У чым розніца паміж апавяшчальнікам угарнага газу і аўтаномным пажарным? У мяне ў доме ўстаноўлены апошні, гэтага дастаткова, яны выконваюць адны і тыя ж функцыі?
Адказаць на пытанне мы папрасілі галоўнага інжынера Ушацкага раёна газазабеспячэння ВУ “Полацкгаз” Я.М.Шапавалава.
– Хоць знешне гэтыя прыборы і падобныя, аднак выконваюць розныя функцыі. Пажарныя апавяшчальнікі, што стаяць у нашых дамах, фіксуюць задымленасць памяшкання і падаюць моцны сігнал, а апавяшчальнік угарнага газу аналагічным чынам рэагуе на ўтрыманне СО. Адзначу, што прыбор патрэбны і можа выратаваць чалавечае жыццё: паколькі ўгарны газ не мае паху, смаку і колеру, ён непрыкметны для чалавека. Таму ахвяры атручвання да апошняга моманту не падазраюць, што падвяргаюцца ўздзеянню ўгарнага газу. Пачатковыя сімптомы ад слабай да ўмеранай ступені атручвання падобныя на сімптомы грыпу (але без тэмпературы). Пры пападанні ў арганізм угарны газ злучаецца з гемаглабінам і блакуе падачу кіслароду ў клеткі. Пры канцэнтрацыі 1,2% чалавек губляе прытомнасць пасля двух-трох удыхаў, а памірае пасля трох хвілін.
Прыбор замацоўваецца на столі ў тым памяшканні, дзе знаходзіцца газавае абсталяванне. Калі ў доме толькі газавая пліта, наяўнасць апавяшчальніка ўгарнага газу неабавязкова.
На ўсе пытанні, звязаныя з работай прыбора і яго набыццём, вам адкажуць спецыялісты нашай службы па тэлефоне 5-71-04.
Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.