Ветеран с милицейской элиты. Михаил Сабин связал свою жизнь со службой в органах МВД

Закон - один для всех К профессиональному празднику

Пагоні, засады… Бадай, такое ўяўленне складваецца ў абывацеляў пра работу ў крымінальным вышуку. Безумоўна, усё гэта мае месца. Аднак за кулісамі застаюцца доўгія допыты, стосы папер, якія трэба вывучыць, каб валодаць сітуацыяй. Як ніхто іншы ведае ўсе “падводныя камяні” ў рабоце падраздзялення М.М.Сабін – у крымінальным вышуку ён адпрацаваў больш за 10 гадоў.

Пасля заканчэння Ушацкай школы і службы ў арміі ў снежні 1977-га ён мэтанакіравана прыйшоў у РАУС. Пачынаў з пасады інспектара дарожнага нагляду. У 1980-м, падчас правядзення ў Маскве Алімпійскіх гульняў, быў адзіным прадстаўніком аддзела, які ўдзельнічаў у арганізацыі дарожнага руху. Некаторы час працаваў участковым, а ў ­1987-м мужчыну запрасілі ў аддзяленне крымінальнага вышуку, “выбіўшы” для яго праз Маскву званне капітана, што было звыш вызначанага. Новая пасада патрабавала глыбокіх ведаў, таму Міхаіл Мікалаевіч скончыў вышэйшую школу Міністэрства ўнутраных спраў СССР, ад оперупаўнаважанага даслужыўся да начальніка аддзялення.

Сёння, аналізуючы сваю работу, М.М.Сабін не ўтойвае: гэта перадавая служба ў структуры міліцыі, а людзей, якія працуюць тут, можна назваць своеасаблівай элітай. Менавіта яны першымі прыбываюць на месца здарэння і шукаюць злачынцаў. “Галоўнымі ў нашай рабоце былі і застаюцца ўважлівасць, настойлівасць. Апроч таго, “опер” павінен быць добрым псіхолагам з развітай інтуіцыяй”, – адзначае мой субяседнік.

У яго рукі траплялі самыя розныя справы: ад крадзяжу курэй і парсючкоў да крывавых забойстваў. І да ўсіх М.М.Сабін адносіўся надзвычай адказна – узровень раскрывальнасці на Ушаччыне быў адным з лепшых у вобласці і нават краіне. І гэта прытым, што напачатку працавала ў падраздзяленні ўсяго два чалавекі (акрамя М.М.Сабіна нёс службу А.П.Сцяржанаў)!

Часта даводзілася працаваць ноччу, у выхадны, заставацца на другія суткі, а падчас водпуску ці сесіі калегі – і па 40 дзён запар. Інакш нельга было, гаворыць мужчына. Калі бачыў, што можа выйсці на след, “адымаў” час у сям’і. Прыкра было падумаць, што злачынства пяройдзе ў разрад “вісякоў”.

У скарбонцы Міхаіла Мікалаевіча шмат раскрытых злачынстваў. Адной з самых гучных стала справа канца 90-х, калі ў Гарбаціцы было зной­дзена незаконнае сховішча спіртнога. Яго маштаб уражваў – кошту алкагольных напояў, якія захоўвалі на тэрыторыі нашага раёна “перавозчыкі”, – у асноўным жыхары паўднёвых краін, хапіла б на той час на пакупку ажно 10 аўтамабіляў “Жыгулі”. А самымі абсурднымі на памяці былога “опера” былі крадзяжы, што здзяйснялі суседзі: адзін краў у другога, больш таго, прадаваў гэта трэцяму.

Ліхія 90-я – усплёск злачыннасці – выпалі на час службы Міхаіла Мікалаевіча. Крадзяжы аўтамабіляў, жывёлы, грабяжы магазінаў… “Працуючы ў звязцы з іншымі службамі, мы раскрывалі цэлыя серыі злачынстваў”, – успамінае М.М.Сабін. Гэта быў час, калі ў тэхнічным плане аддзел быў слаба аснашчаны: не хапала машын (затое былі матацыклы “Урал”),  спецыяльнай крымінальнай тэхнікі і шмат чаго іншага. Аднак спрацоўвалі на станоўчы вынік.

– Я ніколі не накіроўваў на чалавека зброю, а вось на мяне – бывала, – прызнаецца М.М.Сабін. – Правапарушальнікі, у большасці выпадкаў нецвярозыя і неаднаразова судзімыя, часта спрабуюць “згладзіць” прэтэнзіі ў свой адрас, скажам, нажом… Я ж прывык спадзявацца выключна на сябе і сілу слова.

Не сакрэт: любая справа ладзіцца, калі ў сям’і пануе ўзаемаразуменне. З другой палавінкай Міхаілу Мікалаевічу пашанцавала. Жонка, Наталля Сцяпанаўна, ніколі не папракнула мужа за тое, што той дапазна прападае на службе.

Вялікую дапамогу ў станаўленні М.М.Сабіна як прафесіянала сваёй справы аказалі яго калегі А.П.Сцяржанаў, У.І.Іваноў, П.К.Курусёў, Г.А.Барадулька. У самога Міхаіла Мікалаевіча таксама нямала вучняў, за плячыма якіх шмат гадоў службы, вялікія зоркі і адказныя пасады: былыя работнікі С.А.Алабін, Л.М.Клачок, У.В.Ляхоўскі і іншыя. Набыць юрыдычную спецыяльнасць пажадалі і абодва сыны.

Пасля выхаду па выслузе гадоў на заслужаны адпачынак Міхаіл Мікалаевіч не сядзеў склаўшы рукі. Працаваў галоўным спецыялістам службы бяспекі ў цэнтры банкаўскіх паслуг №221 ААТ “ААБ “Беларусбанк” – дзякуючы яго прафесійным навыкам ва ўстанове не дапушчана крадзяжоў, а пакрыццё сродкаў па крэдытах складала 100 працэнтаў. Летась жа, калі трапіў пад скарачэнне штату, быў хутка “завербаваны” ў аддзяленне па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы Полацкага аддзела Дэпартамента аховы, дзе працуе і сёння. У паслужным спісе М.М.Сабіна – нямала ўзнагарод самага высокага ўзроўню. Але ж расказваць пра іх мужчына не любіць: сціпласць – яшчэ адна з рыс яго характару.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *