Каля шасці гадоў таму на агароднінасушыльным заводзе была запушчана сучасная высокапрадукцыйная лінія па разліве напіткаў. За гэты час сотні тысяч бутэлек з ліманадам і ўшацкай мінералкай сышлі з канвеера і раз’ехаліся па розных гарадах Беларусі. Нядаўна ў прадпрыемства змяніўся ўласнік, і на этыкетках цяпер значыцца, што вытворца – цэх безалкагольных напіткаў УП “Віцебская ўніверсальная база” ў г.п.Ушачы.
У ім стаіць салодкі пах ліманаду, а па канвееры “бягуць” жоўценькія бутэлькі з “Дзюшэсам”. Менавіта гэты напітак пасля выпраўлення пэўных непаладак у абсталяванні выпускалі на заводзе гэтымі днямі. Тым часам гатовыя ўпакоўкі з “Экзотыкам” вось-вось чакалі сваёй адгрузкі. Прадпрыемства па-ранейшаму працуе па адладжанай схеме, выпускаючы пяць відаў безалкагольных напіткаў – “Дзюшэс”, “Бураціна”, “Крэм-сода”, “Экзотык”, “Крушон” і, канечне, мінеральную ваду “Вечалле”, якой няма аналагаў у краіне.
“У нас сёння працуе ўсяго 18 чалавек і напярэдадні свята не магу не адзначыць, што многія абавязкі кладуцца менавіта на плечы жанчын. Напрыклад, як ніхто добра ведае ўвесь працэс вытворчасці і памятае, як завод працаваў яшчэ на старым абсталяванні, выпускаючы куды меншыя аб’ёмы, майстар цэха Таццяна Сямёнаўна Шылёнак – адна са “старажылаў” прадпрыемства”, – гаворыць галоўны інжынер Васіль Міхайлавіч Міхашонак.
А вось лабарант Галіна Сцяпанаўна Шайтар на вытворчасці навічок, але за паўгода ўжо добра асвоіла новую для сябе справу, паспявае не толькі правяраць, рабіць аналізы гатовай прадукцыі, а і дапамагаць калегам на лініі. Як след у цэху выконваюць сваю работу Ганна Пятроўна Кандраценка, Галіна Віктараўна Хмялеўская, Марына Іванаўна Смык. Хоць кожная з іх і адказвае за свой канкрэтны ўчастак, але працуюць зладжанай камандай і пры неабходнасці замяняюць адна адну.
“Наш ліманад самы смачны, а мінералка – самая карысная! Гэта не маркетынгавыя лозунгі, а рэальнасць. За якасць нам чырванець ніколі не даводзіцца”, – адзначаюць жанчыны.
Аб’ём вытворчасці зараз у сярэднім складае каля 76 тысяч бутэлек у месяц. Гэта нямнога, бо магутнасць лініі дазваляе вырабляць у разы больш – да трох тысяч у гадзіну. Прадукцыя адпраўляецца як на паліцы ўшацкіх магазінаў, так і ў розныя гарады краіны. Толькі збытам цяпер займаецца як цэх, так і непасрэдна ўласнік. Не за гарамі летні сезон, падчас якога па традыцыі павышаецца попыт на напіткі, а таму ўсе працаўнікі спадзяюцца, што работы ў іх прыбавіцца.
Вольга КАМАРКОВА.
На здымку: М.Смык, Г.Кандраценка, Г.Шайтар.