На тэрыторыі Ушаччыны зарэгістравана і дзейнічае 10 грамадскіх аб’яднанняў. Раённае аб’яднанне прафсаюзаў – самае шматколькаснае з іх, яно ахоплівае больш чатырох тысяч чалавек. На нядаўнім савеце арганізацыі былі падведзены вынікі прайшоўшага года і акрэслены асноўныя задачы на новы.
Справаздачу аб зробленым трымаў старшыня аб’яднання У.М.Круглік. На сённяшні дзень на Ушаччыне дзейнічае 58 пярвічных і 4 раённыя прафсаюзныя арганізацыі, якія прадстаўляюць 12 галіновых прафсаюзаў. У 2017 годзе былі створаны 2 новыя “пярвічкі” – у калектывах філіяла “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” і КУП “Маяк-Ушацкі”. На прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна прыняты 51 калектыўны дагавор. Але маюць месца выпадкі, калі прафсаюз створаны, а заключэнне калектыўнага дагавора зацягваецца.
Падчас штомесячных рэспубліканскіх прыёмаў грамадзян прававымі інспектарамі ФПБ за кансультацыяй і дапамогай звярнуліся 12 жыхароў раёна. Палітра іх пытанняў разнастайная – прымяненне кантрактнай формы найму, тэрміны выплаты зарплаты, выбар формы працоўнага дагавора і інш. Са снежня 2017 сталі праводзіцца прыёмы сумесна з памочнікам пракурора Ушацкага раёна. Гэты накірунак будзе развівацца і далей.
Не заставаліся ў баку прафсаюзы і ад уборачнай кампаніі-2017, з першых дзён жніва праводзіўся маніторынг забеспячэння хлебаробаў гарачым харчаваннем, спецадзеннем, заахвочвалі лепшых працаўнікоў. На працягу года ў полі зроку прафсаюза былі і пытанні аховы працы, выплаты заработнай платы, праводзіўся маніторынг цэн.
Прадоўжылася традыцыя правядзення дабрачыннай акцыі “Прафсаюзы – дзецям”. Напрыклад, на падрыхтоўку школьнікаў да новага навучальнага года з прафсаюзнага бюджэту было накіравана больш за 4 тысячы рублёў. У летні перыяд для зніжэння кошту пуцёвак у дзіцячыя аздараўленчыя лагеры выдзелена 3,5 тысячы рублёў. Падчас навагодніх святаў для дзяцей членаў прафсаюзаў, дзяцей з мнагадзетных, малазабяспечаных, няпоўных сямей і дзяцей-інвалідаў былі арганізаваны ранішнікі, наведванні на доме. Падарункі ад аб’яднання атрымалі дзеці дома сямейнага тыпу, хворыя з дзіцячага аддзялення ЦРБ.
Таксама на працягу года было праведзена нямала іншых мерапрыемстваў: суботнікі па добраўпарадкаванні тэрыторый прадпрыемстваў, помнікаў і мемарыялаў, конкурсы прафмайстэрства, упершыню ў раёне прайшла рэспубліканская грамадзянска-патрыятычная акцыя “Мы – разам!”, падчас якой былі ўшанаваны 7 працоўных дынастый і адзначана настаўніцтва ў трох арганізацыях.
Вопытам работы падзяліліся і прафсаюзныя лідары пярвічных арганізацый райспажыўтаварыства, райбальніцы, прафсаюза работнікаў АПК.
Многае зроблена, нямала спраў наперадзе. Гэта і стварэнне новых “пярвічак”, маніторынгі выканання палажэнняў калектыўных дагавораў, работа са зваротамі грамадзян, аздараўленне членаў прафсаюзаў і іх сямей, развіццё культурна-масавай, спартыўнай работы.
25 студзеня 2018 года Прэзідэнтам падпісаны Дэкрэт №1 “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва”. Прафсаюзы не застануцца ўбаку, бо працаўладкаванне грамадзян было і ёсць адным з самых галоўных пытанняў. Закладзеныя ў Дэкрэце механізмы забяспечаць роўную сацыяльную адказнасць усіх грамадзян без выключэння. Як адзначыў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі М.Орда, гэта справядлівы падыход. Калі хтосьці асэнсавана не плаціць падаткі, тады за яго плаціць хтосьці іншы, напрыклад, сумленны працаўнік завода – член прафсаюза. Кожны грамадзянін, які можа працаваць, павінен удзельнічаць у фінансаванні тых паслуг, якія атрымлівае. Пры ўвядзенні Дэкрэта неабходна прадугледзіць дадатковыя гарантыі занятасці для добрасумленных працаўнікоў. У прыватнасці, заканадаўча замацаваць падаўжэнне кантракту тым, хто пэўны час працуе без спагнанняў. Толькі такі комплексны падыход дасць дадатковыя стымулы да добрасумленнай і выніковай працы.
Вольга КАМАРКОВА.