Анатолий Зимницкий

Личное подсобное хозяйство

Пабудаваць хату, пасадзіць дрэва, выхаваць дзіця. Усё гэта зрабіў Анатоль Нікіфаравіч Зімніцкі з Вялікіх Долец. Прычым, пераўзышоў такі абавязак чалавека, пра які гавораць у народзе.

Скажам, хата. Ён пабудаваў іх нават дзве. Першую – у Есяновіках, калі жаніўся. Справа ў тым, што ў сям’і яго бацькоў было чацвёра дзяцей. Да арміі Анатоль папрацаваў у паляводстве. Паслужыў. А калі вярнуўся, жаніўся на вясковай дзяўчыне Вользе. Паўстала задача – будаваць хату. І тут без вучобы не абышлося. Своеасаблі- вым настаўнікам стаў жончын дзед Лука Іванавіч Хадан. Быў канец 60-х, ніхто нікому жылля не даваў, маладыя, пераймаючы ўменне будаваць у старэйшых, рабілі сабе жыллё.
Зразумела, усё давалася няпроста. Нараджаліся дзеці. Гаспадарам трэба было працаваць. Анатоль Нікіфаравіч стаў вадзіцелем, Вольга Якаўлеўна – даяркай. І ім, і дзецям трэба было хадзіць на работу і вучобу за чатыры кіламетры – у Вялікія Дольцы. Выкручваліся як маглі. Пакуль бацькі на працы, за дзецьмі наглядвала цётка Вольгі Якаўлеўны. І вось аднойчы здарылася бяда. Загарэлася хата. А тэлефонаў у вёсцы не было. Так і пазбавілася сям’я жылля, з такой радасцю пабудаванага гаспадарамі. Пагаравалі, пагаравалі і вырашылі, што трэба жыць далей.
Будавацца наноў у Есяновіках ужо не хацелася. І Зімніцкія пачалі ўсё з нуля цяпер ужо ў Вялікіх Дольцах. У гаспадара быў, на шчасце, вопыт. Пяцьдзесят кубаметраў лесу даў тагачасны дырэктар саўгаса Іван Макеевіч Савін, якога няма, але якому сям’я ўдзячна да сённяшняга. Будаўнічая брыгада гаспадаркі зрабіла аснову, а потым ужо шчыраваў гаспадар. І сёння прыемна пабываць у Зімніцкіх.
Калі накіравалася шукаць іх дом, ніяк не хацелася верыць, што пабудовы і двор такія дагледжаныя менавіта ў людзей, якія трымаюць па сваіх гадах немалую гаспадарку. Нідзе ніякіх слядоў гэтага. Агародчык абгароджаны. Гаспадарчы двор – за высокімі дзвярыма. А справа ад уваходу ў хату – невялікі ўчастачак зямлі, дзе ходзяць па сцяжынцы карацейшым шляхам вяскоўцы. Гаспадар толькі што паганяў бульбу, гаспадыня пайшла яе “абхадзіць”, а ён прысеў на лавачцы, стаў гутарыць са мной. Побач ішлі людзі, віталіся з Анатолем Нікіфаравічам, цікавіліся здароўем. Справа ў тым, што асаблівай хваробы няма, але некалькі месяцаў як паламаў нагу, дык не можа ніяк вылечыць, бо пачалося абвастрэнне, давялося ляжаць у бальніцы.
– Наогул, каб і не нага, усё роўна, канечне ж, няпроста трымаць гаспадарку, – разважае Анатоль Нікіфаравіч, – толькі што разам з жонкай працуем дома, як бы адзін аднаму ў дадатак. А яшчэ і дзеці што-небудзь дапамагаюць. Вось і ў адной з дачок водпуск пачаўся, дык прыехала сена сушыць. А то ж немагчыма было. Скошаная канюшына ляжала колькі дзён, усё дождж ішоў.
Дзеці ў Зімніцкіх жывуць: адна дачка ў Бабынічах, другая ў Чашні- ках, сын – у Вялікіх Дольцах. Ёсць ужо трое ўнукаў.
Яшчэ калі жылі ў Есяновіках, ужо тады яны трымалі гаспадарку. Самі спраўляліся, але і дзеці-школьнікі, як маглі, дапамагалі. Тую ж карову дочкі даілі, свінням траву рвалі, наогул да ўсяго звыклыя. І цяпер Зімніцкія-старэйшыя не пазбаўляюцца сваёй міні-фермы, трымаюць гаспадарку. Карову, каня (на трох гаспадароў), чацвёра свіней, тры дзесяткі курэй, пятнаццаць індыкоў трэба дагледзець. Гэта толькі чалавек з сялянскай закваскай можа. Калі касіць трэба, то ўставаць даводзіцца ў чатыры гадзіны раніцы. І навязаць карову неабходна ўранні, іншай жыўнасці прыгатаваць есці.
Гэтая сям’я і не ўяўляе свайго жыцця без асабістай гаспадаркі. Больш таго, пажылыя людзі з сумам назіраюць, як маладыя вяскоўцы пераходзяць на гарадскі лад жыцця.
– Калі мы пераехалі ў Вялікія Дольцы, – гаворыць гаспадар, – дык 110 галоў кароў было, а цяпер вясной выгналі ў поле з дваццаці наяўных жывёлін сем. Пачалі радоўку адбываць, а потым і кінулі, сталі навязваць усе. Вось і няма статка.
Зразумела, каб трымаць жывёлу, трэба як след весці і агарод. Вось і ў Зімніцкіх гектар зямлі. У асноўным плошча пад травамі, 20 сотак занята бульбай, 20 – азімымі, 8 –кармавымі буракамі. І ў залежнасці ад таго, якая на якім участку зямля, тое і сеецца, і садзіцца. Вось за хатай гліністая глеба, дык гэта месца адведзена пад цімафееўку.
У Зімніцкіх ёсць чым сустрэць гасцей: перш за ўсё дзяцей, унукаў. Усё сваё: пачынаючы ад малака і мяса да закатак садавіны, бо маюцца парэчкі, агрэст. А вось вялікае дрэва абляпіхі ў двары амаль ссохла, бо няма яму пары, таму не расце.
– Трэба спілаваць, – гаворыць гаспадар, – навошта яно такое. Усё павінна зелянець, расці, жыццю радавацца.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.
На здымку: А.Н.Зімніцкі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *