Смотр строя и песни в Ушачской школе

Общество

У мінулую пятніцу ва Ушацкай школе прайшло не зусім звычайнае свята – сапраўдны ваенны парад! Вучні ў адмысловых касцюмах пад гукі гімна Рэспублікі Беларусь выстраіліся ў спартыўнай зале ўстановы, дзе ў рамках месячніка абаронна-патрыятычнай і спартыўнай работы, а таксама акцыі БРСМ “Да абароны Айчыны гатовы!” ладзіўся агляд строю і песні.

З Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь прысутных павіншавалі дырэктар школы В.І.Клімашэўскі і намеснік ваеннага камісара па тэрытарыяльнай абароне Ушацкага раёна А.С.Захараў. Ацэньваць жа выступленні каманд акрамя Аляксандра Станіслававіча было даручана ветэрану педагагічнай працы С.Т.Белавусаву, які на працягу 28 гадоў выкладаў ва ўстанове пачатковую ваенную падрыхтоўку, і першаму сакратару райкама БРСМ Р.У.Півульскай.

Тон мерапрыемству задало яркае выступленне самых юных яго ўдзельнікаў – вучняў 4 “А” класа, якіх падрыхтаваў настаўнік фізічнай культуры і спорту, пачатковай ваеннай падрыхтоўкі А.С.Тарасеня. Трэба было бачыць, з якімі сур’ёзнымі тварамі чаканілі малышы крок, дэманстравалі свае навыкі па перастраенні, выконвалі страявую песню. А пазней з захапленнем назіралі, як усё гэта робяць іх старэйшыя таварышы, для якіх мерапрыемства – не проста ўрок выпраўкі, а адказнае конкурснае заданне. Зрэшты, да яго вучні 8-10 класаў рыхтаваліся не адзін тыдзень, што дазволіла ўдала справіцца з усімі практыкаваннямі.

Падводзячы вынікі агляду строю і песні, старшыня журы С.Т.Белавусаў адзначыў: “Школьнікі, а паказалі такі ўзровень валодання страявымі прыёмамі, што многія салдаты пазайздросцілі б”. Сяргей Трафімавіч адзначыў таксама, што быў прыемна здзіўлены таму, што большасць камандзіраў каманд – дзяўчаты, і ацаніў высокую арганізацыю конкурсу.

Па выніках агляду лепшымі сярод паралеляў сталі каманды 8 “В”, 9 “В” і 10 “А” класаў. У агульным заліку “золата” дасталася 9 “В”, “срэбра” – 10 “А”, “бронза” – 9 “Б”. Каманда ж 4 “А”, што выступала па-за конкурсам, атрымала ў падарунак ад райкама БРСМ смачны торт.

У народзе кажуць, што зямля можа накар­міць нас сваімі пладамі, напаіць вадой са сваіх крыніц, але не можа абараніць. Гэтая місія – святы абавязак чалавека, што жыве на ёй. Няма ніякіх сумненняў, што сённяшнія школьнікі, калі ў будучым узнікне патрэба, добра з гэтым справяцца.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *