В Ушачах прошёл районный конкурс «Танцевальная весна-2016»

Образование и молодежь

У мінулую суботу сцэна раённага цэнтра культуры і народнай творчасці пераўтварылася ў сапраўдную танцпляцоўку: свае харэаграфічныя здольнасці ў рамках традыцыйнага раённага конкурсу “Танцавальная вясна” тут дэманстравалі 8 калектываў.

“Давай яшчэ паўторым рухі!” – у чарговы раз рэпеціравалі і без таго ўжо адшліфаваны танец адны ўдзельнікі, а за кулісамі надзявалі касцюмы і надавалі апошнія штрыхі прычоскам другія. Здаецца, нават больш за саміх удзельнікаў хваляваліся гледачы ў зале – у асноўным бацькі і сябры танцораў.

Творчае спаборніцтва праходзіла па трох намінацыях: народна-сцэнічны, бытавы і эстрадны танец. Прычым, колькасць нумароў у кожнай з іх не абмяжоўвалася – члены журы мелі магчымасць убачыць усе грані таленту юных танцораў, ацаніць іх патэнцыял. Былі сярод удзельнікаў як навічкі, так і тыя, хто не раз ужо выступаў на вялікай сцэне. Да гэтай катэгорыі адносяцца і ўдзельнікі дзіцячага фальклорнага калектыву “Спадчына” Матырынскага СДК (кіраўнік Г.С.Рудзёнак), якія ўжо добра вядомы не толькі на Ушаччыне. На працягу апошніх трох гадоў у іх скарбонцы нямала перамог і паспяховых выступленняў на розных фальклорных конкурсах. А ў пачатку сакавіка стала вядома, што Міністэрствам культуры “Спадчыне” прысвоена званне “Узорны”. Аб значнасці гэтай падзеі сведчыць і той факт, што творчым калектывам раёна такое званне не прысвойвалася  з 2004 года. На “Танцавальнай вясне” на сцэну выйшлі старэйшая і малодшая групы “Спадчыны” і прадэманстравалі цудоўны бытавы танец, упэўнена атрымаўшы за гэта чарговую ўзнагароду.

Калектывы “Авантаж” (кіраўнік Ю.А.Казак) і “Маладзёжны квартал” (Д.П.Пенкальская) раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, “Фіеста” раённага цэнтра дзяцей і моладзі (кіраўнік Т.В.Лапёнак) аднолькава добра выступалі як са сцэнічнымі народнымі танцамі, так і з сучаснымі эстраднымі. Найбольшая колькасць нумароў была менавіта ў больш блізкай для канкурсантаў “эстрадзе”. Актыўна выкарыстоўвалі канкурсанты і разнастайны рэквізіт. Увогуле, стараліся паказаць сябе ва ўсёй красе! Прыемна, што пажадалі заявіць аб сабе і калектывы сельскіх устаноў культуры. Пад вясёлыя рытмы замежных хітоў выступілі ўдзельнікі Вялікадолецкага і Вяркудскага СДК. А вось юныя ўдзельніцы калектыву “Капрыз” раённага цэнтра дзяцей і моладзі (кіраўнік В.В.Пугачова) паказалі цэлыя пастаноўкі, увасобіўшы ролі рускіх прыгажунь і лялек.

Вельмі кранальным і прыгожым атрымаўся вальс выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік Н.В.Корнева). Але самую вялікую “порцыю” апладысментаў у гэты дзень атрымаў калектыў Вялікадолецкага СДК (кіраўнік В.Д.Смаляк), які таксама станцаваў вальс: эмоцыі ўсіх гледачоў і ўдзельнікаў літаральна зашкальвалі падчас вельмі прыгожага выступлення. “Гэта той узровень, якога жадае дасягнуць кожны, і які мы хочам бачыць! Просім, каб вы яшчэ раз прынеслі асалоду прысутным і выканалі свой танец на біс”, – адзначыла старшыня журы, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама М.А.Шаўчэнка. Бясспрэчна Сяргею Смаляку і Анастасіі Несцярэнка аддалі Гран-пры “Танцавальнай вясны-2018”. Першае месца ў намінацыі “эстрадны танец” адзінагалосна прысуджана калектыву дзіцячай школы мастацтваў, а ў намінацыі “народны сцэнічны танец” вышэйшую адзнаку атрымаў “Авантаж”. Не засталіся без узнагарод, гучных апладысментаў і іншыя ўдзельнікі конкурсу, для якіх галоўныя творчыя перамогі яшчэ наперадзе.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *