В ожидании новоселья. В Ушачах строят новое пожарное депо

Cлужба-101

Здаецца, яшчэ нядаўна ўшацкія выратавальнікі толькі марылі пра новую пажарную часць, а сёння гэта ўжо месца актыўных будаўнічых работ. Неабходнасць у новым пажарным дэпо наспела даўно: папярэдняе не дазваляла размясціць тут сучасную тэхніку, у тым ліку пажарныя 10-тонныя цыстэрны, сціплымі былі ўмовы дзяжурнага каравула (што немалаважна, калі работнікі суткі на службе), а кіраўніцтва аддзела, інспекцыя нагляду і прафілактыкі “туліліся” ў трох невялікіх кабінетах. Міністр па надзвычайных сітуацыях У.А.Вашчанка, наведваючы раён у кастрычніку 2016-га адзначыў, што пажарная аварыйна-выратавальная часць №1 у г.п.Ушачы патрабуе рэканструкцыі. Будоўлі папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа па ўзгадненні, афармленні дакументаў і арганізацыі іншых момантаў. Было вырашана пабудаваць новую часць на месцы старой. Дэмантаж будынка быў зроблены напярэдадні новага года, а менш чым праз месяц тут ужо з’явілася будаўнічая тэхніка. Тэндар выйграла адна з віцебскіх арганізацый, якая, дарэчы, праводзіла работы па рэканструкцыі пажарных часцей у Гарадку, Оршы, Талачыне і Верхнядзвінску.

Дакладнай копіі ўзводзімай часці ў Беларусі няма, знешне яна будзе крыху падобная на тую, што ў мінулым годзе ўвялі ў строй у Верхнядзвінску, аднак у цэлым праект нашы выратавальнікі рабілі пад сябе і прадумвалі кожны квадратны метр. Зрэшты, новае двухпавярховае памяшканне па плошчы будзе ў тры разы больш старога, але, як кажуць, нічога лішняга. На першым паверсе размесцяцца дыспетчарская, вучэбны клас, пакоі для адпачынку работнікаў і прыёму ежы, душавыя і санвузлы, майстэрня, падсобныя памяшканні, у тым ліку і для сушкі пажарных рукавоў. На другім прадугледжана размяшчэнне кабінетаў адміністрацыі і залы пасяджэнняў, таксама плануецца абсталяваць тут спецыяльны вучэбны кабінет, дзе можна будзе праводзіць заняткі з дзецьмі і абучаць іх правілам бяспечных паводзін. Прымыкаць да будынка будзе гараж, разлічаны на 4 пажарныя аўтамабілі.

– Гэта наша даўняя мара, жывём у чаканні наваселля. Вельмі хочацца, каб нашы супрацоўнікі неслі службу ў дастойных умовах. Новае пажарнае дэпо дазволіць больш эфектыўна выконваць задачы па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, – зазначае начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях С.Я.Аваднёў, які штодня бывае на будпляцоўцы, каб бачыць, як ідзе справа, а фотаздымкі будаўнічага працэсу становяцца своеасаблівым летапісам новага аб’екта.

Фінансуецца будоўля з інвестыцыйнага фонду Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і абласнога бюджэту. Работы  ідуць поўным ходам, не спыняюцца яны нават у моцны мароз і часам у выхадныя. На аб’екце шчыруюць муляры, ужо выведзены першы паверх. Падрадчык задзейнічаў на аб’екце як сваіх людзей і тэхніку, так і мясцовых бударганізацый. Яно і не дзіўна: тэрміны работ даволі сціслыя – здача аб’екта намечана на ліпень бягучага года. Новая часць стане сапраўдным падарункам выратавальнікам да двух юбілеяў – 165 год пажарнай службы Беларусі і 20 гадоў Міністэрству па надзвычайных сітуацыях, а таксама ўпрыгожыць наш гарпасёлак. Дарэчы, у цяперашні час гэта не адзіная будоўля ва Ушачах, дзе ўзвышаецца пад’ёмны кран – прадаўжаюцца работы па рэканструкцыі і пераўтварэнні былога будынка вучэбна-вытворчага камбіната ў дзіцячую школу мастацтваў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *