Уступілі ў сілу змены, унесеныя Законам ад 08.01.2018 года №95-З у КоАП і ПІКоАП Рэспублікі Беларусь. Пра найбольш значныя з іх, што датычацца дзейнасці падраздзяленняў па грамадзянстве і міграцыі, расказвае старшы інспектар ГПГіМ Ушацкага райаддзела міліцыі Дзяніс Міхайлавіч ПЧОЛКА:
– Фізічная асоба, прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці (скажам, за пратэрміноўку пашпарта), цяпер павінна аплаціць штраф не пазней аднаго месяца з дня ўступлення ў законную сілу пастановы аб яго накладанні (раней на гэта давалася пяць дзён). Калі ж у гэты тэрмін аплата не будзе праведзена, сума штрафу павялічыцца на 2 базавыя велічыні.
Калі чалавек, у адносінах якога вынесена пастанова аб адміністрацыйным правапарушэнні, адсутнічаў на разглядзе справы, копія названага дакумента яму павінна быць уручана ці выслана заказным пісьмом на працягу 5 дзён. Па хадайніцтве асобы пастанова можа быць накіравана і па сродках факсімільнай, электроннай ці іншай сувязі, у тым ліку з выкарыстаннем глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт.
Змяніўся таксама парадак абскарджання дзеянняў і рашэнняў пасаднай асобы органа, што вядзе адміністрацыйны працэс (гаворка ідзе пра скаргі, якія могуць быць пададзены на працягу тэрміну вядзення адміністрацыйнага працэсу і да вынясення пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні). Скарга на пастанову аб спыненні справы павінна быць пададзена на працягу 15 дзён з дня яе вынясення. Разглядаецца такая скарга ў пяцідзённы тэрмін з дня паступлення. Рашэнне ж па ёй з’яўляецца канчатковым і абскарджванню не падлягае.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.