Хаця на многіх сучасных комплексах па ўтрыманні буйной рагатай жывёлы зараз устаноўлена новае высокатэхналагічнае абсталяванне, цяжка параўнаць такія разнародныя рэчы, як, напрыклад, жывёлагадоўчы аб’ект і працэсар электронна-вылічальнай машыны. Але і там, і там часам здараецца збой сістэмы, калі ўсё пачынае працаваць не так, як патрэбна. І калі непаладкі ў камп’ютары выправіць даволі проста, нават “хірургічным” шляхам – замяніўшы працэсар, то ўпушчэнні ў жывёлагадоўлі балюча адгукаюцца стратамі надояў, прываг, недахопам фінансавых сродкаў. І выправіць становішча іншы раз бывае вельмі складана.
Нядаўна мы пісалі аб лакальных поспехах КУСГП “Глыбачаны”. У гаспадарцы не здзейснілі нейкага прарыву, але палепшылі паказчыкі і “плюсуюць” па вытворчасці малака і мяса. А вось у ААТ “Ільюшынскі” сітуацыя адваротная – стабільны “мінус” і адкат па ўсіх пазіцыях.
Падзенне ідзе не першы месяц, таму і гаворка аб сістэмным, а не часовым крызісе. Напрыклад, за студзень мінулага года гаспадарка атрымала 90,4 працэнта малака да ўзроўню 2016 года, сярэднясутачны ўдой на карову склаў 195 кілаграмаў, нізкай была і таварнасць – усяго 76,7 працэнта. А ў студзені бягучага года паказчыкі знізіліся нават да ўзроўню незайздросных мінулагодніх. За месяц атрымана толькі 164,3 тоны малака, у сярэднім ад каровы надоена усяго 148 кілаграмаў – 76 працэнтаў да узроўню 2017 года. Не трэба мець адмысловай заатэхнічнай адукацыі, каб падлічыць, што ўмоўная ільюшынская буронка ў студзені давала менш 5 літраў за дзень. Да прыкладу, на завячэльскім комплексе ДП “Маяк-Ушацкі” за гэты перыяд надоі склалі 306 кілаграмаў ад каровы. Параўнанне з апошнім прадпрыемствам, магчыма, можа падацца не зусім карэктным, бо яно не мае праблем з канцэнтратамі, якімі забяспечваецца з галаўнога прадпрыемства холдынгу, Полацкага камбіната хлебапрадуктаў. Тады прывядзём лічбы суседзяў ільюшынцаў, КУСГП “Вялікадолецкае” – за студзень у прыкладна аднолькавых умовах гаспадарання тут надаілі ў сярэднім 258 кілаграмаў малака ад каровы. У цэлым жа ў “Ільюшынскім” за 2017 год недаатрымалі амаль чвэрць малака да ўзроўню 2016-га – надой на карову склаў 2425 кілаграмаў або толькі 78 працэнтаў да мінулагодняга. Гэта нават ніжэй сярэднераённага паказчыка (2527 кілаграмаў) і значна менш лічбаў ААТ “Дземенец” (3855).
Нізкай у “Ільюшынскім” застаецца таварнасць – за першы месяц года на малочна-кансервавы камбінат здадзена ўсяго 78 працэнтаў прадукцыі. Лагічным будзе ўявіць, што астатняе малако ідзе на выпойванне маладняку і гаспадарка можа пахваліцца прывагамі буйной рагатай жывёлы. Але і тут лічбы не радуюць: 447 грамаў за суткі – зусім не зайздросны паказчык.
Зменшыўся і дойны статак. Зараз у ім налічваецца 1109 галоў – 93,1 працэнта да мінулагодняга. Між тым, гэта 33 працэнты ад пагалоўя кароў ва ўсіх гаспадарках раёна разам узятых. І, зразумела, нізкія паказчыкі “Ільюшынскага” цягнуць уніз і раённыя лічбы. Кароў трэцяя частка, а ўдзельная вага агульнага надою за студзень склала толькі 24 працэнты – вобразна кажучы, “губляецца” цэлая гаспадарка з колькасцю статка як ва ўмоўных “Глыбачанах” ці “Арэхаўне”.
Сельгаспрадпрыемства адчувае востры недахоп спецыялістаў ветэрынарнай і заатэхнічнай службаў, якія тут чамусьці надоўга не затрымліваюцца, таму няма належнага кантролю. Недаатрыманыя прывагі і малако “выліваюцца” ў адсутнасць сродкаў на набыццё канцэнтратаў, каб палепшыць становішча з надоямі, запчастак для рамонту трактароў і сельгасмашын, а пасяўная ўжо зусім хутка, не паспееш і азірнуцца.
Напачатку матэрыялу параўноўваліся лічбы першага месяца года. Між тым, заканчваецца ўжо другі, а паказчыкі зноў сумныя. Нязвыкла бачыць назвы малочнатаварных ферм “Ільюшынскага” ў канцы раённых зводак. Самыя нізкія сярэднясутачныя надоі ад каровы сярод усіх гаспадарак – сённяшнія рэаліі, а, здаецца, зусім нядаўна мы ставілі работу мясцовых жывёлаводаў у прыклад іншым. За дзве дэкады лютага надоена 93,6 тысячы кілаграмаў малака, у той час як за такі ж перыяд мінулага года было 139,4. Недаатрымана трэцяя частка прадукцыі нават у параўнанні з мінулым, падкрэслім – далёка не рэкордным годам. А калі падлічыць за апошнія два? Сістэмны крызіс у наяўнасці.
Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.