Жизнь в ритме танца Юлии Казак

Образование и молодежь

“Калі табе лёгка – значыць, займаешся глупствам” – такім дэвізам і ў рабоце, і ў жыцці карыстаецца Ю.Казак, маладая мама, кіраўнік харэаграфічнага гуртка раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, дзяжурная па зале фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы”. Упэўненасць у сваіх сілах, мэтанакіраванасць заўсёды дапамагалі Юліі ва ўсім дасягаць высокіх вынікаў, атрымліваць ад кожнага дня максімум пазітыву.

Займацца танцамі на прафесійным узроўні Юля марыла з дзяцінства. Яшчэ падчас вучобы ў Ільюшынскай школе яна наведвала харэаграфічны гурток у сельскім Доме культуры, якім “запраўляла” В.Логінава. І падчас выбару будучай прафесіі, дзяўчына ні хвіліны не сумнявалася – стала навучэнкай Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў. А ў 2010-м, пасля яго заканчэння, новаспечаным харэографам вярнулася на малую радзіму, дзе ёй даверылі адказную пасаду дырэктара Ільюшынскага СДК.

Неўзабаве Юлія выйшла замуж і разам з другой палавінай перабралася ва Ушачы. Не прымусіў сябе доўга чакаць і першы сынок Мікіта. Калі ён падрос, а час дэкрэтнага адпачынку Ю.Казак заканчваўся, ёй прапанавалі пасаду ў цэнтры культуры і народнай творчасці. “Займацца любімай справай – танцамі – ды яшчэ атрымліваць за гэта грошы?! Мне адназначна пашанцавала!” – зазначае малады харэограф. Зрэшты, не ў меншым выйгрышы аказаліся і прадстаўніцы групы “Авантаж”, кіраўніком якой яна стала. Уласным прыкладам Юлія натхняла дзяўчат на творчасць, пастаянную работу над сабой. А ідэй у яе было хоць адбаўляй! Напэўна таму без удзелу гэтага калектыву не абыходзілася амаль ніводнае раённае мерапрыемства, засвяціліся ўшацкія танцоркі і на абласной сцэне.

Народная пагалоска аб добрым прафесіянале хутка разляцелася па Ушачах. Менавіта таму з адкрыццём у райцэнтры фізкультурна-аздараўленчага комплексу пасаду “жаночага трэнера” па шматлікіх просьбах прадстаўніц прыгожай паловы прапанавалі менавіта Ю.Казак, хоць тая і знаходзілася ў другім дэкрэтным. Паколькі малодшаму Арцёму споўнілася толькі два, а заняткі па  пілатэсу і зумбе меркавалася праводзіць па вечарах, сабралі своеасаблівы сямейны савет – і муж, разумеючы, наколькі важна для яе займацца харэаграфіяй, пагадзіўся на гэты крок.

Занятасць на двух работах, пастаянныя трэніроўкі, тым не менш, не адымаюць Юлію ў блізкіх. Усёй сям’ёй яны любяць пакатацца на санках з горкі, з’ездзіць куды-небудзь на экскурсію ці проста пасядзець вечарам за вялікім сталом. Дарэчы, гаспадыня – яшчэ і кулінар зайздросны, радуе мужа і сыночкаў смачнымі стравамі. “Многія знаёмыя, гледзячы на маю фігуру, не вераць, што на кухні дазваляю сабе практычна ўсё. Захацелася торцік – варта сябе парадаваць, піццу перад сном – чаму б не?! Увесь сакрэт – у практыкаваннях, якімі “нагружаю” (хаця правільней усё ж “радую”) сябе штодня. Любоў блізкіх, а таксама да справы, якой займаешся, – лепшага рэцэпту для шчаслівага жыцця не прыдумаеш!”

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *