Мы ўжо паведамлялі, што вучаніца Ушацкай школы Злата Клачок трапіла сёлета ў лік пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах – у школьніцы дыплом ІІ ступені па беларускай мове і літаратуры. Для дзевяцікласніцы гэтае дасягненне – свайго роду дэбют, да якога быў доўгі і няпросты шлях.
З веданнем справы яна кажа, што каб аказацца ў ліку лепшых, аднаго жадання і схільнасці да роднай мовы недастаткова – трэба цярпліва назапашваць веды, умець не толькі гаварыць, але і думаць па-беларуску. У мэтанакіраванай дзяўчыны праблем з гэтым ніколі не ўзнікала.
– Любоў да прадмета яшчэ ў пачатковай школе мне прывіла першая настаўніца Тамара Рыгораўна Хамёнак, – расказвае Злата. – Даведаўшыся аб маім сёлетнім удзеле ў алімпіядзе, яна тэлефанавала, падтрымлівала. Удзячна і іншым настаўнікам-беларусазнаўцам – за гады маёй вучобы яны мяняліся, але ўсе давалі неабходны багаж ведаў.
З.Клачок усвядоміла галоўнае: каб мець поспех, трэба працаваць на апярэджанне – не толькі “штурмаваць” школьную праграму, але і знаходзіць дадатковую інфармацыю. Бо алімпіяда – гэта часта нестандартныя заданні, якія трэба разгадаць, дадумаць. Крок за крокам ішла яна разам з цяперашняй сваёй настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Ірынай Уладзіміраўнай Леснічэнка да пастаўленай мэты. Разам вывучалі спецыялізаваныя часопісы з заданнямі, дапаможнікі. Час ад часу заставаліся на дадатковыя заняткі пасля ўрокаў. І вынік не прымусіў сябе чакаць.
Па словах Златы, найбольш складаным аказаўся лінгвістычны конкурс, а самым простым – вуснае выказванне, якое дзяўчына аздобіла не толькі глыбокімі разважаннямі, але і вершам уласнага сачынення. Не ўзнікла праблем і з напісаннем водгуку: у свой час гэтаму яе навучыла вопытны “трэнер” алімпіяднікаў Вера Васільеўна Спірчонак.
– Злата – старанная вучаніца, – гаворыць пра сваю выхаванку І.У.Леснічэнка. – Сапраўды адораная ў класічным разуменні. У яе атрымліваецца многае, не толькі мой прадмет. Яна мае нестандартнае мысленне, жаданне ісці наперад, прычым, не проста вучыцца, а робіць гэта з цікавасцю, захапленнем.
Так, дзяўчына на высокім узроўні валодае беларускай мовай і літаратурай. Але ж будучыню плануе звязаць не з філалогіяй, а з медыцынай ці перакладчыцкай дзейнасцю. Такая вось яна рознабаковая!
Штогод Злата прымае ўдзел у фестывалі міжкультурных камунікацый (у апошні раз на раённым этапе стала прызёрам у намінацыі “Я аратар”). За актыўную грамадзянскую пазіцыю абрана сакратаром Маладзёжнай палаты Ушацкага раёна другога склікання. Займаецца кулявой стральбой – мае І разрад і разам з трэнерам Пятром Юльянавічам Варатынскім марыць аб ступені кандыдата ў майстры спорту. Летась скончыла харэаграфічнае аддзяленне дзіцячай школы мастацтваў, умее іграць на цымбалах. Да таго ж захапляецца посткросінгам – у калекцыі Златы звыш 170 паштовак, марак, манет не толькі з краін-суседак, але і з Паўднёва -Афрыканскай Рэспублікі, Тайваня. Любіць дзяўчына і пачытаць, аддаючы перавагу творам сусветнай літаратуры, – яшчэ пяцікласніцай адолела раман А.Дзюма “Тры мушкецёры” і так захапілася працэсам, што рэдка расстаецца з кнігай. Для душы час ад часу піша вершы, займаецца рукадзеллем – у раённым цэнтры дзяцей і моладзі наведвае гурток па шыцці мяккіх цацак.
І швец, і жнец, і на дудзе ігрэц – гэта пра Злату. Хочацца спадзявацца, што такая здольная і мэтанакіраваная дзяўчына паступіць у абраную навучальную ўстанову і знойдзе аптымальнае практычнае прымяненне сваім шырокім ведам і шматлікім талентам.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.