Почти 15 лет сбором молока у населения Ушаччины занимается индивидуальный предприниматель Сергей Поляков

Экономика и малый бизнес

Штодня ў чатыры гадзіны раніцы, на самым золку, калі і сонца, бывае, яшчэ спіць, абуджаецца “Стаўр”. Такое быліннае імя дзесяць год таму прыватнаму прадпрыемству дала старэйшая дачка прадпрымальніка. А сёння яно на Ушаччыне асацыіруецца зусім не з наўгародскім баярынам, а з Сяргеем Пятровічам Паляковым, якога выдатна ведаюць у палове населеных пунктаў раёна. Той палове, дзе ён амаль пятнаццаць год займаецца зборам малака.

Ушацкім ён стаў толькі трыццаць год таму. Карэнны расіянін прыехаў разам з жонкай Вольгай Пятроўнай (Грак) пасля заканчэння Велікалуцкага сельскагаспадарчага інстытута на яе малую радзіму, хаця быў размеркаваны выкладчыкам у адзін з пскоўскіх тэхнікумаў. Не памятае, чаму так рашылі, аднак не шкадавалі ні тады, калі маладую пару цёпла сустрэлі ў “Ільюшынскім” добрымі пад’ёмнымі і домам, ні цяпер, бо адчувае сябе ў Жарах калі не баярынам, то гаспадаром, трывала стаячым на нагах. І ўжо не ўяўляе сябе служачым, які выконвае чужыя загады. “Калі нешта здарыцца з адным напрамкам дзейнасці, абавязкова прыдумаю нешта новае, галоўнае – не баяцца працаваць, тым больш што для развіцця сваёй справы на вёсцы заўсёды былі выгадныя ўмовы. Падаткі мы плацім па спрошчанай сістэме, раней па ўказе №6 прыгнаў грузавы аўтобус без “растаможкі”. А пасля прыняцця Дэкрэта №7 “Аб развіцці прадпрымальніцтва” распачаць сваю справу наогул проста. Напрыклад, для адкрыцця магазіна ўведзены паведамляльны прынцып, самастойна абіраеш рэжым работы, зняты шэраг абмежаванняў па ўтрыманні памяшканняў, паменела праверак і забаронаў”.

Многія з зайздрасцю паглядаюць на “заможных” прадпрымальнікаў, аднак далёка не кожны пагадзіцца памяняцца з імі месцамі. Тым больш паўтарыць шлях двух раённых фірм па зборы малака.

– Дабрачыннасцю гэта не назавеш, зразумела, што нейкі прыбытак я маю, аднак лёгкім хлебам – таксама, – гаворыць С.П.Палякоў, дзённае кола “аб’езду” якога складае 250 кіламетраў. – Раней толькі ў сваіх Жарах збіраў 800 літраў, а маршрут  быў у дзесяць разоў меней. Зараз няшчасную тону – з паловы раёна, кароў трымаюць адзінкі, падумаць толькі, у Кублічах ужо ніхто не здае малако. Акрамя вёсак нашага раёна пачаў заязджаць у Полацкі. На жаль, кіламетраж усё павялічваецца, а здатчыкаў усё менш, цяпер толькі 35. І добра, калі б жылі яны ў некалькіх населеных пунктах, а то па адным, два чалавекі на вёску. Аднак людзі чакаюць, многія з гэтага жывуць, і едзем, не зважаючы на дрэнныя дарогі і аддаленасць. Санстанцыя аднойчы прэтэнзію прад’явіла, маўляў, машына старая, мой вадзіцель не разгубіўся – відэа паказаў, па якіх дарогах маршрут ляжыць, і якой яна можа быць. Здзівіліся і ўвайшлі ў становішча.

У яго працуе два вадзіцелі-прыёмшчыкі, зараз часова на адной з машын ездзіць сам, чым выклікае ціхую незадаволенасць у некаторых не зусім сумленных здатчыкаў. Ведаюць, што Пятровіч брак не спусціць і літасцівым не будзе. Умее дзе жартам, а дзе і строгасцю дабіцца адзінага: тавар павінен быць з халадзільніка, чыстым, не разведзеным. І сёння аптымістычна паведамляе, што вяртання з-за скіслага малака ўжо не бывае, складаней дабіцца чысціні па антыбіётыках. Зараз і сельгаспрадпрыемствам, дзе малако з закрытага малакаправода трапляе ў халадзільнік, няпроста здаць добрай якасцю, ну а ад такой колькасці розных прыватнікаў!!! І колькі нервовых клетак спальваецца літаральна кожны дзень, пакуль чакае прадпрымальнік прысуду на Лепельскім камбінаце.

– Дзесяць хвілін напружання, а калі ўбачыш лабаранта са слоікам, сэрца ў пяткі апускаецца, каб толькі не да тваёй машыны пайшоў: калі аналіз дрэнны, бяруць паўторны адбор. Былі вылітыя партыі малака і ў нас. Спаленае паліва, якое, дарэчы, ніхто не выдае, як некаторыя думаюць, дарэмная работа вадзіцеляў, сорамна перад сумленнымі людзьмі. У такіх выпадках, зразумела, губляюць усе, і вельмі складана вызначыць прычыну. Часта бывае, чалавек і не ведаў, што ад яго прыйшоў антыбіётык. Аднойчы каля тыдня высвятлялі, аказалася – са спецыялізаванымі кармамі, якія прызначаліся для хворых цялят.

Раней многа біліся і за чысціню, і за ваду, жартоўныя сітуацыі былі. На прыборы, што паказвае шчыльнасць, С.Палякоў для прастаты “прагляду” меткі спецыяльныя выставіў: сінюю і чырвоную. І патлумачыў, што калі на першай арэометр спыніўся, значыць добра, калі на чырвонай – “кранты”. Робіць аднойчы аналіз, прыбор завальваецца да чырвонай, здатчыца хмурнее, а праз секунду радасна крычыць: “Пятровіч, “кранты” ўверх папаўзлі!”

За такі час работы С.Палякоў выдатна ведае людзей і па імёнах, і па характарах, умее самастойна, без прыцягнення іншых інстанцый вырашыць канфліктныя сітуацыі. І хоць гаворыць, што не займаецца дабрачыннасцю, уся яго дзейнасць па зборы малака па сутнасці і ёсць сацыяльная паслуга насельніцтву раёна.  Гэта ахвотна пацвярджаюць Ганна Дзмітрыеўна і Валерый Васільевіч Лемешы з Рыбакоў. “Двух кароў трымаем спецыяльна для дадатковага прыбытку, я на льготнай пенсіі, муж яшчэ працаздольны, таму не лянуемся. У нашай невялікай вёсцы лішкі не прадасі, таму з нецярпеннем чакаем “Стаўр”, які прыязджае прама да дому. Вельмі ветлівыя, прыемныя людзі, разлік па дзесяцідзёнках”, – гаворыць гаспадыня, якая і зараз здае праз два дні 100-110 літраў малака і з’яўляецца прыкладам у С.П.Палякова па падыходзе да якасці прадукцыі.

І ўжо чыстай дабрачыннасцю займаецца “Стаўр” у комплексным прыёмным пункце аграгарадка Ільюшына. Пустуючае памяшканне яму перадалі пад магазін з той умовай, што будзе выконваць і функцыі прыёмнага пункта. Яго прадавец прымае ў насельніцтва заяўкі на выклік цырульніка, рэалізуе тавары Полацкага “Дома быту”. Канечне, звяртаюцца да яго і па транспарт, калі паўстае жалобная хвіліна ці іншая нагода. Вёска заўсёды выйграе, калі ёсць у яе свой прадпрымальнік.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *