Ушацкае райспажыўтаварыства займае дамінуючую пазіцыю на рынку раёна, 52 гандлёвыя кропкі ў гарпасёлку і на сяле стараюцца задаволіць попыт патрабавальных пакупнікоў, у 216 малых населеных пунктаў прыязджаюць аўтакрамы. А месяц таму “поле дзейнасці” ўшацкіх кааператараў пашырылася: прадпрыемства цяпер абслугоўвае яшчэ і 15 магазінаў Полацкага і Глыбоцкага райспажыўтаварыстваў. Наколькі паспяхова, мы вырашылі высветліць, адправіўшыся да суседзяў.
Справа ў тым, што Ушацкае райспажыўтаварыства ўжо не першы год утрымлівае ўпэўненае лідарства сярод астатніх прадпрыемстваў спажывецкай кааперацыі вобласці па многіх пазіцыях, у той час як адпаведныя арганізацыі суседніх раёнаў не вытрымліваюць сур’ёзнай канкурэнцыі з боку буйных гандлёвых сетак кшталту “Еўраопта”, “Дыёніса” і іншых. Адпаведна не хапае абаротных сродкаў на набыццё тавараў, што выліваецца ў нізкі асартымент.
І калі ў гарадскога пакупніка ёсць выбар, куды пайсці за пакупкай, то вяскоўцы ў гэтым плане станавіліся ўсё больш абдзеленымі. Каб рэаніміраваць гандлёвае абслугоўванне на сяле, напрыклад, частку магазінаў спажыўкааперацыі Полаччыны далучылі да Верхнядзвінскага, Расонскага і Ушацкага райспажыўтаварыстваў. Не бяромся казаць за іншыя раёны, але ў тых магазінах, якія ў “свае рукі” ўзялі ўшачане, пакупнікі засталіся толькі ў выйгрышы.
Асартымент шырэйшы, цэны – ніжэйшыя
Варонічы можна смела аднесці да буйных населеных пунктаў, пастаянна пражывае тут больш за 400 чалавек, а ў летні сезон іх колькасць павялічваецца. Вясковы магазін знаходзіцца ў бойкім месцы ў цэнтры вёскі, якраз каля шашы. Прасторнае памяшканне, дзе хапае месца як прамысловым, так і харчовым таварам, ні адна з паліц не пустуе, а прадаўцы сустракаюць кожнага ў добрым настроі. А нагода для аптымізму ў іх ёсць – за апошні месяц сітуацыя ў гандлёвай кропцы кардынальна змянілася ў лепшы бок.
– Вы, пэўна, не паверыце, але паліцы ў нас раней былі паўпустымі, тавараў было вельмі мала, некаторыя выдавалі ледзь не паштучна на рукі! Не назіралася ніякага перадсвяточнага ажыятажу. Зараз аж самім не верыцца – шырокі асартымент, цэны сталі ніжэй – на розную прадукцыю ад 20 капеек да рубля, любы тавар можна заказаць, нават зерне ёсць, – расказвае прадавец Валянціна Мікалаеўна Хмяльніцкая.
– У гэтым магазіне працую 44 гады і мне ёсць з чым параўнаць, – далучаецца да размовы яе калега Надзея Паўлаўна Валенціёнак. – Апошнім часам склалася даволі сумная сітуацыя, адпаведна пакупнікоў станавілася ўсё менш. А зараз яны нават вачам сваім не вераць, заходзячы ў магазін, і кажуць: “У наступны раз з сабой болей грошай вазьму і ў аўталаўку не пайду!” Так, крама цяпер адносіцца да Ушацкага райспажыўтаварыства, а аўтамагазін пакуль заязджае полацкі, таму стараемся зацікавіць пакупнікоў.
Аб тым, што іх стала больш, сведчыць і тавараабарот: у складзе Полацкага райспажыўтаварыства за месяц тут атрымлівалі выручку не больш 5 тысяч рублёў, а за тры тыдні сакавіка паспелі нагандляваць амаль на 7700 і ўпэўнены, што даведзены план у 11 тысяч за месяц нават перавыканаюць.
Змены надаюць аптымізму
Нядрэнным асартыментам сустрэў нас і магазін у Заскарках. Насельніцтва тут значна менш, аднак побач знаходзіцца буйны жывёлагадоўчы комплекс філіяла “Вясна-энерга”.
– Здаецца, і нямнога тавараў, аднак неабходнае ёсць. Хлеб заўсёды свежы і завозіцца цяпер кожны дзень, шырэйшы стаў выбар “малочкі”. Усё, што мне сёння спатрэбілася, было ў наяўнасці – алей, мука, каўбаса, малако, ліманад і нават кукурузныя палачкі, – гаворыць адна з пакупніц магазіна ў Заскарках М.Хвошч.
“Гаспадарыць” жа тут малады абаяльны прадавец Лаліта Рубанік. Для мосарскай дзяўчыны, якая зараз жыве ў Наваполацку, адпрацоўка ў Полацкім райспажыўтаварыстве пасля заканчэння навучальнай установы стала своеасаблівым “курсам маладога байца”: адказвае не толькі за рэалізацыю тавараў, а і за чысціню ў магазіне, адзін выхадны ў тыдзень, а зарплата нізкая з-за малой выручкі. Апошнія змены надалі ёй аптымізму, усё часцей сталі адчыняцца дзверы крамы, у пакупнікоў з’явіўся выбар, адпаведна павялічылася і выручка амаль на трэць. “За паўгода работы не прыпомню, каб упакоўкамі куплялі мінералку і напіткі. Вельмі добра набываюць уласную прадукцыю райспажыўтаварыства. І калі многія па звычцы аддаюць перавагу полацкаму хлебу, то ўшацкія батоны, пячэнне і іншая выпечка разыходзіцца на “ўра”, – расказвае Лаліта.
Не супраць прамысловага магазіна
Вельмі задаволены зменамі ў гандлёвым абслугоўванні на тэрыторыі свайго сельсавета і старшыня Вароніцкага сельвыканкама У.Я.Высоцкі: “Ушацкае райспажыўтаварыства абслугоўвае тры населеныя пункты на нашай тэрыторыі, як прадстаўнік улады і як пакупнік магу сказаць, што адчуваецца істотная розніца паміж тым, што было і што стала. Скажу больш, мы былі б не супраць, калі б ушачане адкрылі і магазін прамысловых тавараў – пустуючае памяшканне для гэтага якраз ёсць у Блізніцы. Ведаю, што многія жыхары гэтага немалога населенага пункта ездзяць ва Ушачы, напрыклад, за будматэрыяламі і іншымі нехарчовымі таварамі. Упэўнены, што такая кропка карысталася б папулярнасцю ў нашых вяскоўцаў”.
Будзем апраўдваць давер
“Стаж” работы ў суседніх раёнах у райспажыўтаварыства пакуль невялікі, на стадыі вырашэння многія арганізацыйныя моманты, але як бачым, станоўчых водгукаў ужо нямала. Як адзначае старшыня праўлення Ушацкага райспажыўтаварыства Л.А.Долгая, для прадпрыемства гэта, канечне, дадатковая нагрузка, але кааператары будуць старацца трымаць высокую марку і абслугоўваць свае новыя гандлёвыя кропкі на высокім узроўні.
Вольга КАМАРКОВА.