Два диплома получил хор народного клуба «Ветеран» на зональном этапе областного конкурса «Не стареют душой ветераны»

Общество

Не старэюць людзі з гадамі,

Тыя, што гучна песні пяюць,

Бо душа ў іх маладая,

А сустрэчы хварэць не даюць!

Вось і зноў адбылася такая сустрэча. Нядаўна ў Міёры з’ехаліся ветэранскія хоры 11 раёнаў Віцебшчыны на занальны абласны конкурс клубаў “Ветэран” і ветэранскіх творчых калектываў у рамках 14-га рэспубліканскага фестывалю  “Не старэюць душой ветэраны”. У ім з радасцю прынялі ўдзел і мы. Цікава было назіраць, калі з аўтобусаў пачыналі выходзіць артысты, аказваецца, усе мы аднолькавыя: павольныя, крыху кульгавыя, але з агеньчыкам у вачах і бадзёрай усмешкай на твары. Нас гасцінна сустрэлі, мерапрыемства праходзіла ў школе мастацтваў, кожнаму калектыву адвялі асобны пакой для падрыхтоўкі. Нашы сцэнічныя касцюмы, крыху касметыкі і падбадзёрваючыя словы кіраўніка І.С.Клімавай заўсёды робяць цуд – мы маладзеем на добры дзясятак гадоў. Іна Сяргееўна так і называе нас ласкава – “хлопчыкі і дзяўчынкі”, нам прыемна і мы стараемся ніколі яе не падводзіць.

Конкурсны рэпертуар, дзякуючы прафесіяналізму нашага нязменнага кіраўніка і старанням маладога акампаніятара Кацярыны Зелянік, быў падабраны вельмі добры – песні пра Беларусь, жыццё і любоў. А ўдзельнік хору Аляксандр Курбака чытаў байку Ніла Гілевіча “Як я ўцягнуўся”. Час выступлення, канечне ж, быў абмежаваны, але мы паказалі здольнасці “Ветэрана” і адстаялі гонар любай Ушаччыны. Не перадаць гэтымі радкамі нашы эмоцыі і хваляванне: нам было прысуджана першае месца ў намінацыі “Харавыя спевы”, другое ў намінацыі “Мастацкае чытанне” заваяваў А.Курбака. Вельмі шчаслівыя, з двума дыпломамі і каштоўным падарункам вярталіся дадому. Мы вельмі ўдзячны кіраўніцтву раёна за падтрымку. Нашы новыя касцюмы ўсім вельмі спадабаліся, па-добраму зайздросцілі, напрыклад, нам суседзі-лепяльчане. Словы ўдзячнасці хацелася б адрасаваць і нашым ушацкім гледачам, якія падчас кожнага выступлення падтрымліваюць нас добрымі водгукамі і гучнымі апладысментамі. Прыемна, што наш калектыў папаўняецца і новымі ўдзельнікамі. Мы лічым, што песня – гэта добрая падтрымка ў жыцці тым, хто спявае, і тым, хто слухае!

З.ХВОШЧ, удзельніца хору народнага клуба “Ветэран”.

Фота Вольгі КАМАРКОВАЙ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *