Сергей Алексеевич Ровба — мастер и художник, которого знают многие

Общество

Ён сышоў ціха, непрыкметна ў самым пачатку сакавіка. І вось ўжо 12 год, як няма сярод нас Сяргея Аляксеевіча Роўбы – мастака, разьбяра па дрэве, майстра пляцення з трыснягу. Чалавека, якому і немагчыма падабраць слушных характарыстык, каб апісаць усё, чым ён займаўся. Не вярніся ён у 1984 годзе на малую радзіму, наколькі бяднейшай была б сёння Ушаччына.

Яго ведалі, напэўна, усе. Немагчыма было не звярнуць увагі на барадача ў вышыванцы ці проста льняной кашулі, з-пад саламянага капелюша якога смяяліся блакітныя вочы. Нават калі Сяргей Аляксеевіч быў задуменны, вочы ўсё роўна іскрыліся ўсмешкай. Напэўна таму, што ўмелі бачыць хараство і ў пахмурным ранку, і ў навальнічнай сіні. Умелі прыкмячаць, прадбачыць: так і расціў з капаў свае ўнікальныя фігуры. Нагледзіць у лесе на дрэве цікавы нараст (кап) з вачыма, ротам, крышачку падправіць стамескай лінію ці расплюшчыць другое вока – і гадамі чакае, пакуль яго вядзьмарка вырасце. Складана ўявіць, як потым выцягваў іх з лесу. Менавіта Баба Яга самая вялікая рэч з капаў. Сядзіць зараз у куце музея Дома рамёстваў, каб не замінаць іншым творам майстра, у асноўным малых форм: люлькам, лыжкам, пацеркам, шкатулкам, вітым палкам для хадзьбы. Выразаў майстар нават скрыпкі, драўляныя скульптуры, сярод якіх і ўшацкі герб, наконт паходжання якога ў мастака быў свой погляд. Сяргей Аляксеевіч быў перакананы, што на ім не святы Лаўрэн, а рыбак са спецыяльнай рамкай-загонам, якую трымае за “вушы”.

Загнутыя карані, цікавая форма галін самі падказвалі кампазіцыю. І дзіўна, што С.Роўба памятаў не толькі пароды дрэў, але і месцы, дзе іх збіраў. Аднойчы падчас нашай размовы Сяргей Аляксеевіч высыпаў на падлогу вялізную каробку толькі з лыжкамі і прапанаваў самой выбраць падарунак. Складана было аддаць нечаму перавагу, настолькі разнапланавымі і цікавымі яны былі: для вымання клёцак з адтулінамі ці цэльныя, толькі з адмысловымі выявамі на ручцы; светла-жоўтыя з грушы ці бурштынавыя з акацыі. На мой выбар паўплываў аповед, што лыжка зроблена з дрэва з закрытага парку ў Пушкіне – горада студэнцтва маіх бацькоў. У маладосці Сяргея Аляксеевіча ўваход туды быў свабодны, ён любіў бываць там, маляваць, а пасля адной з навальніц прывёз у сваю ленінградскую кватэру многа нарыхтовак з пашкоджанай бурай акацыі.

Амаль усё сталае жыццё С.Роўба быў афарміцелем у паўночнай расійскай сталіцы. Адметны ж след у народнай творчасці пакінуў, калі вярнуўся на малую радзіму. Талент меў з дзяцінства, які прыкмячалі ў Плінскай школе. “Ён зрабіў такія малюнкі да байкі Крылова, што работа трапіла на конкурс за межы раёна, і з таго часу афармляў у школе толькі Сяргей Роўба”, – прыгадваў у сабраным вучнямі даследаванні пра майстра былы дырэктар і аднакласнік М.Н.Асташонак.

Любімым прадметам акрамя малявання была праца. І гэтае слова для яго не атаясамлівалася з прымусам. Ён заўсёды працаваў, творачы. Зямлю араў спецыяльна зробленай драўлянай сахой, дом сястры Марыі Аляксееўны Сідаровіч у Забораўне патынкаваў, пафарбаваў, а фундамент і вокны “адбіў” тоўстым каляровым канатам. З трыснягу навучыўся рабіць дываны, капелюшы. У яго руках нават яловы сучок ператвараўся ў барометр. Насупраць галінкі была прымацавана кардонная шкала, а сук, мяняючы ў залежнасці ад вільготнасці вугал, прадказваў, ці будзе навальніца.

Сяргей Аляксеевіч не проста адчуваў прыроду, але і многа ведаў пра побыт і асяроддзе продкаў. Ён быў малодшым у вялікай сям’і, дзе бацька-інвалід памёр, калі Сяргею споўнілася два гады. Каб пракарміцца, працавала не толькі маці, але і ўсе дзеці. Старэйшыя пасля прарыву блакады трапілі ў фашысцкі палон, а малы Сяргей вярнуўся з мамай у вёску, дзе ведаў кожны куточак.

Сяргей Аляксеевіч тварыў пераважна для сябе, аднак дзяліўся ўнікальнымі работамі з усімі, адным з першых прадстаўляў наш раён на “Славянскім базары ў Віцебску”. З біяграфіяй, творчасцю і, канечне, работамі Сяргея Аляксеевіча можна пазнаёміцца ў Доме рамёстваў. У новым памяшканні нарэшце стала магчымым выставіць многае, хоць і не ўсё, са шматграннай творчасці ўнікальнага майстра.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *