг. Можна сказаць, што гэта тры ў адным: мясныя (пеўні вагой да 5 кілаграмаў, курыцы 3,5-4), неблагія нясушкі (100-120 яек у год), а таксама дэкаратыўны від, які будзе ўпрыгожаннем сядзібы. І што яшчэ вельмі немалаважна, брамы з’яўляюцца выдатнымі квактухамі, якія цудоўна клапоцяцца як аб сваіх, так і пра чужых куранятах, аднак з-за вялікай вагі могуць падавіць яйкі, таму некаторыя гаспадары імкнуцца выводзіць іх у інкубатары.
Брамы дзеляцца на светлых, цёмных, палевых і курапатчатых, у залежнасці ад падвіду крыху мяняецца і вага.
Зацікавілася пытаннем, ці можна для скрыжавання парод падсадзіць да звычайных нясушак пеўня-браму.
На форумах-птушкаводаў гэтага не раяць, паколькі пеўні звычайна перадаюць патомству яйканоскасць і хуткаспеласць, а курыцы – вагу, такім чынам можа атрымацца невялікая па памерах птушка ў дадатак з горшай яйканоскасцю. Да таго ж вялікі певень можа паламаць удвая меншых за сябе курыц. А вось падсадзіўшы да курыц-брам звычайнага пеўня можна, эксперымент павінен парадаваць вас вялікай птушкай, якая і несціся будзе лепш за чыстапародных брам.
Вольга КАРАЛЕНКА.