В районной библиотеке прошла творческая встреча с нашими землячками-поэтесами

Творчество наших земляков

Мінулы тыдзень у культурным жыцці Ушаччыны праходзіў пад знакам паэзіі. У яго рамках у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Е.Лось адбылося не зусім звычайнае мерапрыемства: на сустрэчу з землякамі завіталі дзве надзвычай творчыя жанчыны, адна з якіх – ужо вядомая ў раёне паэтэса, а для другой падобнае дзейства – своеасаблівы дэбют.

Вершы Л.М.Цяцеркі не раз друкаваліся на старонках нашай газеты. Іх ведаюць многія ўшачане, якім даводзілася мець зносіны з жанчынай. Зборнікі твораў Людмілы Мікалаеўны, хаця і з’яўляюцца “самвыдатам”, карыстаюцца нязменным попытам у чытачоў раённай бібліятэкі.

Між тым, сапраўдным літаратарам Л.М.Цяцерка сябе не лічыць. “Гэта надзвычай ганаровае званне, – кажа яна. – Я ж пішу толькі тады, калі штосьці рвецца з душы. У пэўным сэнсе я “нефармат”: не заўсёды ўлічваю рытм, мае радкі не кладуцца на музыку”.

Аднолькава проста, па словах Людмілы Мікалаеўны, даюцца ёй вершы на рускай і беларускай мовах. А ёсць і такія творы, дзе яны сумяшчаюцца, пры гэтым рыфмы захоўваюцца.

Піша Л.М.Цяцерка пра сябе, сваю творчасць, думкі. Шмат вершаў у яе прысвечана малой радзіме, землякам. “Ушачы – асаблівае месца! – кажа жанчына. – За сваё жыццё давялося многа дзе пабываць, але ўжо праз 2-3 дні ў іншай мясцовасці пачынала сумаваць. На радзіме і жывецца, і дыхаецца лягчэй! А яшчэ гэта лепшае месца для творчасці!”.

Ёсць у Людмілы Мікалаеўны і вершаваныя прытчы, легенды з прадуманым сюжэтам. Галоўная іх адметнасць, якую адзначаюць многія чытачы, – незвычайная мудрасць, “глыбіня”.

А вось з творчасцю другой удзельніцы сустрэчы, дырэктара Арэхаўскай школы Л.А.Булаўка ніхто з прысутных дагэтуль знаёмы не быў. Між тым, пісаць вершы Ларыса Аляксандраўна пачала яшчэ ў раннім дзяцінстве. “Бачачы, як падоўгу затрымліваецца на рабоце тата, а ўсе клопаты па доме кладуцца на плечы мамы, моцна перажывала – эмоцыі міжволі клаліся на паперу, – расказвае жанчына. – Зрэшты, пішу выключна простым алоўкам. Шарыкавай ручкай ці, скажам, фламастэрам нічога не атрымліваецца”.

Сярод твораў Л.А.Булаўка нямала вершаў пра сябе, блізкіх і школу, у якой працуе. Улічваючы ж асноўныя напрамкі дзейнасці апошняй, многія прысвячае тэмам аховы прыроды, патрыятычнага выхавання.

Ёсць у Ларысы Аляксандраўны і вясёлыя байкі, у якіх узнімае актуальныя праблемы сучаснасці. Любіць пісаць жанчына і прозу, аддаючы перавагу філасофскім разважанням пра малую радзіму.

Падчас мерапрыемства прагучала шмат цудоўных вершаў у выкананні аўтараў, іх успамінаў і аповедаў пра творчасць. Узгадваліся запамінальныя жыццёвыя падзеі, цікавыя выпадкі і здарэнні, якія нярэдка адбываюцца з творчымі людзьмі.  Былі таксама размовы пра сучасны стан беларускай культуры, мовы, чалавечых адносін.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *