Коррупция в «тёплых» креслах и не только

Закон - один для всех

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб барацьбе з карупцыяй”, Генеральная пракуратура з’яўляецца дзяржаўным органам, які адказвае за арганізацыю барацьбы з гэтай заганнай з’явай.

Як паказвае аналіз адпаведных злачынстваў, высокі ўзровень карупцыйнай рызыкі захоўваецца пры распараджэнні дзяржаўнай уласнасцю і маёмасцю дзяржаўных арганізацый (у прыватнасці, пры ажыццяўленні дзяржзакупак, закупак за кошт уласных сродкаў, выкананні дзяржаўных праграм), выдзяленні зямельных участкаў пад жыллёвае будаўніцтва, расходаванні бюджэтных сродкаў. Крымінальныя справы за злоўжыванне ўладай, перавышэнне службовых паўнамоцтваў, атрыманне хабару ўсё часцей з’яўляюцца прадметам разгляду ў судах.

Так, 21.02.2017 судом Ушацкага раёна вынесены прыгавор у адносінах прадпрымальніка з г.Мінска, а таксама дырэктара, намесніка дырэктара і галоўнага бухгалтара дзяржаўнага прадпрыемства “Полацкі вінзавод”. Названыя асобы арганізавалі і ажыццяўлялі закупку абсталявання для завода па завышаным кошце без фактычнага правядзення працэдуры закупкі, чым нанеслі ўрон прадпрыемству, які перавысіў больш чым у 19 000 раз памер базавай велічыні. Апроч гэтага, у мэтах ухілення ад аплаты сум падаткаў у падатковыя дэкларацыі ўносіліся лжывыя звесткі. Прыгаданыя пасадныя асобы пазбаўлены волі тэрмінам ад трох да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

У ходзе праверак пракуратурай выяўляюцца таксама шматлікія факты здзяйснення пасаднымі асобамі карупцыйных правапарушэнняў або правапарушэнняў, якія ствараюць умовы для карупцыі. Да такіх, напрыклад, належаць прыцягненне работнікаў і выкарыстанне службовага транспарту ў асабістых мэтах, выкраданне таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў і іншае.

Звычайным абывацелям часта здаецца, што карупцыя магчыма толькі з боку асоб, што зай­маюць так званыя “цёплыя” крэслы. Аднак варта адзначыць, што часам простыя грамадзяне становяцца “правакатарамі” злачынных дзеянняў у сферы карупцыі і самі пры гэтым здзяйсняюць злачынствы. Так, напрыклад, ва ўсе часы сярод студэнтаў і работнікаў знаходзіліся жадаючыя арганізаваць сабе пазапланавы адпачынак, аформіўшы фіктыўны ліст часовай непрацаздольнасці. Пры гэтым разлікам за паслугу можа стаць не толькі пакет з кофе і цукеркамі ці канверт з грашыма, а і аказанне якіх-небудзь паслуг – напрыклад, па рамонце жылля ці аўтамабіля. Дык вось, неабходна ўсведамляць, што Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь прадугледжана адказнасць не толькі за атрыманне (артыкул 430), але і за дачу хабару (арт. 341). А таму можа стацца, што і выканаўца, і заказчык “нявіннай” на першы погляд паслугі “адпачнуць” ад работы ў месцах пазбаўлення волі.

Н.АВАДНЁВА, памочнік пракурора Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *