Грузавы аўтамабіль ля пад’езда аднаго з дамоў па вуліцы Савецкай у гарпасёлку. Няспешная пагрузка на яго мэблі, вялізных кулёў з адзеннем, іншымі рэчамі. Карціна, сведкамі якой на бягучым тыдні сталі жыхары мікрараёна ПМК-66, нагадвала звычайны пераезд. На самой жа справе тут разгортвалася дагэтуль не “апрабаваная” на Ушаччыне падзея – высяленне грамадзян, даўжнікоў па камунальных паслугах з камерцыйнага жылля без прадстаўлення іншага жылога памяшкання.
З роднымі братам і сястрой, што да ўзгаданага дня пражывалі ў двухпакаёвай кватэры, начальнік аддзела прымусовага выканання Ушацкага раёна А.В.Маслюк і юрысконсульт УП ЖКГ В.Э.Анкудовіч знаёмыя даўно. Пакуль была жывой іх маці, плацяжы за спажытыя камунальныя паслугі на рахунак камунальнай гаспадаркі паступалі. Калі ж жанчыны не стала, утварыўся доўг, які з 2016 года дасягнуў разам з пеняй 860 рублёў.
Маладыя людзі не мелі пастаяннага месца працы, перабіваліся выпадковымі заробкамі. Неабходнасць аплачваць камунальныя паслугі яны ўпэўнена ігнаравалі. Не клапаціліся і пра захаванне правілаў карыстання жылым памяшканнем, утрымлівалі яго ў антысанітарным стане. Колькі разоў ні нагадвалі гора-наймальнікам кватэры аб санкцыях, прадугледжаных заканадаўствам нашай краіны за падобныя вольнасці, колькі афіцыйных папярэджанняў не выносілі, да іх усё роўна не даходзіла. Не рэагавалі грамадзяне і на вынесеныя ім выканаўчыя надпісы. У выніку ў кастрычніку 2017-га УП ЖКГ накіравала ў суд Ушацкага раёна іск аб высяленні даўжнікоў з кватэры камерцыйнай формы ўласнасці без прадстаўлення іншага жылля. Ён быў задаволены і ўжо ўступіў у законную сілу. Брату і сястры быў дадзены час, каб самастойна сабраць рэчы і з’ехаць. Вось толькі і тут спяшацца яны не сталі…
У дзень высялення ў кватэры знаходзіўся (зрэшты, ужо незаконна!) толькі малады мужчына. Пускаць у памяшканне “няпрошаных гасцей” у асобе юрысконсульта УП ЖКГ і начальніка аддзялення прымусовага выканання ён не жадаў. “Перадумаць” дапамог візіт яшчэ і супрацоўнікаў міліцыі.
Усе рэчы, што знаходзіліся ў памяшканні, “пад пратакол” перавезены сіламі жыллёва- камунальнай гаспадаркі на тэрыторыю арганізацыі і змешчаны на захоўванне. Забраць пажыткі грамадзяне змогуць на працягу бліжэйшага месяца – вядома, пры ўмове, калі знойдуць магчымае месца іх дыслакацыі. Камунальнікам жа давядзецца яшчэ нямала папрацаваць, каб прывесці “вызваленую” кватэру ў нармальны выгляд – і на аднаго шчаслівага наймальніка сацыяльнага жылля на Ушаччыне ў хуткім часе стане больш.
Іншым жа даўжнікам трэба сур’ёзна падумаць: ці варта дзеля некалькіх рублёў “камуналкі” за месяц рызыкаваць дахам над галавой?! Па словах В.Э.Анкудовіч, апісаныя вышэй санкцыі цяпер будуць актыўна прымяняцца на Ушаччыне. Некалькі падобных спраў ужо падрыхтаваны для накіравання ў суд.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
Почему бы не помочь людям в трудной жизненной ситуации,попытаться их трудоустроить? И куда теперь этим новым бомжам идти,землянку копать?
Государство законно отжало квартирку, которую люди заработали в СССР. Если по справедливости, то выселять нужно, но с предоставлением более дешевого жилья