У чацвер, 15 сакавіка, краіна адзначыла Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Да гэтай даты ва ўсіх куточках нашай дзяржавы праведзена патрыятычная акцыя “Мы – грамадзяне Беларусі!”. Актыўны ўдзел у ёй традыцыйна прынялі і ўшачане.
Напэўна, на ўсё жыццё запомняць гэты дзень васьмікласнік Ільюшынскай школы Юрый Жарнасек і дзевяцікласніца Дзіяна Герцык з Глыбачанскай. Менавіта гэтыя вучні – выдатнікі вучобы, грамадскія актывісты, пераможцы алімпіяд, творчых і спартыўных спаборніцтваў – у ліку 15 шчасліўчыкаў, якім 15 сакавіка давялося трапіць у Віцебскую абласную філармонію на адно з цэнтральных мерапрыемстваў узгаданага вышэй праекта. Пуцёўку ў дарослае жыццё падчас урачыстай цырымоніі ўручэння пашпартоў яны атрымалі з рук губернатара вобласці Мікалая Мікалаевіча Шарснёва (на здымку).
Падобнае дзейства прайшло ў гэты дзень і ў нашым раёне – на базе Ушацкай школы. З Днём Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь усіх прысутных павіншавала намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч. Звяртаючыся да маладых ушачан, яна зазначыла, што з гэтага моманту яны становяцца паўнапраўнымі грамадзянамі нашай краіны. “Перад вамі адкрыюцца ўсе жыццёвыя дарогі – і я ўпэўнена: яны будуць плённымі”.
Пад гучныя апладысменты Алена Васільеўна, а таксама старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі Ушацкага райаддзела міліцыі Дзяніс Міхайлавіч Пчолка ўручылі пяці маладым людзям пашпарты. Зрэшты, гэтая падзея для вучаніцы Ушацкай школы Святланы Макаравай стала знакавай удвая: у Дзень Канстытуцыі дзяўчына адзначае і свой дзень нараджэння. Нямала хвалюючых эмоцый панавала і ў душы Ганны Раманоўскай – клятву юнага грамадзяніна краіны, абяцанне вучобай, працай і справамі ўмацоўваць аўтарытэт і добрае імя Ушаччыны яна агучвала са сцэны роднай альма-матэр.
У гэты ж дзень некалькі школьнікаў нашага раёна папоўнілі рады самай масавай маладзёжнай арганізацыі – Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі. А.В.Пашковіч уручыла юнакам і дзяўчатам членскія білеты і значкі, пажадала актыўнага грамадскага жыцця, добрых спраў на карысць Радзімы, аптымізму і невычэрпнай энергіі.
Святочнага настрою мерапрыемству дадаў канцэрт, падрыхтаваны работнікамі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Напамінам жа аб урачыстасці для 14-гадовых ушачан стануць экзэмпляр Канстытуцыі нашай краіны і кніга “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”, якія яны атрымалі ў падарунак.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.