Як вядома, адна з галоўных умоў стварэння ўтульнасці ў доме – забеспячэнне жылля цяплом. Фактычна гэта і з’яўляецца асноўнай задачай Ушацкага філіяла “Віцебскпаліўзбыт”, які на працягу ўсяго года забяспечвае насельніцтва і арганізацыі цвёрдымі відамі паліва, аказвае паслугі па іх дастаўцы, распілоўцы і колцы дроў.
Па словах дырэктара Г.Р.Чабатара, заявак на паліва ў апошні час стала больш. У 2017 годзе рэалізавана 4677 кубаметраў дроў (у 2016-м было 4040) і 1245 тон брыкету (1011). Сёлета зноў назіраецца станоўчая дынаміка: 113-115 працэнтаў да ўзроўню адпаведных леташніх паказчыкаў. Зрэшты, большасць гаспадароў пачынаюць думаць пра цяпло менавіта ў халодны перыяд года – асноўная колькасць заявак паступае ў кастрычніку-лютым.
– Цяпер чаргі на паліва практычна няма, – расказвае Генадзь Рыгоравіч. – Па ўстаноўленых заканадаўствам нарматывах яго дастаўка можа ажыццяўляцца на працягу 30 рабочых дзён, а на льготных умовах (удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, інвалідам І і ІІ груп) – 15. На самой жа справе завозім максімум за тыдзень.
Дарэчы, прадпрыемства дастаўляе паліва заказчыкам сваім транспартам. Хто хоча зэканоміць, можа забраць яго самавывазам.
– А бываюць выпадкі, калі чарговасць парушаецца? – цікаўлюся ў дырэктара.
– Канечне, бываюць і пазаштатныя сітуацыі, – удакладняе Г.Р.Чабатар. – Тэлефануем заказчыку, інфармуем, што падышла яго чарга, а ў таго няма грошай – дастаўку ў такім разе прыходзіцца пераносіць на пазнейшы тэрмін.
З разуменнем ставяцца на прадпрыемстве і да тых, у каго паліва зусім не засталося. Такім людзям дастаўляюць яго ў першую чаргу – у дзень заяўкі ці, у крайнім выпадку, на заўтра.
Паліўная гаспадарка Ушаччыны працуе стабільна, забяспечваючы на сённяшні дзень 790 домаўладанняў дровамі і 437 – торфабрыкетам. Традыцыйна “закрывае” яна ФАПы, сельскія Дамы культуры, сельвыканкамы. Сёлета прадпрыемства выйграла тэндар на пастаўку 710 кубаметраў дроў для аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама (у Арэхаўскую і Кубліцкую школы). У бліжэйшых планах – “адкрыць” для сябе для наступнага забеспячэння палівам і іншыя арганізацыі.
Да слова, кошт прадукцыі, якую рэалізуе Ушацкі філіял “Віцебскпаліўзбыт”, за апошнія некалькі гадоў, нягледзячы на павелічэнне закупачнай цаны, не мяняўся. Ён па-ранейшаму таннейшы, чым у прыватнікаў (гаворка ідзе пра 4,9 куба дроў і 3,5 тоны брыкету, якія адпускаюцца насельніцтву па льготным кошце).
За дасягненнем добрых вынікаў стаіць штодзённая зладжаная работа невялікага, але дружнага калектыву. Тут заўсёды рады аказаць дапамогу кліентам, ісці насустрач іх запатрабаванням.
– Паліва хопіць усім жыхарам Ушаччыны, – падвёў вынік нашай сустрэчы Г.Р.Чабатар. – Быў бы попыт, а прапанову забяспечым! І, вядома ж, раю пачаць клапаціцца пра наступны халодны сезон ужо зараз, каб не кіравацца дэвізам нядбайных гаспадароў “З плеч – у печ”.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.