Гісторыя аднаго кахання

Общество

Што робіць адну сям’ю непадобнай на другую. Гісторыя сустрэчы, кахання, непаўторнасць адносін ЯЕ і ЯГО. А падобныя яны трываласцю, абдуманасцю самага важнага кроку. Такія гісторыі хочацца прапагандаваць, на такіх маладых хочацца любавацца. І чаму толькі маладых? Мабыць ужо сталых, мудрых, пражыўшых разам жыццё. Гісторыя кахання ёсць у кожнага. Мы задумваемся над збегам абставін, выпадковасцю ці наканаванасцю сустрэчы, якія прывялі да стварэння сям’і. Любім параўнаць, правесці паралелі і проста з задавальненнем паслухаць пра гісторыю кахання. І сумесны праект аддзела загса і рэдакцыі мы задумалі для таго, каб больш станавілася менавіта прадуманых крокаў, трывалых сямей. Каб нечая выпадковая гісторыя магла падказаць і даць магчымасць задумацца. Вы зможаце даслаць у рэдакцыю фотаздымак (не абавязкова вясельны) і гісторыю свайго кахання, ці гісторыю сваіх родных, а ў канцы наступнага 2010 года мы падвядзём вынікі і ўручым памятны падарунак пары з самай цікавай гісторыяй.

 

свадебнаяА распачаць рубрыку і конкурс хацелася б з пары Саковіч-Шышова невыпадкова. За час маёй практыкі рэгістрацыі шлюбаў гэты вылучаўся чысцінёй і прыгажосцю адносін не толькі маладых, але і іх бацькоў. “Сынок, мы прымаем цябе ў сям’ю, прымаем з чыстай душой і адкрытым сэрцам”, – казаў бацька нявесты, а ў вачах маладога стаялі слёзы. У непадробнасці, нефальшывасці пачуццяў я не сумнявалася ні на хвіліну. І радавалася за маладых, за сям’ю, у якой ужо ёсць трывалая сувязь паміж пакаленнямі.

 

Як усё пачыналася?

Пачатак іх адносін паклаў Полацкі вакзал. Яна ехала ў Віцебск да хроснай маці. Ён – дадому. Тры гадзіны ў электрычцы прагаварылі і не заўважылі іх. Было аб чым, бо агульных інтарэсаў… Вучыліся ў адным універсітэце – Віцебскім медыцынскім, хоць і на розных факультэтах, яна – на лячэбным, ён – на стаматалагічным. Для праходжання інтэрнатуры трапілі ў Наваполацкую гарадскую бальніцу. Жылі таксама ў адным інтэрнаце. Пазнаёміцца і сустрэцца Алена і Вячаслаў маглі намнога раней. Аднак, не перасякаліся іх дарогі, не лічачы таго дня, калі галоўны ўрач прадстаўляў усіх адзінаццаць урачоў, трапіўшых для праходжання інтэрнатуры. Праўда, Лена памятала юнака яшчэ па часе вучобы. Кажа, нельга было не прыкмеціць, бо ён мае 195 сантыметраў росту.

З таго вераснёўскага вечара на вакзале і пачалі сустракацца. Калі б яна не падышла і не павіталася, мабыць нічога і не было б. Аднак, як вядома, гісторыя не прымае ўмоўнага часу. І вясной гэта былі ўжо сур’ёзныя адносіны любячай пары. Вячаслаў вельмі спадабаўся бацькам Алены, у родзе Шышовых пераважна адны дзяўчынкі, таму сапраўды сустрэлі як сына. Па ён размеркаванні ён трапіў у Наваполацк, Лена мела мэтавае накіраванне ва Ушачы. Аднак, адлегласць толькі падкрэсліла, што ўжо не могуць адзін без аднаго. І дзень нараджэння Славы – 14 лістапада – стаў днём нараджэння іх сям’і.

А сям’я, як вядома, павінна быць разам. З новага года ўслед за жонкай ва Ушачы на працу прыязджае і Вячаслаў, маладой сям’і выдзелілі кватэру.

Вось такая гісторыя аднаго кахання. Спадзяюся, не, пераканана – з удалым працягам.

 

А.МАЛАШЧАНКА,начальнік аддзела загса.

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *