В Ушачах открылся магазин «Доброном»

Торговля

Гандлёвыя кропкі ў фірменнай зялёна-жоўтай гаме з лозунгам “Дабраном – прадукты ў кожны дом!” ёсць ужо ў многіх гарадах нашай краіны, а напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны магазін названай гандлёвай сеткі расчыніў свае дзверы для пакупнікоў і ва Ушачах.

Размясціўся аб’ект на месцы былога цэнтра гандлю і паслуг, што насупраць раённага Дома культуры. Падрыхтоўчыя работы занялі менш двух месяцаў, у выніку чаго пакупнікоў сустрэла прасторная гандлёвая зала, абсталяваная па прынцыпе самаабслугоўвання. Усе секцыі тавараў размешчаны так, каб спажыўцы маглі лёгка знайсці неабходныя тавары, добра іх разгледзець. Бакалея, напіткі, мясныя і малочныя секцыі, дзіцячае харчаванне, хлебабулачныя вырабы, група прамысловых тавараў і іншае прадстаўлены вялікім асартыментам. Так што нават самы патрабавальны спажывец знойдзе тавар па смаку і кашальку.

У дзень адкрыцця ацаніць новы аб’ект гандлю сабралася нямала ўшачан, паток пакупнікоў не спыняўся аж да самага закрыцця.

– Прыемна, што ў гарпасёлку адкрываюцца новыя магазіны і ў нас ёсць выбар, куды пайсці. Цэны на асобныя прадукты не адрозніваюцца ад тых, што ў крамах райспажыўтаварыства – напрыклад, на “малочку” ці цукар, а вось фрукты, некаторыя іншыя прадукты тут крыху таннейшыя, – знаёмячыся з “Дабраномам”, аналізавалі цэны пакупнікі.

Дарэчы, штотыднёва ў магазінах гэтай гандлёвай сеткі праводзіцца акцыя “Добрая цана” – рад тавараў прапануецца па зніжаным кошце. Таксама дзейнічае і дысконтная праграма накапляльнай сістэмы, скідкі па якой могуць дасягаць да пяці працэнтаў.

З’яўленне “Дабранома” ва Ушачах – гэта не толькі больш шырокая магчымасць выбару тавараў, а яшчэ і новыя працоўныя месцы. Чакаюць жа тут пакупнікоў з 9 да 22 гадзін без перапынку на абед і выхадных.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *